Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Доме літаратара» Ўладзімер Конан і Ўладзімер Арлоў


КНІГАГЛЯД

УЛАДЗІМЕР КОНАН: «БАЛЬШАВІКІ ПРЫПЫНІЛІ РАЗЬВІЦЬЦЁ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ»


Уладзімер Конан
Менскае выдавецтва «Смэлтак» заснавала новую кніжную сэрыю «Выдатныя постаці Беларусі». Распачаць яе заслужана выпала доктару філязофіі, знанаму літаратуразнаўцу Ўладзімеру Конану, чыё дыхтоўнае «Выбранае» пабачыла сьвет у названай сэрыі. З гэтай прыемнай нагоды з аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: «Спадар Уладзімер, на старонках сваёй новай кнігі вы свабодна вандруеце ў часе: то дасьледуеце XVI стагодзьдзе, то „Нашу Ніву“, то пішаце пра нашых сучасьнікаў Ніла Гілевіча і Алеся Разанава. А ў якім часе вам як дасьледчыку найбольш утульна?»

Уладзімер Конан: «Мае ўлюбёныя часы — гэта эпоха Сярэднявечча і эпоха беларускага нацыянальнага Адраджэньня другой паловы ХІХ стагодзьдзя і першых дзесяцігодзьдзяў стагодзьдзя ХХ-га. Гэта часы фармаваньня беларускай клясычнай літаратуры і станаўленьня беларускай нацыі. Але карані яе не ў ХХ стагодзьдзі, як часта думаюць і пішуць нават вядомыя дасьледчыкі, а ў эпосе Сярэднявечча. Там пачыналася беларуская літаратура, якая перавяла існаваньне беларускай нацыі, гаворачы словамі Канта, з „рэчы ў сабе“ ў рэч для нас і для сьвету. Літаратура пачала сьведчыць пра Беларусь на ўвесь сьвет».

Скобла: «Вы многія творы беларускай літаратуры разгледзелі з гледзішча хрысьціянскай філязофіі. Як моцна нашаму прыгожаму пісьменству нашкодзіў савецкі атэізм?»

Конан: «Справа нават не ў атэізьме. Я лічу, што бальшавізм ёсьць адной зь першых формаў фашызму. Бальшавікі фактычна прыпынілі разьвіцьцё беларускай літаратуры, паколькі яны зьнішчалі або падаўлялі беларускіх пісьменьнікаў. Гэта самая страшная трагедыя ў эўрапейскай гісторыі. Можна зразумець вайну, дзе ваююць прафэсіяналы за нейкія геапалітычныя прыярытэты, але ваяваць з носьбітамі духоўнасьці народу — гэта арыентаваць гісторыю на культурнае паніжэньне. Атэізм быў фармальны. Янка Купала заўсёды быў хрысьціянскім паэтам, але ён, як і Якуб Колас, вымушаны быў часам маскавацца. Больш таго, я лічу, што яны здолелі ўрэшце перамагчы гэты атэізм перад сваім сконам і прыйшлі ў вечнасьць зь верай ў Бога».

Скобла: «Вы грунтоўна дасьледавалі творчасьць Якуба Коласа. Цяпер акурат выходзіць у сьвет яго Збор твораў у 20 тамах. Чамусьці коласазнаўцы бяруць за асноўны варыянт савецкія выданьні, у якія Колас мусіў уносіць папраўкі. Я разумею, што апошняе прыжыцьцёвае выданьне для тэкстоляга — закон. І ўсё ж зь любога закону могуць быць выключэньні».

Конан: «Любы поўны Збор твораў прадугледжвае грунтоўныя камэнтары, у якіх павінны давацца ўсе найбольш значныя варыянты і першакрыніцы. Можна прыняць за аснову апошні варыянт, але ў камэнтарах будзе ўказаны і першы».

Скобла: «Дык якраз і ідзецца пра тое, які варыянт прыняць за аснову! Ці — „голасам Бога ціха і важна гром адгукнуўся ўгары“, ці „голасам моцы...“ Бо хто ж чытае тыя камэнтары...»

Конан: «Тут я з вамі пагаджуся і лічу, што «моц» ня можа заняць месца «Бога», гэта недагляд, безумоўна. Але, з другога боку, я не люблю кніг без камэнтароў. Я заўсёды пачынаю чытаць кнігу з камэнтароў. Прывяду тут прыклад з паэмаю «Сымон-музыка». Першы яе варыянт выйшаў у 1918 годзе ў выданьні Беларускай Народнай Рэспублікі. У першым варыянце паэма — чыста хрысьціянская. А потым тэкст быў зьменены. Наколькі мне вядома, першы варыянт "Сымона-музыкі"таксама ўвойдзе ў Збор твораў".

Скобла: «Вы, дарэчы, лічыце гэтую паэму самым загадкавым творам у беларускай літаратуры. У чым вам бачыцца таемнасьць «Сымона-музыкі»?

Конан: «У гэтай паэме ёсьць нейкая тайна, нейкі сакрэт. Якуб Колас як бы прыадкрыў нейкую сугестыўнасьць мастацтва. Ён, нягледзячы на савецкую дапрацоўку, захаваў квінтэсэнцыю, аснову гэтай паэмы і паказаў, як пры дапамозе музыкі адбываецца ўваскрошаньне гераіні да новага жыцьця. Беларускіх паэтаў і сёньня часам іранічна называюць песьнярамі. Але насамрэч гэта надзвычай сур’ёзна. Ёсьць таямнічасьць духоўнага ўваскрошаньня чалавека, яго духоўнага пераўтварэньня, якраз пра гэта і пісаў Якуб Колас. А ў сваёй другой паэме — „Новай зямлі“ — ён паказаў беларускую нацыянальную ідэю. „Новая зямля“ — гэта мара пра Беларусь, якую плянавалі, якую ўяўлялі беларускія адраджэнцы. Гэта пераход зямлі ў рукі сялянаў, утварэньне фэрмэрскіх гаспадарак, тады было б створана ядро беларускасьці ў Беларусі. Але гэта ажыцьцявіць не ўдалося».

Скобла: «Усё напісанае Конанам можна назваць „конанічным“, настолькі гэта глыбока, з выхадам на ўсясьветную філязофію, на гісторыю хрысьціянства. Як вы лічыце, сучасны дасьледчык мусіць быць унівэрсальным, ці — засяроджвацца на адной тэме, на адной эпосе?»

Конан: «Унівэрсалізм і прафэсіяналізм не знаходзяцца ў супярэчнасьці. У Беларусі ўнівэрсалізм яшчэ мае пэрспэктыву, але, з другога боку, ёсьць небясьпека вузкай прафэсіяналізацыі. Я часам называю такую навуку пячорнай — дасьледчык увайшоў у сваю пячору і больш нічога ня бачыць. Часам трэба выходзіць з гэтай пячоры на шырокую прастору, як пісаў Якуб Колас — «на прасторы жыцьця».

АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: «БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА ЎЖО НЕ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ДЛЯ ПАЛЯКАЎ НЕЧЫМ ЭКЗАТЫЧНЫМ»


Уладзімер Арлоў
26 сакавіка ў польскім горадзе Гданьску было абвешчана імя першага ляўрэата прэміі «Эўрапейскі паэт свабоды». Ім стаў літаратар зь Беларусі Ўладзімер Арлоў. Па вяртаньні ў Менск ён адказаў на пытаньні нашага радыё.

— Навіна пра тое, што вы сталі першым ляўрэатам прэміі «Эўрапейскі паэт свабоды», выклікала даволі ажыўленае абмеркаваньне на форумах у інтэрнэце. Яно паказвае, што бальшыня беларускай публікі ня ведае, што гэта за прэмія і які мэханізм вылучэньня кандыдатаў на яе. Таму, калі ласка, раскажыце коратка пра саму прэмію і пра тое, як ваша кандыдатура трапіла ў лік намінантаў на яе.

— Прэмія «Эўрапейскі паэт Свабоды» заснаваная ўрадам Гданьску. Гэта адзін з крокаў у падрыхтоўцы гораду да статусу культурнай сталіцы Эўропы. Прысуджацца прэмія будзе раз на два гады. Магчыма, я ня ведаю ўсіх тонкасьцяў мэханізму вылучэньня, але ў агульных рысах гэта выглядае так. Напачатку вызначаюцца сем эўрапейскіх краінаў, паэты якіх гэтым разам могуць прэтэндаваць на прэмію. Права вылучэньня намінантаў аддадзена перакладчыкам. Менавіта яны і павінны вызначыць аўтара і кнігу, якія атрымліваць шанец на перамогу. Кніга павінна выйсьці не раней, чым за два гады да намінаваньня. Урэшце адбіраюцца сем кнігаў сямі аўтараў сямі краінаў, да якіх дадаецца намінант з Польшчы. Мая кніга вершаў «Паром празь Ля-Манш», што пабачыла сьвет у выдавецтве «Логвінаў», была прапанаваная Адамам Паморскім. Лічу, што мне вельмі пашанцавала, бо Паморскі — прадстаўнік эліты польскіх перакладчыкаў. Ён перастварае тэксты з ангельскай, нямецкай, расейскай, украінскай, а апошнім часам і зь беларускай моваў. Адаму Паморскаму мы найперш павінны быць удзячныя за зьяўленьне два гады таму двухтомнай польскамоўнай Анталёгіі беларускай паэзіі. У працы над перакладам маёй кнігі кансультантамі Адама Паморскага былі Лявон Баршчэўскі і беларуская пісьменьніца зь Беластоку Міра Лукша.

У выніку маімі канкурэнтамі былі паэты з Швэцыі, Францыі, Славеніі, Славакіі, Кіпру, Сэрбіі і Польшчы. Усе намінаваныя кнігі выйшлі ў перакладзе на польскую мову ў адным з самых аўтарытэтных выдавецтваў Польшчы «Slovo/Obraz/Terytoria» ў выдатна аформленай агульнай сэрыі. Менавіта зь перакладамі і мела справу журы, у складзе якога былі вядомыя польскія інтэлектуалы выдавец Кшыштаф Чыжэўскі, рэжысэрка Агнешка Голанд, пісьменьнік Павал Гюле, аўтарка культавага раману «Расейска-польская вайна пад бел-чырвоным сьцягам» Дарота Маслоўска, перакладчык Анджэй Ягадзінскі і іншыя. Кіраваў журы адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў легендарнага Ежы Гедройца прафэсар Кшыштаф Помян, які прыехаў у Гданьск з Парыжу. Як потым выявілася, на фінальным этапе з маёй кнігай канкуравалі «Паэма ад’езду» польскага паэта Анджэя Мандаляна і зборнік вершаў «Праца і дом» славенца Прымажа Чучніка, але «Паром...» шчасьліва давёз мяне да прэміі.

— У Гданьку за некалькі дзён да цырымоніі ганараваньня ляўрэата прэміі «Эўрапейскі паэт свабоды» вы мелі шэраг сустрэч з чытачамі. Як успрымалі польскія слухачы літаратара зь Беларусі і яго творы?

— У межах тыднёвага Гданьскага літаратурнага фэсту «Эўрапейскі паэт свабоды» мы з Адамам Паморскім мелі выступы ў літаратурнай кавярні «Ex libris» і перад студэнтамі філялягічнага факультэту Гданьскага ўнівэрсытэту, а таксама ўдзельнічалі ў круглым стале на тэму «Мастацтва перакладу». Давялося даць пару дзясяткаў інтэрвію. Літаратара зь Беларусі і яго творы польскія слухачы і журналісты ўспрымалі абсалютна адэкватна. Беларуская літаратура ўжо не зьяўляецца для палякаў нечым экзатычным. Толькі ў апошнія гады ў Польшчы выйшлі ўжо згаданая Анталёгія беларускай паэзіі, Анталёгія сучаснага беларускага апавяданьня, творы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава і Андрэя Хадановіча, Альгерда Бахарэвіча, Ігара Бабкова, Валянціна Акудовіча. «Паром празь Ля-Манш» — гэта мая трэцяя кніга па-польску. Раней былі два томікі прозы.

— Што вы адчулі, калі ваша імя старшыня журы назваў як імя ляўрэата?

— Найперш адчуў гонар за сваю краіну і яе літаратуру. Лічу, што гэта прэмія ўсім нам.

— А які розгалас у польскіх СМІ мела гэтая падзея, што пісалі пра яе польскія журналісты?

— Прэса была вельмі багатая. Пра намінантаў, іхнія кнігі і сустрэчы з чытачамі пісалі, здаецца, усе галоўныя польскія штодзённыя газэты і тыднёвікі. Гала-вечарына, прысьвечаная ўручэньню прэміі, трансьлявалася на адной з тэлепраграмаў. «Gazeta wyborcza» паведаміла пра ўручэньне прэміі на першай паласе. Я адзначыў бы інтэрвію, якія зьявіліся ў тыднёвіку «Polityka» і «Tygodniku powszechnym». Мяне распытвалі Ягенка Вільчак і Гжэгаж Нурэк. «Gazeta wyborcza» ўжо надрукавала рэцэнзію на «Паром...», напісаную паэтам Тадэвушам Дамброўскім.

— Ці паспрыяе, на вашу думку, гэтая падзея павелічэньню цікавасьці нашых заходніх суседзяў да сучаснай беларускай літаратуры?

Вельмі на гэта спадзяюся. І няхай заходнімі суседзямі будуць ня толькі палякі.


УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ. ВАНДРОЎНАЯ ПАЭМКА


я не памру
я дам нырца
ў нябыт

там будзе восень

і вецер
мне накрэсьліць шлях
куды
ісьці
каб ля чародкі сосен
пры возеры жывой вады
дзе неба ў просінь
мяне сустрэлі
некалькі жанчын
чамусьці восем

я пацалую
кожную
прычым
з аднолькавай пяшчотай
пацалую
застацца зь імі
не знайду прычын
і выгукне адна
наўсьлед:
сумую!

адна ўсяго
які забаўны сьвет!
ці гэты
ці мо той
адкуль прывёў
відушчы вецер
я ўжо ня ведаю
каторы мой
о ясны
о няўцямны сьвеце!

а вецер
павядзе мяне далей
углыб краіны
і ноч насунецца
і ўраньні Калізэй

я ўбачу з гор
у прыцемнай даліне
мы пройдзем неўзабаве
Картаген
і горад
у якім жывуць пінгвіны

а надвечар
каля антычных сьцен
дзе будзе паказальнік
«Троя»
мяне сустрэнуць
некалькі мужчын
чамусьці трое

у засені старых аліў
мы вып’ем грапы
там на прычале
з рыльца
і прыліў
пачнецца раптам
і тады
так
гэта ён!
Букоўскі Чарльз
няцьвёрда ступіць
з-за калён
і стане пятым
ня дамся дзіву
як за ім
да нас на госьці
падыдзе
Грабал Багуміл
і стане шостым

ну што такое літар
на шасьцёх
тым больш тут Чарлі
тубыльцу крыкнем
скрынку каб прыцёг
і грэцкіх літар
не расчытаўшы
каўтанем сынхронна

у пляшках чарлік
мой тутэйшы бог!
ня Хронас -
Дыяніс!
прымай дары данайцаў!

вы думаеце
што вы грэкі?
вы — засранцы!
гукне
у вусьціш
мэтар Чарлі
(сранцы! сранцы!
падхопіць рэха)
і каб белы сьвет няміл
вам стаў
усім
адкруцім яйцы!
кіўне з ухвалай
мэтар Багуміл

ды гэта будзе
толькі сон
вясёлы
ў тых шыротах
таксама сьняцца сны
і зноўку
я адзін
увосень
між раўнін
і гор бясконцых
як праклён
такі напэўна
кон
і вецер-праваднік
мяне пакінуў

куды ўзяць курс?
на Вільню
альбо Менск?
які там драхмы курс?
ці буду я багаты?
у Берасьце брысьці
да сябра
ці
ў Эфэс зьвярнуць
да дзядзькі Герастрата?

і дзе атайбавацца
ў небыцьці
каб мець сабе
прыстанак негалімы
у Полацак
на досьвітку прыйсьці
ці быць апоўначы
ў сьвятым Ерусаліме?

але такой тугой
мне сьцісьне скроні
што вецер вернецца
і хваляю тугой
ударыць грудзі
гэта знакам
будзе
і птушка сядзе
у мае далоні

пасланка з таго краю
дзе
яшчэ ня ўсё
дажыта і дапіта
дзе сонца таньчыць
у жывой вадзе
дзе голас твой
так срэбна-незабыта
струмком зазвоніць
зноўку
ў тэлефоне
з-за небакраю
ад чародкі сосен

тады
на строме
роспачы і веры
ўзгадаю я
адчыненыя дзьверы
з сэнтэнцыі Сэнэкі
каб туды
сысьці маглі
слабыя чалавекі

і голас твой
з дзьвярэй тых данясецца
як электронны ліст
наўпрост у сэрца
і рушу я да мора
ў паняверцы
але
цяпер з надзеяй самагубцы
не задыхнуцца
ў гэтай душагубцы

скала
куды я падымуся
будзе ўжо
дыханьнем пекла блізкага
сагрэта
о ластаўкі!
я ўспомню як
вы леціцё
увесну
там
дзе восень
яшчэ за летам
там
дзе неба ў просінь
вы леціцё
на сьвеце тым
за крок
ён стане гэтым

я не ўваскрэсну
дам нырца
ў жыцьцё

там будзе лета

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG