Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывем у вёсцы, як на бязьлюднай высьпе”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 14 красавіка 2010 году


Адна з галоўных тэмаў у нашай пошце апошніх тыдняў — набліжэньне выбараў у мясцовыя саветы. Выбарчая кампанія спакваля рухаецца да свайго фіналу — галасаваньня, прызначанага на 25 красавіка. Але многія людзі нічога ня ведаюць пра кандыдатаў у сваіх акругах і, навучаныя сумным досьведам мінулага, ня надта спадзяюцца на новых дэпутатаў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Яго аўтар Генадзь Асьцюкевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну піша:

"Пэнсіі ў нас такія, што ледзь зводзіш канцы з канцамі. Затое як добра ідуць справы ў прэзыдэнта! Ён то ў хакей гуляе, то на лыжах катаецца, то на роліках, то на вэлясыпэдзе...Такі спартовец, што ого-го... А колькі лядовых палацаў пры ім пабудавана!

Праўда, мы тут у вёсцы жывем, як на бязьлюднай высьпе. Сумна назіраць, што ўсё больш у нас жабракоў, беспрацоўных, людзей няшчасных, апушчаных. Хутка выбары, а каго, скажыце, выбіраць, калі загадзя відавочна, што ўсе, за каго нам прапануюць галасаваць, не рабілі, ня робяць і рабіць нічога ня будуць дзеля простага люду? Ім галоўнае — дарвацца да цёплага месца, а там хоць трава не расьці.

Цяпер у вёсках масава зачыняюць клюбы, бібліятэкі. Кнігарні ўжо даўно зьнішчаны. Перачытваем тое, што ёсьць у сваіх хатніх бібліятэчках.

А потым яны зьдзіўляюцца, чаму гэта ў нас у Беларусі так шмат п'юць. Нібы зь неба зваліліся. Цяпер зайдзі ў любую харчовую краму — таннай гарэлкі і так званага "чарніла" — хоць заліся. Гэта ў нас харчаваньне дарагое, а алькаголь — агульнадаступны.

Саўгасы і калгасы ў сваёй большасьці дыхаюць на ладан. Працы вельмі мала, заробкі — мізэрныя. Дык ці ня лепш, замест таго каб будаваць лядовыя палацы, сьпярша паклапаціцца пра вёску, стварыць тут людзям прыстойныя чалавечыя ўмовы? Стане краіна заможнай — тады будуй сабе палацы колькі ўлезе"
.

Слушныя, лягічныя развагі, спадар Генадзь. Але адкуль могуць зьявіцца новыя, іншыя дэпутаты — справядлівыя, энэргічныя, якія б клапаціліся не пра ўласную кішэню, а пра патрэбы тых людзей, якія іх выбіралі? І хто можа спыніць мясцовых начальнікаў, якія з году ў год падсоўваюць вам на выбарах ня тых, каго вы хочаце, а тых, хто зручны ўладзе? Наіўна спадзявацца, што хтосьці здалёк прыедзе да вас і нейкім чароўным чынам усё зьменіць — і прыстойныя ўмовы створыць, і ўладу памяняе, і клюбы ды бібліятэкі зноў адчыніць, і п'янства пераможа...

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў лічыць, што ў Беларусі ўлада ўжо фактычна пачала выбарчую кампанію, мэта якой — пераабраньне Аляксандра Лукашэнкі на чацьверты прэзыдэнцкі тэрмін. Слухач піша:

"На 25 сакавіка апазыцыя сабрала аж 3 тысячы чалавек! Мяркуючы па пошце “Свабоды”, што прыходзіць з правінцыі, прыгонны люд стогне ад мясцовых фэадалаў-чыноўнікаў. Відаць, менавіта таму бліжэйшы перадвыбарны год апазыцыя вырашыла правесьці пад лёзунгам эканамічных правоў простага грамадзяніна.

Увогуле, у любой колькі-небудзь нармальнай краіне ад Кіева да Прагі і ад Таліна да Сафіі ўся гэтая, так бы мовіць, "вэнэсуэльская панацэя", пошукам якой займаецца ўлада, ужо даўно выклікала б грамадзкае абурэньне. Але, на жаль, ня тут... Хутчэй за ўсё, у сакавіку 2011 году нас чакае чарговы "элегантны электаральны трыюмф"...

Асаблівасьць сьвету, які склаўся цяпер на ўсход ад межаў Эўразьвязу, у тым, што паўсюль тут просталюдзін пакутуе ад самавольства мясцовых прыгнятальнікаў-чыноўнікаў, але становішча фактычна нідзе не мяняецца (за выключэньнем хіба што Грузіі). Сама натура правінцыяла-просталюдзіна непазьбежна спараджае сваіх сельскіх "міні-чынгісханаў". Вясковы правінцыял ад Берасьця да кіргіскага Цянь-Шаня ў прынцыпе ня здольны на паводзіны горда-самадастатковых польскага ці грузінскага фэрмэра.

...Беларускі сярэдні чалавек ёсьць істота выключна каўбасна-практычная. Гэтая практычна-спажывецкая і раённа-местачковая сутнасьць беларускай натуры ня можа дапамагчы дэмакратам ствараць з гэтымі беларусамі чыста заходняе грамадзтва спажываньня"
.

Акцэнтую ўвагу, спадар Марціновіч, на вашай згадцы аб прыгнечаных кіргіскіх дэхканах зь Цянь-Шаня, якія, паводле вашай тэорыі, "у прынцыпе ня здольныя на паводзіны горда-самадастатковых польскага ці грузінскага фэрмэра". Разумею, свой ліст вы пісалі да таго, як гэтыя самыя дэхкане (ці іхныя дзеці і ўнукі зь Бішкеку), абураныя дыктатарскімі замашкамі прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які пачаў прызначаць сваіх сыноў на ключавыя пасады ва ўрадзе, падчас народнага паўстаньня на мінулым тыдні не пакінулі каменя на камені ад гэтага рэжыму. І як імкліва распалася ўся сыстэма ўлады, пабудаваная на прыгнёце, карупцыі і сямейнасьці…

Наш даўні сябар Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну даўно заклапочаны лёсам роднай мовы. У выніку шматгадовых назіраньняў і роздуму ён прыйшоў да высновы, што літаратурная беларуская мова ў сёньняшнім выглядзе нежыцьцяздольная, а арыентавацца беларусам варта на так званую "трасянку". Слухач піша:

"Сярод мізэрнай нашай эліты цяжка знайсьці беларушчыну. Беларуская мова там калі і жыве, дык толькі літаратурная, сухая, на паказ. А вось у народзе — "трасянка", мат ды натуральная (хаця і скалечаная) гаворка. Літаратурную мову насадзіць ці неяк прыўнесьці ў жыцьцё наўрад ці рэальна. Тут нам, беларусам, неяк разам трэба быць, каб выжыць. Сіл у нас мала — гэта варта добра памятаць і ўжо з гэтага зыходзіць, намагаючыся хаця б проста заставацца беларусамі, дзе гэта магчыма — хаця б на могілках.

На літаратурнай мове народ гаварыць ніколі ня стане — навошта гэтыя марныя патугі? (Яны, можа, нават і шкодныя). На сёньня рэальна існуе і гучыць у народзе "трасянка". Народ урэшце створыць сваю мову сам — у нашым выпадку трансфармуе тое, што ёсьць. А ўдасканальваць трэба літаратуру, вяртаць праўдзівую гісторыю і г.д."
.

Наконт нежыцьцяздольнасьці літаратурнай мовы і пэрспэктыўнасьці "трасянкі" — спрэчнае сьцьвярджэньне, спадар Алесь. Мова ў сучасным сьвеце — жывы, вельмі рухомы і зьменлівы арганізм. Прычым выключная роля ў адраджэньні ці, наадварот, заняпадзе і сьмерці мовы належыць дзяржаве. Часам жыцьця ўсяго некалькіх пакаленьняў дастаткова, каб адрадзіць мову зь нябыту, альбо наадварот — цалкам зьнішчыць тую гаворку, што жыла і разьвівалася. На пачатку мінулага стагодзьдзя старажытная мова габрэяў — іўрыт — існавала хіба што ў пісьмовых рэлігійных помніках. Яна лічылася мёртвай на працягу 18-ці стагодзьдзяў. А сёньня на ёй размаўляюць, пішуць, чытаюць шэсьць мільёнаў грамадзянаў Ізраілю. Іншы прыклад — мова эўрапейскіх габрэяў, ідыш (якая, дарэчы, да вайны была вельмі распаўсюджаная і ў Беларусі, надпіс на ёй быў нават на дзяржаўным гербе БССР, што існаваў да 1937 году). Дык вось, на пачатку ХХ стагодзьдзя на гэтай мове размаўлялі каля 11 млн. габрэяў па ўсім сьвеце. Але пасьля таго як Дзяржава Ізраіль зрабіла выбар на карысьць іўрыту, мова ідыш фактычна вымерла. Варта заўважыць, у першыя гады існаваньня Ізраілю палітыка ўкараненьня іўрыту была выключна жорсткай.

На заканчэньне — ліст Марыны Лысюк зь вёскі Лескаўка Менскага раёну. Слухачка ўспамінае перажытае, дзеліцца меркаваньнямі пра сёньняшні дзень. Яна піша:

“Сардэчна люблю беларускую “Свабоду” і нашу мову, але пісаць вымушана па-расейску: адвучылі, дый сорамна за памылкі. Калі б ня ваша перадача, дык жыцьцё стала б зусім шэрым. Толькі вы і падтрымліваеце надзею, што браткі-беларусы калі-небудзь узьнімуцца з каленяў.

Мне 66 гадоў. Столькі гора і пакутаў бачыла на нашай шматпакутнай зямлі, што ёсьць унутраная патрэба камусьці пра гэта расказаць. Напрыклад, вось што ўспаміналі мае бацькі. Яшчэ прадзед пачаў судзіцца з князем Радзівілам за зямлю. А дзед суд выйграў. А што творыцца ў цяперашніх лукашэнкаўскіх судах? Паспрабаваў бы просты чалавек выйграць суд у сёньняшняга магната, надзеленага ўладай і багацьцем…Пра гэта можна расказваць хоць тры дні.

…22 чэрвеня 1941 году мой бацька вёў на ўсход састаў, гружаны палоннымі польскімі і літоўскімі афіцэрамі. Напэўна, іх везьлі ў Катынь. Састаў разбамбілі нямецкія самалёты. Паравоз ацалеў. Чыгуначнікі сталі адчыняць вагоны, каб уратаваць людзей, а “чырвонапагоньнікі”-энкавэдысты адкрылі агонь па чыгуначніках. І ўсё ж многім палонным удалося ўцячы.

Мой родны дзядзька быў на фронце, удзельнічаў у фарсіраваньні Одэра, быў кантужаны. Меў узнагароды. Але пра вайну не хацеў успамінаць усе 25 год. А тое, што расказаў потым, выклікала шок. Колькі там было бруду, здрады, жорсткасьці, несправядлівасьці…

Другі мой родны дзядзька меў “да саветаў” самы вялікі ў вёсцы кавалак зямлі, але ад Гулагу здолеў уратавацца. І толькі таму, што быў высакародным, добрым да людзей. Ніхто яго не заклаў у НКВД. А вось ягонага суседа Пратасавіцкага разам зь сям’ёй выслалі ў Сыбір — толькі за тое, што ў прыватнай размове неасьцярожна выказаўся пра новую ўладу.

Такую вось стракатасьць жыцьця я вам апісала”
.

Дзякуй вам, спадарыня Марына, за цікавыя ўспаміны. Удакладню толькі, што расстрэлы больш як дваццаці тысяч палонных польскіх афіцэраў, санкцыянаваныя сталінскім рэжымам, адбыліся ў Катыні, Харкаве і Медным у красавіку-траўні 1940 году, так што зьняволеных у 1941 годзе везьлі, відаць, у іншую мясьціну. І яшчэ адна дэталь: пагоны сталінскія паслугачы тады не насілі: толькі пятліцы. Таму “чырвонапагоньнікамі” іх тады не называлі. Пагоны ў Чырвонай арміі і НКВД зьявіліся пазьней, падчас вайны, у 1943 годзе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG