Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новую кнігу Алкаева хочуць прадставіць у сэйме Літвы


Мажлівасьць прэзэнтацыі ў сэйме Літвы новай кнігі Алега Алкаева пра зьніклых беларускіх палітыкаў абмеркаваў 9 красавіка ў Вільні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Менавіта актывісты АГП спрычыніліся да выданьня гэтага дакумэнтальнага твору.

Дапамагчы прадставіць гэтае выданьне ў траўні ў суседзяў Анатоль Лябедзька прасіў кіраўніка камітэту ў міжнародных справах парлямэнту Літвы Эмануіла Зінгерыса.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька і Эмануіл Зінгерыс знаёмыя гадоў дзесяць. Але сёньня спадар Зінгерыс упершыню прымаў беларускага госьця ў рангу старшыні парлямэнцкага камітэту. Ягоны папярэднік і аднапартыец Аўдронус Ажубаліс, які раней займаў гэту пасаду, стаў міністрам замежных спраў. А вакансію заняў кансэрватар Зінгерыс.

Анатоль Лябедзька кажа — перамовы прайшлі пасьпяхова:

«Для нас спадар Зінгерыс — гэта новы стары сябар. Ён дастаткова даўно заангажаваны ў беларускую праблематыку. Ён з таго крыла эўрапейскіх дэмакратаў, якія цьвёрда і прынцыпова прытрымліваюцца адной пазыцыі.

Падчас сёньняшняй сустрэчы мы абмеркавалі шэраг пытаньняў, пачынаючы ад „Эўранэста“ і канчаючы двухбаковай працай. Таму што літоўскі сэйм заўсёды падтрымліваў сталыя кантакты з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».

Асобнай тэмай размовы сталі пэрспэктывы супрацоўніцтва беларускай дэмакратыі з парлямэнтарамі Літвы ў 2011 годзе. Справа ў тым, што ў наступным годзе Літва будзе старшыняваць у АБСЭ, — адзначае спадар Лябедзька:

Для нас 2011-ы год будзе важным і адказным, паколькі Літва будзе старшыняваць у АБСЭ, а Польшча — у Эўразьвязе.
«Для нас 2011-ы год будзе важным і адказным, паколькі Літва будзе старшыняваць у АБСЭ, а Польшча — у Эўразьвязе. Гэта найбліжэйшыя да Беларусі краіны і нашы партнэры і хаўрусьнікі. Мы абмяркоўвалі гэту сытуацыю. Я думаю, што нам ужо трэба выпрацаваць свае прапановы да старшынства Літвы ў АБСЭ.

2011-ы год не за гарамі. І мажліва, трэба узяць некаторыя нашы ранейшыя напрацоўкі ў АБСЭ, прааналізаваць іх і нешта выкарыстаць. Вось так мы дамовіліся».

Палітычны аглядальнік кампаніі БелаПАН Марыя Рахлей адзначае: беларускай апазыцыі шмат зручней зьвязвацца са структурамі АБСЭ і Эўразьвязу, калі краіны, якія там старшынююць, нашы суседзі:

«Але, на жаль ці на шчасьце, пытаньне ня ў тым, з кім і як рэзультатыўна зьвязваюцца лідэры апазыцыі. Двухбаковыя дачыненьні паміж Беларусьсю і ЭЗ найперш залежаць ад паразуменьня паміж афіцыйнымі беларускімі структурамі і адпаведнымі структурамі ЭЗ. А датычна АБСЭ трэба памятаць, што ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прадстаўлена афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнага сходу. Беларусь мае сваё прадстаўніцтва ў Вене, якое працуе дастаткова эфэктыўна і прыкметна.

Праца, якую можа працягнуць апазыцыя ў Вільні і Варшаве — гэта лябіраваньне тых жа самых пэўных пытаньняў, кшталту правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў. На жаль, і апазыцыі, і грамадзянскай супольнасьці не хапае прасторы для дзейнасьці як у Беларусі, так і за мяжой».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG