Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура не знайшла доказаў, што сьведку ў справе Аўтуховіча зьбівалі


Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка, а таксама іх адвакаты Павал Сапелка і Тамара Сідарэнка выказаліся супраць далучэньня да матэрыялаў справы вынікаў праверкі, якую правяла пракуратура паводле заявы сьведкі Аляксандра Козела аб зьбіцьці яго падчас сьледзтва.


Нагадаем, 25 сакавіка на допыт у суд быў дастаўлены з калёніі жыхар Ваўкавыску Аляксандар Козел, які ў справе Аўтуховіча выступае як сьведка. Козел адбывае пакараньне за падпал дома міліцыянта Сяргея Кацубы ў 2005 годзе. Сьведка прызнаў, што падпаліў дом разам зь сябрам Юрыем Арцюкевічам. Тое, што падпал нібыта замовіў Мікалай Аўтуховіч, сьведка не пацьвердзіў і заявіў у судзе, што ў міліцыі Ваўкавыску ў 2006 годзе, а потым у менскім сьледчым ізалятары ў 2009 годзе яго прымушалі агаварыць Аўтуховіча. Сьведка распавёў, як у ваўкавыскім ізалятары яго зьбівалі рукамі і нагамі, а ў менскім СІЗА падсадзілі да яго ў камэру крымінальніка, які пагражаў яму сьмерцю.

14 красавіка пракурор Эльдар Сафараў зачытаў дакумэнт з пракуратуры, паводле якога заява аб зьбіцьці сьведкі і аб пагрозах ягонаму жыцьцю не пацьвердзілася. Нібыта кантралёры ізалятара, міліцыянты, якія вялі сьледзтва, а таксама вязень Шкуратаў, які сядзеў у адной камэры з Козелам, далі падчас праверкі зьвесткі, згодна зь якімі ціску на Аляксандра Козела не было і яго не зьбівалі.

Пракурор Эльдар Сафараў сказаў, што ня мае падстаў не давяраць гэтым дакумэнтам і просіць далучыць іх да справы.

"У Ваўкавыску білі і б'юць арыштантаў. Такіх папераў яны могуць напісаць у тры разы болей", — сказаў Мікалай Аўтуховіч і выказаўся супроць далучэньня матэрыялаў да справы. Уладзімер Асіпенка таксама быў супраць: "Іншага выніку праверкі я і не чакаў", — сказаў Уладзімер Асіпенка.
XS
SM
MD
LG