Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Машкевіч: "Для польскага народу гэта шок"


 Марыюш Машкевіч

Марыюш Машкевіч

Госьць Ранішняй Свабоды — былы пасол Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.


У Польшчы працягваецца жалоба па ахвярах суботняй авіякатастрофы пад Смаленскам, у якой загінулі амаль сто чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай. І мы працягваем нашую польскую тэму. Сёньня госьць нашага ранішняга жывога эфіру — былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.

Марыюшу Машкевічу 50 гадоў. Ён працаваў паслом да 2002 году. Аднак, вярнуўшыся ў Варшаву, ня страчваў сувязі зь Беларусьсю, часта наведваў краіну, дзе ў яго засталіся знаёмыя і сябры. Падчас падзеяў на Плошчы ў сакавіку 2006 году ён быў затрыманы беларускай міліцыяй і асуджаны на 15 сутак. Празь пяць дзён тады з падазрэньнем на інфаркт ён быў зьмешчаны ў менскі шпіталь, вызвалены датэрмінова пасьля пратэсту МЗС Польшчы.

Шупа: Спадар Машкевіч, ці можна сказаць, што катастрофа прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам неяк зьмяніла Польшчу? Што яна прынесла ў нейкім сэнсе такое прасьвятленьне, бо палітычныя ворагі зьмянілі звыклы востры тон на прымірэнчы, зьмянілася істотна стаўленьне да Расеі, а звычайныя людзі, можа, задумаліся пра сэнс штодзённага жыцьця. Ці адчуваеце вы такія настроі ў сёньняшнім польскім паветры?

Машкевіч: Я б не адказваў на гэтае пытаньне ў такім сэнсе, што здарылася нешта назаўсёды. Напэўна, тое, што адбываецца ў маёй краіне, — гэта беспрэцэдэнтна, ніколі такога не было і ніхто з нас такога ня бачыў. Можа, пяць гадоў таму мы пазналі гэта са сьмерцю Яна Паўла ІІ, нашага рымскага папы — паляка. Мы таксама некалькі дзён стаялі на вуліцах, запальвалі сьвечкі, маліліся. І зараз нешта нагадвае гэтая сытуацыя, тое, што было пяць год таму. Я ўчора праходзіў праз Варшаву з маімі сябрамі-журналістамі, у тым ліку з Расеі, з Масквы. Яны, як людзі з Расеі, таксама вельмі шакаваныя тым, што здарылася, і спачуваюць польскаму народу, польскім людзям. І яны глядзелі на гэтую сытуацыю ў Варшаве. Такога ніколі не было, і гэта сапраўды беспрэцэдэнтная сытуацыя.

Я думаю, што гэта, напэўна, паўплывае на палякаў, на псыхіку палякаў, псыхіку народу, і спадзяюся, што ў пазытыўным сэнсе паўплывае. Усе гэтыя дыскусіі, напэўна, будуць не такімі вострымі, як раней, і палітыкі будуць глядзець на сваю ролю ў палітыцы, у жыцьці зь менш вострымі падыходамі, з менш вострымі выказваньнямі.

Шупа: Спадар Машкевіч. Я паўтару слова "беспрэцэдэнтны", якое вы ўжылі. Гэтая трагедыя пад Смаленскам нанесла сапраўды беспрэцэдэнтныя страты найвышэйшаму эшалёну польскай улады. Як гэта можа паўплываць на расклад сілаў у польскай палітыцы?

Машкевіч: Гэта слова "беспрэцэдэнтнасьць" — яно ў тым сэнсе, што страта прэзыдэнта, сьмерць прэзыдэнта ў нас, у польскай гісторыі ХХ стагодзьдзя здаралася адзін раз — гэта забойства прэзыдэнта Нарутовіча, які за сем дзён да сваёй сьмерці быў абраны польскім прэзыдэнтам. Толькі такія параўнаньні прыходзяць у галаву. Гэта быў адзін чалавек — і гэта было вялікім шокам. А тут у нас здарылася так, што загінулі кіраўнікі шматлікіх дзяржаўных інстытутаў, ведамстваў. Для народу польскага гэта шок. Хаця стараюцца людзі, якія засталіся, каб усё нармальна функцыянавала, я маю на ўвазе такія ведамствы, як Нацыянальны банк Польшчы ці Войска польскае. Але такога не было, і мне здаецца, што сапраўды сьмерць прэзыдэнта можа паўплываць на расклад палітычных сілаў у нашай краіне ў тым сэнсе, што два кандыдаты зь дзьвюх разных партый — стопрацэнтныя кандыдаты, так магу сказаць, — ня будуць ужо выступаць як кандыдаты. Гэта зь "левых" Ежы Шмайдзіньскі і сам прэзыдэнт, які напэўна меўся балятавацца на пост прэзыдэнта ад кансэрватыўнай партыі. Паўплывае яна, мабыць, на рашэньне кіраўнікоў гэтых партый таксама.

Шупа: Спадар Машкевіч, яшчэ такое кароткае пытаньне. Ці заўважана ў Польшчы тое, што Беларусь не абвясьціла жалобу, як усе суседзі Польшчы, па ахвярах катастрофы?

Машкевіч: На жаль, заўважаецца. Мне вельмі шмат людзей задаюць пытаньне: чаму, калі ў Расеі так станоўча кіраўнікі дзяржавы адказалі на гэту сытуацыю, чаму суседняя Беларусь — не? Гэта праблема. Я імкнуся растлумачыць, што Радаўніца ў Беларусі, што самі індывідуальна людзі прыходзяць у амбасаду польскую, што людзі імкнуцца выразіць сваю салідарнасьць з народам. Але тое, што кіраўнікі дзяржавы гэтага не зрабілі — у сэнсе, абвяшчэньня жалобы — гэта, канечне, у Польшчы заўважаецца, у польскіх СМІ гэта прагучала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG