Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У 70-я ў выніку мэліярацыі прырода Палесься была вынішчаная"


Анатоль Гуляеў

Анатоль Гуляеў

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сёлета экспарт беларускай прадукцыі можа скласьці 3 мільярды даляраў. Прэзыдэнт Беларусі таксама адзначыў, што наступныя пяць гадоў мэліярацыя мусіць стаць сярод асноўных дзяржаўных праектаў. Ці патрэбная сёньня Беларусі новая хваля мэліярацыі, улічваючы ўсе чыньнікі, у тым ліку эканамічны і экалягічны? Ці рэальна ў некалькі разоў павялічыць экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў найбліжэйшыя гады? На гэтыя пытаньні адказвае журналіст Анатоль Гуляеў.


Цыганкоў: Ці патрэбны сёньня мэліярацыя для ўзьняцьця сельскай гаспадаркі, для узьняцьця тых рэгіёнаў, дзе яна праводзіцца? Можа, варта ўлічваць ня толькі эканамічныя, але і экалягічныя чыньнікі?

Гуляеў: Я ня маю нічога супраць такой зьявы як мэліярацыя. Але я супраць такой зьявы як "дзяржаўная праграма". Бо на памяці майго пакаленьня ўжо была дзяржаўная праграма мэліярацыі Беларусі. Былі створаны адпаведныя вытворчыя магутнасьці, нават газэты – "Звязда на мэліярацыі Беларусі", і гэтак далей. А калі ёсьць структуры, то яны ўвесь час патрабуюць аб'ёмаў, новых грошай, рэсурсаў. І нават калі патрэбныя рэсурсы ўжо засвоеныя, усё роўна ніхто не спыняецца, ідуць далей – бо ёсьць людзі, рэсурсы, пасады.

Ёсьць добрая фармулёўка – разумны чалавек адрозьніваецца ад дурня тым, што ў яго ёсьць пачуцьцё меры. Дык вось, калі ствараецца дзяржаўная праграма мэліярацыі, то ўсялякае пачуцьцё меры губляецца. У 70-я гады была ўжо праграма мэліярацыі Палесься. У яе выніку мы атрымалі, што прырода Палесься была вынішчаная, і па тых месцах гулялі тарфяныя буры.

Цыганкоў: Лукашэнка таксама заявіў, што сёлета экспарт беларускай прадукцыі мусіць класьці 3 мільярды даляраў. "Неўзабаве мы мусім выйсьці на 6-7 мільярдаў, а потым і на 10 мільярдаў", – заявіў беларускі кіраўнік. Наколькі рэальныя такія намеры, улічваючы, што сельскагаспадарчая вытворчасьць у Беларусі вельмі моцна датуецца дзяржавай?

Гуляеў: Датацыі – гэта не выключная зьява, такое існуе амаль ва ўсім сьвеце. Летась мне давялося зьезьдзіць у Расею, у невялічкі пасёлак пад Валгаградам. Мы пахадзілі па крамах і пераканаліся, што ўсе асноўныя прадукты, якія мы хочам экспартаваць (мясныя, малочныя) там таньней, чым у нас.

А ў нашых беларускіх крамах пачак мукі з Алтаю каштуе амаль на тысячу рублёў менш, чым пачак лідзкай мукі. Дык якім чынам мы можам нарошчваць аб'ёмы экспарту гэтай прадукцыі, калі гэтая прадукцыя ў нас больш дарагая чым у Расеі?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG