Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сідарэнка: "Судовае сьледзтва фактычна заканчваецца"


Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі, пасьля чатырохдзённага перапынку, аднаўляецца працэс па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах. Між тым адвакаты кажуць, што неўзабаве ў працэсе будзе абвешчаны яшчэ адзін перапынак.

Працэс пачаўся 10 сакавіка, а штодня ідзе ад 16-га. Такім чынам мінуў ужо месяц працы суду. Што зроблена?

Апытаныя амаль усе сьведкі, а адносна тых, хто не зьявіўся, бакі не настойваюць на тым, каб яны абавязкова прыйшлі, паведаміла адвакат Тамара Сідарэнка:

"Магчыма, заўтра апошні дзень судовага сьледзтва, калі ніхто нічога не прыдумае. Сьведак дапыталі, усе хто хацеў усё спыталі. Матэрыялы справы, якія прапаноўвалі для дасьледаваньня бакі, вывучылі. Таму відаць, заўтрашні дзень будзе апошнім – а потым спрэчкі бакоў. Як суд прызначыць. Калі нешта ня зьменіцца, безумоўна".

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі на падрыхтоўку да спрэчак бакі могуць папрасіць некалькі дзён, а потым да тыдня можа ўзяць суд на падрыхтоўку прысуду. Але тут магчымы і іншыя тэрміны.

Напярэдадні якраз вывучаліся матэрыялы справы, якія тычыліся яе падабароннага Ўладзімера Асіпенкі. Нагадаю, адзін з абвінавачаных у падрыхтоўцы да тэракту, Аляксандар Ларын даў паказаньні, што калі рыхтаваў замах, пра гэта нібыта ведаў Уладзімер Асіпенка.

Паводле Ларына, ён перадаў Асіпенку схему, на якой паказаў месца, дзе пакінуў гранатамёт ды выбухоўку, прыгатаваныя для замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Якраз пра гэта ішла гаворка на вочнай стаўцы Ларына і Асіпенкі, якая праходзіла пасьля іх арышту ў 2009 годзе.

Назіральнікам за працэсам цікава будзе даведацца рэакцыю Асіпенкі на гэтыя паказаньні Ларына, з якіх вынікае, што Асіпенка быў пасьведчаны ў плян замаху. Адвакат Тамара Сідарэнка ўдакладняе:

"Некаторыя моманты, паводле Ларына, ён нібыта ведаў. Ларын кажа, што сказаў яму, што будзе страляць. Але з чаго і як? Незразумела. Той перапытвае: што вы задумалі? Ня ваша справа. А потым ставіць перад фактам: вось табе схема, я, аказваецца, тут пакінуў гранатамёт. Зьяжджаю ў Маскву, а ты што хочаш рабі. Але Асіпенка ж нічога не рабіў... Вось такая вочная стаўка, у якой шмат нюансаў. Але гэта ж дадзеныя папярэдняга расьсьледаваньня".

Паводле сьледзтва, падчас тых падзей, якія цяпер дасьледуе суд, нібыта стала вядома пра спробу замаху на Ўладзімера Саўчанку міліцыянту Міхаілу Казлову. Цікава будзе назіраць, як ён адрэагуе на словы Аляксандра Ларына і Ўладзімера Асіпенкі, сказаныя падчас іх вочнай стаўкі, якую праглядзелі ў судзе 9 красавіка. Міхаіла Казлова абвінавачваюць у тым, што ён ведаў пра падрыхтоўку злачынства, але не прадухіліў яго. Міхаіл Казлоў сваю віну не прызнае. Былы міліцыянт кажа, што кантактаваў з Аўтуховічам і Асіпенкам паводле справы аб злоўжываньнях у падатковай службе Ваўкавыску, у расьсьледаваньні якой браў удзел.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG