Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі незалежніцкі блёк ("Беларуская хрысьціянская дэмакратыя", "Малады фронт", Партыя БНФ, рух "За свабоду", "Маладая Беларусь", "Разам", "Правы альянс" і "Маладыя дэмакраты") пачаў працу па вылучэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Паводле рашэньня Рады БНБ, мэханізм абраньня будзе падрыхтаваны да 1 чэрвеня, а 15 чэрвеня пачнецца кампанія па вылучэньні адзінага кандыдата.

"Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" ўжо прапанавала свой мэханізм абраньня адзінага — шляхам збору ініцыятыўнай групы.

Адзін з сузаснавальнікаў БХД Віталь Рымашэўскі назваў яго "простым і ясным":

"У каго ініцыятыўная група будзе большая, той і стане кандыдатам ад БНБ. Магчыма, збор людзей у ініцыятыўную групу будзе спалучацца зь мясцовымі сходамі. Ініцыятыўная група, якая будзе складацца, напрыклад, зь пяці тысяч людзей, пакажа здольнасьць кандыдата працаваць з рэальнымі людзьмі і яго рэальную падтрымку”.

Пакуль пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявіў Віталь Рымашэўскі. Партыя БНФ мяркуе прыняць рашэньне на зьезьдзе 29 траўня. У траўні вырашыць, ці будзе ён удзельнічаць у выбарах, абяцаў таксама старшыня руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч. Але ці няма супярэчнасьці ў тым, што патэнцыйныя кандыдаты зьявяцца да самой працэдуры? Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў:

"Адно другому не супярэчыць, паколькі Рымашэўскі ўжо даўно, напрыклад, заяўлены. У БНФ будзе зьезд менавіта па пытаньні прэзыдэнцкіх выбараў 29 траўня. Таму зьяўленьне кандыдатаў не зьвязана наўпрост з працэдурай".

Актывіст руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч лічыць, што найбольш шанцаў стаць "адзіным" мае Аляксандар Мілінкевіч:

"Ці не рызыкуем мы займацца працэдурамі дзеля працэдураў? Адзіная рэальная фігура, якая можа вылучацца, — гэта Аляксандар Мілінкевіч. Ствараць бачнасьць дыскусіі вакол гэтага пытаньня толькі дзеля самой дыскусіі — не зусім мэтазгодна. Хутчэй за ўсё, трэба акумуляваць сілы тых, хто хоча і зьбіраецца працаваць на кампанію А.Мілінкевіча і ўжо паступова пачынаць гэтую кампанію. На сёньня мы не адмаўляем, што можам удзельнічаць у розных працэдурах. Але трэба разумець, якая стратэгія стаіць за гэтымі працэдурамі. Калі яе вынікам будуць больш рэальныя шанцы ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, больш рэальнае забіваньне на перамогу, то мы падтрымаем такую стратэгію. А з таго, што прапанавала на сёньня БХД, на нашу думку, не вынікае".

Віталь Рымашэўскі перакананы, што БНБ павінна выйсьці на выбары з адзіным кандыдатам:

"Адзіны кандыдат ад БНБ павінен быць. У адваротным выпадку гэта азначала б дастаткова істотную паразу незалежніцкіх, прабеларускіх сілаў. Бо які сэнс канкураваць незалежніцкім кандыдатам паміж сабой?"

А ці можа адзіны ад БНБ стаць важкім канкурэнтам адзінаму ад АДС? На гэта Аляксей Янукевіч сказаў, што пакуль "вельмі цяжка казаць, ці будзе ад АДС адзіны кандыдат, або там будзе некалькі кандыдатаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG