Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Літва, Украіна й Расія разумеюць трагедыю, у нас — не»


«Літва, Украіна й Расія разумеюць трагедыю, у нас — не»
«Ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах пасьля смаленскай катастрофы абвясьцілі жалобу. У Беларусі — не. Чаму?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар
: «Пытаньне да кіраўніцтва, кіраўнікоў дзяржавы. А так я лічу, што кожны чалавек у Беларусі, кожны жыхар — ён перажывае. Гэтаксама, як у Расеі й паўсюдна. У мяне ў душы жалоба і ў сваякоў маіх жалоба. Гэта, канечне, вялікае гора».

Спадарыня: «Напэўна, не здагадаліся».

Спадар: «Трэба было абвясьціць жалобу і ў Беларусі. Такі выпадак — павінны ўсе спачуваць. Прэзыдэнта трэба спытаць, ён жа галава. Гэта няправільнае разуменьне пытаньня».

Спадарыня: «Наш правіцель у ніводнай сусьветнай сытуацыі не праявіў сябе як адэкватны палітык».

Спадар: «Жалоба больш тычыцца Расеі, бо яны ехалі на Смаленшчыну. А Беларусь не абвясьціла — дык абвесьціць яшчэ».

Спадар: «Лічу, што нам таксама трэба было абвясьціць жалобу — гэта ж нашыя суседзі. Ад прэзыдэнта гэта залежыць. Ён жа ў нас кіруе, і больш ніхто. Кепскія ў яго стасункі ў апошні час менавіта з Польшчай, зь яе кіраўніцтвам. А да людзей у яго заўсёды было ня вельмі добрае стаўленьне».

Спадар: «Я ня згодны з тым, што мы не абвясьцілі. На афіцыйным узроўні прэзыдэнт, пэўна, няправільна зрабіў. Усе мы спачуваем гэтай трагедыі».

Спадарыня: «Я неяк не прыслухоўвалася, што нашы не абвясьцілі жалобу — так што ня ведаю».

Спадар: «У Беларусі жалобу не абвясьцілі? Ды не, у нас і так шмат жалобных дзён».

Спадар: «Непавага да людзей з боку дзяржавы — гэта галоўнае. Калі Літва, Украіна й Расія абвясьцілі й разумеюць трагедыю, то ня ведаю, чаму ў нас урад гэтага не зрабіў. Людзі паважаюць сяброў. А калі няма сяброў, дык пра што тут можна казаць».

Спадарыня: «На мой погляд, гэта няправільна. Мы таксама павінны абвясьціць жалобу. Напэўна, такая пазыцыя ў дачыненьні да палякаў у нашага ўраду».

Спадар: «Мы ўсе спачуваем, незалежна ад таго, будзе абвешчана жалоба ці не».

Спадар: «Спачуваюць жа! У Менску прыходзяць да амбасады. А чаму афіцыйна не аб’явілі, ня ведаю».

Спадар: «Канечне, шкада — людзі загінулі, а тым больш — урадоўцы».

Спадар: «Я асабіста ў жалобе. За іншых адказаць не магу. Жалобу можна было абвясьціць, раз гэта зрабілі Ўкраіна, Расея й нават Літва. Лічу, што й мы маглі б абвясьціць».
XS
SM
MD
LG