Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзіўна, як выразна часам відаць, што ў народаў, як у асобных людзей, ёсьць свой лёс. Польшча, несумнеўна, краіна трагічная, прычым польскія гістарычныя трагедыі заўсёды былі патаснымі. Ня Чэхаў, але Шэксьпір. Цяперашняя падзея гэта яшчэ раз пацьвердзіла. Застаецца толькі паспачуваць палякам - незалежна ад таго, кім быў і якія погляды вызнаваў іх прэзыдэнт. Няхай спачываюць у спакоі», - напісаў f_f.

«Польский президент в аэроплане
Даже и не мог подозревать,
Что с утра пошёл старик Сусанин
На охоту, уток пострелять...

Два глухих хлопка из перелеска...
Невзначай разбился самолёт...
Не везёт полякам под Смоленском,
Не везло и впредь не повезёт».


Гэты апэратыўна складзены блогерам arkagol прынагодны верш можна лічыць квінтэсэнцыяй рэакцыі адной з найвялікшых груповак сярод палітызаваных расейскіх блогераў – нацыянал-патрыятычнай – на авіякатастрофу пад Смаленскам. Рэакцыі прадказальна далёкай ад шчырага спачуваньня.

Цягам апошніх гадоў Польшча стабільна прэтэндавала на месца «ворага Расеі № 1», спаборнічаючы за першынство з Украінай, Грузіяй, Эстоніяй, Латвіяй ды інш. І дамаглася значнага посьпеху на гэтай ніве, які быў замацаваны ўвядзеньнем дзяржаўнага сьвята ў Расейскай Фэдэрацыі – Дня нацыянальнага адзінства, таксама вядомага як «дзень выгнаньня палякаў з Масквы».

Асабіста Леху Качыньскаму, які лічыўся гранічна антырасейскім палітыкам, цяпер прыгадваюць нядобрым словам ягонае рашэньне назваць адну з плошчаў Варшавы імем Джахара Дудаева, актыўнасьць у пытаньні разьмяшчэньня амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны на тэрыторыі Польшчы, прапанову ЭЗ увесьці санкцыі супраць Расеі, сяброўства зь Віктарам Юшчанкам і падтрымку Міхаіла Саакашвілі падчас узброенага канфлікту паміж Грузіяй і Расеяй. І, канечне, ягоную настойлівасьць у актуалізацыі праблемы Катыні.

Трэба сказаць, што нават з усімі агаворкамі і самааўпраданьнем, зь якімі Пуцін прынёс пакаяньне за катынскі расстрэл, гэты ўчынак быў расцэнены расейскімі нацыянал-патрыётамі як здрада і параза. Бо ў іхным асяродку бытуе меркаваньне, быццам не падлягае сумневу той факт, што палякаў у Катыні расстрэльвалі гітлераўцы. А калі нават і ня гітлераўцы, дык палякі, маўляў, самі не анёлы, каб патрабаваць ад кагосьці пакаяньня. У сувязі з чым згадваецца масавы расстрэл палонных чырвонаармейцаў у 1920 годзе. І наогул, было, ды быльлём парасло, няма чаго варушыць магілы з палітычнымі мэтамі.

Многія палічылі авіякатастрофу пад Смаленскам «знакам звыш»:

«Панове палітыкі, сама гісторыя, сусьвет, Пан Бог, злы рок, называйце гэта як заўгодна, якія не пазбаўленыя своеасаблівага пачуцьця гумару, паставілі ў гэтых спрэчках, у гэтай бруднай валтузьні тлустую кропку. Скокі на костках скончыліся тым, што тыя, хто больш за ўсіх скакаў, прынялі бясслаўную і недарэчную сьмерць, у літаральным сэнсе далучыўшыся да тых, на чыіх костках яны скакалі». (a_skel)

Былі і такія, хто, як stellawarrior, шкадаваў нават, што на борце самалёта не было Анджэя Вайды (рэжысэра фільму «Катынь»).

Але гэта Расея. У іх сваё вясельле, у нас сваё.

Стасункі паміж Польшчай і Беларусьсю, магчыма, нельга назваць добрасуседзкімі, у поўным сэнсе слова, але варожымі яны таксама не былі. Іх можна ахарактарызаваць як слабыя, невыразныя і млявапраяўныя. Датычна стаўленьня беларускага грамадзтва да заходняй суседкі, тут памяркоўная палянафобія ўраўнаважвалася памяркоўнай палянафіліяй. Масавым пачуцьцём, хутчэй, была незацікаўленасьць на мяжы абыякавасьці. Таму што ў інфармацыйнай прасторы, у якой жыве большасьць беларусаў, Польшча фактычна адсутнічала.

Праз тое можна было чакаць, што рэакцыя на авіякатастрофу пад Смаленскам у беларускай блогасфэры акажацца даволі сьціплай, як і на шэраг іншых трагедыяў апошняга часу. Прынамсі нішто як быццам не прадвяшчала той буры, якая ўсчалася на старонках некаторых беларускіх блогаў. Словамі спачуваньня беларускія блогеры не абмежаваліся, палітра меркаваньняў выявілася досыць стракатай.


ТРУП ВОРАГА ЗАЎСЁДЫ ДОБРА ПАХНЕ


Напрыклад, блогер smirnoff_v, у чыім профілі ў графе «месцазнаходжаньне» пазначана «Менск, Беларусь», хаця зьмест ягонага журналу, як і ягоная стылістыка, ні ў найменшай ступені не выдаюць у ім беларуса, піша:

«Цягам шматлікіх стагодзьдзяў Польшча была асноўным ворагам маёй краіны, ворагам жорсткім і моцным. Паколькі ў 18-ым стагодзьдзі нам удалося зламаць гэтага адвечнага ворага, варажнеча стала пакрысе забывацца ў Расеі (але ня ў Польшчы). Зрэшты, па меры сваіх нікчэмных, цяпер, магчымасьцяў, палякі пэрыядычна спрабавалі нам пра яе нагадаць, і атрымліваючы зваротны штурхель, закладвалі новы лісточак у гербарый сваіх па-майстэрску засушаных пакутаў.

Так што ніякіх прыязных пачуцьцяў да польскага народу я не адчуваю, падабаецца вам гэта ці не...

У дадзеным выпадку загінулі ня нейкія абстрактныя прадстаўнікі роду чалавечага, а непасрэдныя ворагі майго народу і маёй краіны. Людзі, якія ўзначальвалі суседнюю дзяржаву і не хаваючы гэтага, не таемна, а відавочна і нават знарок дэманстравалі сваю нянавісьць, варожасьць да майго народу, да спраў маіх продкаў і сучасьнікаў...

Труп ворага заўсёды добра пахне».


Пакрыўджаны за Расею блогер катэгарычна адкідае погляд (па-мойму, вельмі разумны і справядлівы), згодна зь якім «варажнеча – гэта справа дзяржаваў, палітыкаў, ідэолягаў, а мы, простыя людзі, павінны сябраваць, бо нам няма чаго дзяліць, усе мы аднолькавыя»:

«Падобнае меркаваньне я часта ў розных формах чую з вуснаў лібэральна і дэмакратычна настроеных грамадзянаў. Хоць большую антыдэмакратычнасьць цяжка прыдумаць, бо гэта тыповая развага халопа, якому да панскіх праблемаў справы ніякай няма. Наогул дзіўна, як распаўсюдзілася і зацьвердзілася падобная халопская псыхалёгія, і справа тычыцца далёка ня толькі міждзяржаўных адносінаў».

Забаўны разумовы кульбіт. Значыць, сапраўдная «дэмакратычнасьць» палягае ў тым, каб «халоп» шчыра і з усёй душой аддаваўся справе «пана»?

РУСКІХ НЕ ШКАДУЕМ - БО ЯНЫ ЗЛЫЯ


Можна было б палічыць вышэй працытаванае меркаваньне прыватным дзівацтвам нейкага «манкурта», спісаць на навязаную беларусам «ардынскую азіятчыну». Але Ігара Случака ужо «манкуртам» не назавеш. Ігар, паводле ўласных словаў, сьвядомы беларускі нацыяналіст, да таго ж, жыве ў эўрапейскай Эстоніі. Назваўшы рэакцыю беларускай блогасфэры на трагедыю пад Смаленскам «піскам», «істэрыяй», «суцэльным шоў», «паказухай і крывадушшам», ён працытаваў інтэрвію Ўладзімера Арлова, каб нагадаць, што палякі для беларусаў, маўляў, такія самыя ворагі, як і «маскалі»:

«Палякі лічылі нашую гісторыю часткаю сваёй і таксама прычыніліся да пазбаўленьня беларусаў гістарычнае памяці. У XX ст. Польшча, атрымаўшы незалежнасьць, пачала змагацца зь беларускім нацыянальным адраджэньнем. Зачыняліся беларускія школы. Засталася толькі адна гімназія ў Вільні. За нацыянальныя погляды кідалі ў вязьніцу. Палякі ішлі на такія брутальныя меры, як стварэньне канцлягеру ў Бярозе Картускай. Празь яго прайшлі тысячы беларусаў... »


Нацыяналістычны патас дзівосна спалучаўся ў спадара Ігара з гуманістычным:

«Прыкра ад такога выбарачнага шкадаваньня: палякаў шкадуем, бо яны добрыя, рускіх не шкадуем - бо яны злыя, кіргізаў не шкадуем, бо хто такія кіргізы?»

Зрэшты, «гуманістычны» сказ быў прыпісаны пазьней, пасьля добразычлівай заўвагі, зробленай яму блогерам mysliar:

«Ігар, я як крытын (крытычны інтэлектуал) усячаскі падтрымліваю любую рэфлексію над любымі падзеямі. У тым ліку, на тэму таго, чаму мы раптам спачуваем палякам і не спачуваем кіргізам. Але форма была выбраная вельмі тапорна... Лепей прыбярыце пост, пакуль ворагі яго не пачалі выкарыстоўваць супраць Вас. Ці, найлепш, адрэдагуйце, каб быў уцямны і карэктны мэсыдж».


Улічваючы тое, што падчас дыскусіі Ігар налягаў на палажэньні «нацыянальныя інтарэсы перадусім», падобна, спасылка на расейцаў з кіргізамі падразумявала наступнае: мы не спачуваем ім, і гэта правільна, а значыць палякам таксама няма чаго спачуваць, бо яны анічым ня лепей.

Хаця Ігар атрымаў у адказ на свой допіс масавае абурэньне, многія нават дэманстратыўна выкрэсьлілі яго з сьпісу сяброў, гэта, на жаль, не абавязкова сьведчыць пра высокі маральны ўзровень беларускіх блогераў. Бо зусім нядаўна шмат хто зь іх не лічыў для сябе ганебным адмаўляць у спачуваньні ахвярам землятрусу на Гаіці або тэрактаў у маскоўскім мэтро. А блогер bacian, напрыклад, які кляў Случака на чым сьвет стаіць за амаральныя паводзіны, напярэдадні пісаў пра паралель паміж Беларусьсю і Кіргізіяй: «Давайце ня будзем параўноваўць беларусаў з кончанай тупой вузкавокай навалаччу»...

А ўсё-ткі, сапраўды, што запускае мэханізм чалавечага спачуваньня? Чаму адныя трагедыі нас закранаюць за жывое, а іншыя пакідаюць абыякавымі?

Блогер revanshist, разважаючы пра тое, чаму трагедыя пад Смаленскам выклікала непараўнальна болей спачувальных водгукаў, чым усе папярэднія, прыходзіць да нечаканай высновы – уся справа ў тым, што гэтым разам загінулі высокапастаўленыя асобы, урадоўцы:

«Франдзёрская багема за гады бескампраміснай барацьбы з рэжымам назапасіла ў сабе такі велізарны нерастрачаны запас вернападданасьці, што ўжо гатовая выплюхнуць яго на любы мала-мальскі прыдатны аб'ект...»

КАЛІ Б НАШ РАЗЬБІЎСЯ, ТАКСАМА СЬВЕЧКІ Б ПАНЕСЬЛІ?


Самую гарачую дыскусію, якая, што праўда, нагадвала хутчэй базарную лаянку, бязьлітасную і бессэнсоўную, справакаў беларускі анархіст mikola_a у суполцы by_politics напісаўшы пад заклікам прыйсьці да польскай амбасады:

«Да сьмерцяў "эліты" я абыякавы. Самім фактам свайго існаваньня яны асуджаюць на пакуты і сьмерці сваіх суграмадзянаў. Дык чаго ж іх шкадаваць? Шкадуйце лепей польскіх шахтароў, пэнсіянэраў, беспрацоўных... Сумленныя людзі ў эшалёнах улады - выключэньне, а ня правіла. Найлепшыя (па маральных, прафэсійных, асабовых) якасьцях людзі практычна ніколі не трапляюць у кіраўнікі дзяржаўнага апарату. Наадварот, чым больш амаральны, нізкі ў сваіх думках і ўчынках чалавек, тым хутчэй ён патрапіць ва ўладу. Так пабудавана ўся гіерархічная сыстэма».

Цікаўнаму чытачу давядзецца вельмі пастарацца, каб адшукаць у далейшай размове, якая расьцягнулася на 226 камэнтароў, больш-менш цэнзурныя. Самым мяккім эпітэтам, якім узнагародзілі Міколу зь лягеру смуткуючых, было «вылюдак».

Правакацыйнае пытаньне ўдзельнікам лаянкі задаў блогер alyrik:

«А да расейскай амбасады хто-небудзь хадзіў з кветкамі і сьвечкамі нядаўна?»

«Што, усё кіраўніцтва РФ загінула?»
(etana_87)

«Дык значыць, вы шкадуеце не людзей, а менавіта палітыкаў, г.зн. функцыю, ролю, а не істоту?» (alyrik)

На што etana_87 буркнуў, маўляў, адчапіцеся з сваім «удаваным гуманізмам».

Яшчэ больш пытаньне завастрыў horny4life:

«Калі б наш разьбіўся, таксама сьвечкі б панесьлі?»

Адказ блогера bacian выглядаў хутчэй спробай ухіліцца ад адказу:

«Некарэктная паралель. У Польшчы ва ўладзе сапраўды знаходзіцца эліта, а ў нас у лепшым выпадку пасрэднасьці».


А Ў ВАС? А Ў НАС СЯГОНЬНЯ РАПС


Пакуль у блогасфэры кіпелі жарсьці, найбуйнейшы беларускі партал tut.by, як заўважыла блогерка barilotti, захоўваў алімпійскі спакой. Да самага вечара 10 сакавіка на ягонай першай старонцы галоўнай навіной заставалася пытаньне самазабесьпячэньня Беларусі рапсавым алеем, якога пакуль што не ўдаецца дасягнуць:



Тут, бадай, дарэчы прыйдзецца стары анэкдот, згаданы блогерам aliaksei:

«- Дзеці, сёньня мы даведаемся пра значэньне новых словаў. Вось, напрыклад, слова "Катастрофа". Хто ведае, што гэта значыць?

Танечка цягне руку:

- Катастрофа гэта, ну, вось калі, напрыклад, вясна, лёд плыве па рацэ, а на лёдзе зайчыкі. І зайчыкі тонуць...

- Дзякуй, Танечка, садзіся. Але гэта не зусім так. Калі зайчыкі тонуць - гэта бяда, але не катастрофа. А катастрофа - гэта, напрыклад, калі разьбіўся самалёт, а калі разьбіўся самалёт з урадам - гэта жудасная катастрофа! Зразумела дзеці?

На наступны дзень. Праверка пройдзенага.

- Хто растлумачыць значэньне слова "Катастрофа"?

- Ну, Вовачка, распавядзі.

- Катастрофа, - гэта калі разьбіўся самалёт з урадам. Але гэта - не бяда. БЯДА - КАЛІ ЗАЙЧЫКІ ТОНУЦЬ!»




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG