Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыкметы авіякастрофы ТУ-154 наводзяць адмыслоўцаў на думку пра памылку пілётаў, памножаную на кепскія ўмовы надвор’я і асаблівасьці канструкцыі самалёту.

Памылкай экіпажу, паводле расейскай агенцыі Інтэрфакс, патлумачылі адмыслоўцы з Смаленскага вайсковага аэрадрому «Паўночны» катастрофу ТУ-154, у выніку якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай і яшчэ некалькі дзесяткаў высокапастаўленых чыноўнікаў, грамадзкіх дзеячоў і ваенных Польшчы. Са спасылкай на тыя ж крыніцы паведамляецца, што , спрабуючы сесьці, самалёт ня меней за тры разы заходзіў на пасадку і ўрэшце зачапіўся за дрэвы і ўпаў. Таксама паведамляецца, што бачнасьць у момант пасадкі была 400 мэтраў, над лётнішчам стаяў туман, пра які экіпаж быў папярэджаны. Аднак польскія лётчыкі нібыта не прынялі прапанову вяртацца для пасадкі ў Менск ці ляцець далей ў Маскву і паспрабавалі ўсё ж сесьці у «Паўночным». На жаль, адбылася трагедыя.

Прычыны катастрофы вызначыць дзяржаўная камісія на чале з прэм’ерам Уладзімерам Пуціным, якую ўжо стварылі ў Расеі. А што кажуць незалежныя экспэрты?

Анатоль Заўялаў — лётчык грамадзянскай авіяцыі з 20-гадовым стажам. Лятаў бортінжынэрам на розных мадэлях савецкіх самалётаў на авіялініях былога СССР. Анатоль Заўялаў кажа, што добра ведае і аэрадром «Паўночны» пад Смаленскам. На прапанову «Свабоды» лётчык пагадзіўся пракамэнтаваць зьвесткі пра абставіны палёту і авіякатастрофы польскага ТУ-154 зь Лехам Качыньскім на борце. Найперш Анатоль Заўялаў адзначыў, што гарызантальная бачнасьць у 400 мэтраў для ТУ-154 недастатковая для гарантавана пасьпяховай пасадкі.

«Яму трэба была бачнасьць ня меней як 500 мэтраў на 50. Першы раз ён заходзіў на аўтамаце, але потым пілёт мусіць браць на сябе кіраваньне, бо сесьці самалёт на аўтапілёце ня можа. Калі ён некалькі разоў заходзіў на пасадку, значыць, спрабаваў і ня мог знайсьці паласу. Ёсьць такое паняцьце — глісада. Гэта вугал нахілу самалёту адносна зямлі. Ім трэба было ісьці па глісадзе. Камандзір, штурман і другі пілёт мусілі гэта кантраляваць, але ўпусьцілі, не заўважылі, як апусьціліся ніжэй за глісаду. Зразумела, што не даходзячы паласы яны зьнізіліся ўжо настолькі, што пачалі чапляць дрэвы. А даваць узьлётны рэжым было ўжо позна. На ТУ-154, каб рухавікі выйшлі на ўзьлётны рэжым, трэба 12 сэкундаў. Відаць, іх ужо не было».

Такім чынам Анатоль Заўялаў мяркуе, што асноўная прычына аварыі — памылка экіпажу, але ёсьць у яго прэтэнзіі і да самога самалёту ТУ-154.

«Машына даволі-такі капрызная. Зьвязана гэта з асаблівасьцямі стабілізатару.
Шмат бывала выпадкаў, калі з-за стабілізатару самалёт падаў дакладна на паласу.
Шмат бывала выпадкаў, калі з-за стабілізатару самалёт падаў дакладна на паласу. Асабліва самалёт дрэнна сябе паводзіць пры бакавым ветры і мокрай паласе. Калі шчыра, я гэты самалёт не любіў».

Ці верагодна, што не спрацавала належным чанам дыспэтчарская служба аэрадрому «Паўночны»? Паводле Анатоля Заўялава, хутчэй за ўсё, на гэтым аэрадроме не было радыёлякацыйнага абсталяваньня першай катэгорыі ІКО, якое б адпавядала абсталяваньню прэзыдэнцкага самалёту. У такім выпадку лётчыкі мусілі садзіцца ў ручным рэжыме, што павялічвала верагоднасьць памылкі. Таксама авіятар не выключае недастатковы узровень дыспэтчара вайсковага аэрадрому, які вёў на пасадку самалёт Леха Качыньскага.

«Самы лепшы дыспэтчар — гэта грамадзянскі дыспэтчар. Бясспрэчна. А вайсковы дыспэтчар — гэта, як кажуць, „Федот да не тот“. Таму што практыка ў іх меншая, палётаў меней, а ў нас палёты штодня».

Умовы на самім аэрадроме «Паўночны» пад Смаленскам Анатоль Заўялаў, які бываў на гэтым лётнішчы, назваў нармальнымі. «Мясцовасьць там, як у нас на Магілеўшчыне — раўніна, невялікія ўзгоркі. Калі б не туманы, умовы для пасадкі выдатныя», — мяркуе Анатоль Заўялаў.

Самалёт ТУ-154 — гэта далёкамагістральны самалёт першай катэгорыі. Пачаў працаваць на авіялініях былога СССР у пачатку 1970-х гадоў, паступова ім замянялі самалёты ТУ-104. У Беларусі ТУ-154 дагэтуль працуюць, у першую чаргу на міжнародных авіялініях. Паводле дадзеных адмыслоўцаў Нацыянальнага аэрапорту «Менск», колькасьць ТУ-154 складае 10-15% авіяпарку краіны.

«Авіятары ТУ-154 недалюбліваюць. Гэты самалёт сына Тупалева, а ён ужо ня быў такім таленавітым, як бацька. Але ціснулі-ціснулі і прымусілі вырабляць гэты самалёт. Нашлёпалі яго шмат, а ў 90-х пачалі распрадаваць усім, каму заўгодна. Вось хлопцы лятаюць на ім і «гробяцца», — гэтак дадаў пра ТУ-154 авіятар Анатоль Заўялаў з Магілёву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG