Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 12 красавіка.


10 красавіка самалёт прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага Ту-154 разьбіўся на лётнішчы ў Смаленску. У катастрофе ніхто з 96 чалавек ня выжыў. Польская дэлегацыя мелася ўзяць удзел у жалобных урачыстасьцях, прысьвечаных 70-й гадавіне расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Шчыра спачуваем усяму польскаму народу ў сувязі зь цяжкім горам, якое напаткала іх: трагічнай сьмерцю прэзыдэнта Леха Качыньскага, яго жонкі Марыі і сяброў урадавай дэлегацыі. Мы смуткуем разам з вамі, дарагія сябры! Жыхары гораду Салігорску, Рэспубліка Беларусь”.

Слухачы выказваюць свае меркаваньні адносна прычынаў авіякатастрофы:

Спадарыня: “Ня мог Качыньскі рызыкаваць жыцьцём сваёй жонкі і элітнай сьвіты сваёй, ведаючы, што пасадка немагчымая. Тут нешта нячыста. Нехта ўвёў экіпаж у аблуду, і здарылася гэтая жахлівая трагедыя. Глыбока спачуваю народу Польшчы. Я ў жалобе разам з вамі”.

Атрымалі мы і такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Невыказальнае спачуваньне і смутак ахапіў нас, калі мы даведаліся пра трагедыю польскага народу, у тым ліку нашых родных, якія жывуць у Польшчы. Кадэбісцкая Катынь забівае яшчэ і яшчэ, нават цяпер”.

9 красавіка расейскі “Газпром” афіцыйна адкрыў будаўніцтва газаправоду Nord Stream у бухце Партовай ля Санкт-Пецярбургу. Газаправод прызначаны для паставак расейскага газу ў краіны Заходняй Эўропы, абмінаючы Беларусь, Украіну і Польшчу.

Вось што кажа наконт гэтага слухач “Свабоды”:

Спадар: “Па ўсім відаць, што залатыя часы ў выглядзе расейскай халявы і так званага беларускага эканамічнага цуду для Лукашэнкі сканчаюцца. І канчаткова для яго ўсё гэта лопне, як мыльная бурбалка, пасьля таго, як Расея ў абход Беларусі пабудуе “Паўночны струмень”. І тады як з усходу, так і з захаду з Рыгоравічам будуць размаўляць ужо па-іншаму”.

Па-ранейшаму хвалюе слухачоў тэма выбараў. Вось якое меркаваньне наконт адзінага кандыдата ў прэзыдэнты выказвае слухач “Свабоды” Віктар:

Віктар: "Апазыцыя наступае на граблі, і ўжо не аднойчы. Ужо быў і Мілінкевіч — адзіны, і Пазьняк — адзіны, і другія. Няўжо незразумела, што адзін ня зможа даць столькі інфармацыі, не ахопіць столькі жыхароў, як некалькі. Дык і мэта палітычнай партыі — атрымаць як мага больш жыхароў у сваю партыю. А партыя, якая адмаўляецца ад лідэрства, — гэта сэкта. Вось таму і не ідуць жыхары за такімі партыямі".

Шаноўныя слухачы!

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG