Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заклапочана бескантрольным імпартам беларускіх прадуктаў


Як паведамляюць украінскія СМІ, адмыслоўцы-аграрыі катэгарычна супраць далейшага павелічэньня імпарту харчаваньня зь Беларусі, галоўным чынам мяса і цукру. Паводле міністра аграрнай палітыкі Міколы Прысяжнюка, такі інтэнсіўны ўвоз беларускіх прадуктаў нэгатыўна адаб’ецца на ўнутраным украінскім рынку і прынясе істотныя страты ўкраінскім вытворцам.

Так, згодна з афіцыйнай статыстыкай, леташні імпарт беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі склаў 69,77 мільёна даляраў ЗША, што амаль на 22% больш, чым пазалетась.

Паводле ўкраінскіх законаў, у гэтую краіну можна ўвозіць толькі мяса жывёлы, вырашчанай на тэрыторыі краіны-экспартэра.

«На жаль, большасьць праінспэктаваных намі беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў не выконваюць гэтыя нарматывы. Акрамя таго, нас хвалююць пытаньні дэмпінгавых цэнаў на беларускую жывёлагадоўчую прадукцыю», — адзначаюць у Міністэрстве аграрнай палітыкі Ўкраіны.

Сваю заклапочанасьць Прысяжнюк выказаў у часе сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Кіеве Валянцінам Вялічкам. Ён адзначыў, што ў яго ведамстве спадзяюцца на вырашэньне праблемных пытаньняў, а таксама на пашырэньне ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне АПК.
XS
SM
MD
LG