Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Таньней набыць у краме, чым расьціць на лецішчы


Першы вясновы кірмаш у Віцебску расчараваў тых, хто прывёз на продаж саджанцы ці насеньне. Бо пакупнікоў было значна менш, як летась.

Калі ў афіцыйных СМІ рэклямавалі сёньняшні вясновы кірмаш, то пісалі, што запрашаюць на яго найперш уладальнікаў лецішчаў. Маўляў, на кірмашы можна будзе набыць і саджанцы, і насеньне, і кветкі, і ўгнаеньні, і розны рыштунак для апрацоўкі гароду ці саду.

Гандляры ёсьць, а пакупнікоў амаль няма

Выязны гандаль сапраўды наладзілі, аднак пакупнікоў было небагата. Уладальнікі прыватнага гадавальніку ў пасёлку Тулава, сямейная пара Марына ды Яўген, кажуць, што кошты на саджанцы знарок не падвышалі зь мінулага году — але як няма ахвотных, дык гатовыя аддаваць яблыні-грушы толькі што не задарма:

«Былі раней па 20 і 25 тысяч, а цяпер прадаём па 15 і 20. Вось у іншых грушы па 25, а ў нас па 20. А калі ў каго грошай няма, дык і за 5 аддаём. Гэта наш прыватны гадавальнік».

Саджанцы зрэдку бяруць, але болей — толькі глядзяць

Пытаюся ў Яўгена, ці дужа гэта прыбытковая справа — уласны гадавальнік садовых дрэў.

«Я не сказаў бы, што дужа прыбытковая. Ёсьць у мяне асноўная праца, а гэта — так, „для падтрымкі штаноў“, як кажуць! За гэта не пражывеш».

Спадар Яўген гаворыць, што гадоў дзесяць таму саджанцы бралі нарасхват, бо тады дужа людзі актыўна апрацоўвалі зямельныя надзелы. З часам гэта стала нявыгадным: цяпер задорага езьдзіць на лецішча ці ў вёску на грамадзкім і тым больш на ўласным транспарце, шмат каштуюць угнаеньні для гароду, дый высілкаў трэба прыкласьці шмат. А гэта далёка не заўжды сябе апраўдвае.

Нашто садзіць бульбу, калі таньней набыць

Спадарыня Тамара прыйшла на кірмаш зь вялікай валізай. У ёй — усяго патрошку: часнок і цыбуля, марынаваныя гуркі ў слоіках, фасоля і парасткі кветак — тульпанаў і нарцысаў. Хацела прадаць тое, што вырасьціла на ўласным гародчыку, але, кажа, няма попыту. Усё ёсьць у краме — і кітайскі часнок, і малдаўскія гуркі, і кветкі з самых экзатычных краінаў.

«Паглядзіце — зранку стаю, уся сьсінела ўжо. Падыдзе нехта, паглядзіць-спытае, і далей ідзе. Вось і ўсе пакупнікі! Вось усё, што я нагандлявала — 16 тысяч».

Бабулі-гандляркі спадзяюцца прадаць тое, што вырасьцілі самі

Вясковага выгляду дзядуля спачатку доўга прыглядаўся да бульбы-сямянкі, потым да насеньня. Можа, ён распавядзе, які прыбытак можа прынесьці ўласны гародчык?

«Ай, тыя прыбыткі! Гэта ж колькі працаваць трэба!»

Дзядуля махнуў рукой ды пашыбаваў у бок шапіка з садавінай, дзе прадаюць танныя замежныя бананы.

Для кагосьці лецішча — гэта адпачынак і прыгажосьць, а не «бітва за ўраджай»

Жыхары Віцебску ахвотна куплялі і парніковыя гуркі, і бульбу з капустай, і моркву з буракамі — бо атрымліваецца таньней, чымсьці расьціць усё гэта на ўласным гародзе.

Зусім не шматлюдны кірмаш
XS
SM
MD
LG