Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анішчанка разглядае Беларусь як "перавалачную базу" для "Баржомі"


Генадзь Анішчанка

Генадзь Анішчанка

Генадзь Анішчанка — галоўны санітарны лекар Расеі і ён жа кіраўнік "Роспотребнадзора" — зноў незадаволены Беларусьсю.


Гэтым разам Анішчанка назваў санітарную службу Беларусі "самым слабым зьвяном" у Мытным саюзе Расеі, Беларусі і Казахстану. Чыноўнік перакананы, што з-за неразваротлівасьці Менску да 1 ліпеня бакам ня ўдасца ўніфікаваць санітарныя нарматывы і празь Беларусь на расейскі рынак хлынуць апальныя грузінскія віны і мінэралка, а таксама мясныя субпрадукты з амэрыканскага кантынэнту.

Генадзь Анішчанка выказаў незадаволенасьць узаемадзеяньнем з санітарнымі органамі Беларусі ў рамках стварэньня Мытнага саюзу. Ён лічыць, што да вызначанага міждзяржаўнымі пагадненьнямі тэрміну (саюз павінен паўнавартасна запрацаваць з 1 ліпеня 2010 году) нерэальна вырашыць спрэчныя моманты, якія ўрэшце могуць прытармазіць рэалізацыю амбітных задумаў. Пры гэтым, як заявіў Анішчанка, у трыюмвіраце санслужбаў самае слабое зьвяно — гэта беларускае падразьдзяленьне.

Згодна з папярэднімі дамоўленасьцямі, у Мытным саюзе ўсталёўваецца рэжым свабоднага перамяшчэньня тавараў і паслугаў, уключна з прадукцыяй двайнога прызначэньня. Анішчанка небеспадстаўна непакоіцца, што з фактычным скасаваньнем межаў аўтаматычна легалізуецца прадукцыя, на гэты момант забароненая да рэалізацыі на тэрыторыі Расеі. Тычыцца гэта перадусім грузінскіх вінаў і мінэральных водаў, малдаўскага вінаматэрыялу і апрацаванага хлёрным рэчывам курынага мяса з ЗША. Для Расеі праблема ў тым, што згаданыя пазыцыі цалкам адпавядаюць беларускім і казахстанскім санітарным патрабаваньням, а таму змогуць бесьперашкодна трапляць у расейскі гандаль — тавар, растаможаны ў Беларусі, па адзінай мытнай прасторы будзе перамяшчацца без абмежаваньняў.

Аналітык Анатоль Гуляеў лічыць, што пад шыльдай уніфікацыі нарматыўна-прававой базы насамрэч ідзе актыўны палітычны торг: пад каго пісаць адзіныя законы? Бо калі справа дойдзе да таго ж "Баржомі", на тэрыторыі краін-удзельніц мінэралку давядзецца альбо паўсюдна дазволіць, альбо цалкам забараніць:

Анатоль Гуляеў
"Ва ўсім гэтым значная доля палітыкі. Трэба прадэманстраваць, хто ў доме сапраўдны гаспадар. Дагэтуль Аляксандар Лукашэнка ўвесь час дэманстраваў, хто ў хаце сапраўдны гаспадар, і ў яго гэта вельмі часта спрацоўвала. І вось зь цягам часу расейскі бок папросту ўзяў на ўзбраеньне ягоныя мэтады".

Асоба Генадзя Анішчанкі выклікае нэрвовую рэакцыю шмат у якіх сталіцах. Нават у Расеі да галоўнага санітарнага лекара прыклеілася мянушка "палітычнага кілера", які выходзіць зь ценю падчас канфрантацыі Крамля з тым ці іншым рэжымам. Чатыры гады таму, на тле абвастрэньня расейска-грузінскіх адносінаў, па ўсёй Расеі распачалася кампанія забароны тавараў з Грузіі. Ахвярамі "Роспотребнадзора" сталі знакамітыя гатункі вінаў, мінэральныя воды "Баржомі" і "Набеглаві". Па тым жа сцэнары быў спынены імпарт малдаўскага віна — і таксама падчас палітычных непаразуменьняў Масквы з Кішынёвам. Летась з падачы ведамства Анішчанкі разгарэлася беларуска-расейская малочная вайна. Яе вынікам сталі дэмарш Лукашэнкі, які праігнараваў саміт АДКБ, і рэальныя захады дзеля аднаўленьня паўнавартаснай беларуска-расейскай мяжы.

Непаразуменьні на санітарным фронце лішні раз адцяняюць рознасьць падыходаў да паставак энэрганосьбітаў. Афіцыйны Менск настойвае, што ў адпаведнасьці з палажэньнямі Мытнага пагадненьня мае права на атрыманьне бязмытнай нафты з Расеі. Крэмль з такім падыходам не пагаджаецца і заяўляе, што не зьбіраецца гандляваць сабе на страту. Беларускі бок спрабуе падмацаваць свае аргумэнты праз Эканамічны суд СНД. Эканаміст Станіслаў Гусак перакананы: Беларусі ня трэба сьпяшацца ўступаць у розныя новаўтварэньні, выйсьці зь якіх будзе нашмат складаней:

Станіслаў Гусак
"Тут вельмі шмат пытаньняў, якія не стыкуюцца. І гэта ня толькі пытаньні энэргазабесьпячэньня дзяржаў. Гэта перадусім імпэрская палітыка Расеі, таму што яна будзе выкручваць з гэтага саюзу на сваю карысьць усё, што толькі магчыма. Трэба мець на ўвазе заўсёды спэцыфічную пазыцыю Крамля, бо калі выбудоўваць адносіны раўнапраўныя, то ў першую чаргу несьці страты будзе сама Расея. Так, яна ініцыявала Мытны саюз, але ня дзеля таго, каб потым ад гэтага прайграць. То бок выснова з гэтага адназначная: трэба перадусім думаць пра сябе, пра свае нацыянальныя інтарэсы, а ўжо пасьля — пра ўсё іншае, уключна з сумнеўнымі саюзамі".

Экспэрты лічаць, што тэарэтычна Масква можа "вытаргаваць" у саюзьнікаў права забараняць рэалізацыю асобных відаў прадукцыі на тэрыторыі Расеі. Аднак адмыслоўцы не сумняюцца, што ні Менск, ні Астана не аддадуць свае галасы задарма. А таму нельга выключаць "закулісных зьдзелак".
XS
SM
MD
LG