Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча працягвае разьвітаньне з ахвярамі


У Польшчы працягваюць разьвітвацца з ахвярамы катастрофы прэзыдэнцкага самалёту, у якой 10 красавіка каля Смаленку загінулі 96 чалавек.

8 гадзін — прыкладна столькі трэба стаяць у чарзе да каралеўскага палацу у Варшаве, каб разьвітацца з прэзыдэнцкаю парай — удзень і ўначы тысячы людзей праходзяць каля трунаў з целамі Леха і Марыі Качыньскіх.

«У мяне зусім іншыя сустрэчы і пляны былі на гэты дзень, але кінуў усё і прыехаў. Доўга стаяць, але трэба, гэта абавязак — разьвітацца з прэзыдэнтам»

«Гэта страшна. Мне давялося перажыць варшаўскае паўстаньне, рэпрэсіі. За што ж гэта нам?!»

Каля 16-й гадзіны мясцовага часу ў Варшаву прыляцеў першы самалёт з парэшткамі 32 ахвяраў катастрофы — дагэтуль на радзіме былі толькі целы прэзыдэнцкай пары.

Тэрмін агульнанацыянальнай жалобы рашэньнем кіраўніцтва краіны працягнуты да нядзелі — у гэты дзень пачнуцца пахаваньні ахвяраў катастрофы. Прэзыдэнцкая пара будзе пахаваная у старажытнай сталіцы Польшчы — Кракаве, у замку Вавэль, дзе пахаваныя выбітныя палякі. Гэтае рашэньне выклікала спрэчкі ў польскім грамадзтве — некаторыя лічаць, што дзейны прэзыдэнт, нават трагічна загінулы, ня можа быць пахаваны разам з каралямі, Юзафам Пілсудзкім, Тадэвушам Касьцюшкам, Адамам Міцкевічам.

«У такіх сытуацыях мы павінны аб’ядноўваца, а не спрачацца. Спрэчкі нічога добрага не прынясуць» — сказаў мітрапаліт кракаўскі Станіслаў Дзівіш.

«Рашэньне было прынятае кіраўніцтвам каталіцкай царквы і роднымі прэзыдэнцкай пары, дзяржаўная ўлада ня мае на яго ніякага ўплыву», — заявіў у сваю чаргу Браніслаў Камароўскі, які выконвае цяпер абавязкі кіраўніка краіны.

Між тым, у Польшчы і за мяжой працягваюцца жалобныя мерапрыемствы у памяць пра ахвяраў трагедыі.

«Дазвольце мне падзякаваць ад імя ўсіх палякаў за салідарнасьць. Я бачу тут увесь Эўразьвяз, дыпляматаў з краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз. Нам патрэбнае яднаньне, яно дае сілы», — заявіў сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк.

У залі паседжаньняў Эўрапарлямэнту былі прачытаныя імёны ўсіх 96 ахвяраў.

У суботу на пляцы імя Юзэфа Пілсудзкага ў Варшаве будуць выстаўленыя труны з ахвярамі трагедыі, каб кожны мог зь імі разьвітацца.

А ў нядзелю на пахаваньне прэзыдэнцкай пары ў Кракаў прыедуць прэзыдэнты ЗША, Расеі, Францыі, Чэхіі, Украіны, Літвы, канцлер Нямеччыны.
XS
SM
MD
LG