Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў мастацкай галерэі «Ў» адкрыўся IV міжнародны фэстываль паэзіі «Парадак словаў».

Арганізатары фэсту — расейскі часопіс «Современная поэзия» і Беларускі ПЭН-цэнтар.

Сярод выступоўцаў Уладзімер Арлоў, Зьміцер Вішнёў, Алена Ісаева, Аляксандр Шышкін, Вольга Сульчынская, Лера Сом ды іншыя.

У межах адкрыцьця фэстывалю — прэзэнтацыя новай кнігі Андрэя Хадановіча «Несымэтрычныя сны».

10 красавіка ў галерэі «Ў» будуць гучаць сучасныя паэтычныя пераклады. Выступяць Павал Анціпаў, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль і Віталь Рыжкоў.

Віталь Рыжкоў: «Чатыры гады таму маскоўскі літаратар Андрэй Новікаў і менскі літаратар Андрэй Суліма вырашылі праводзіць сэрыйны двухдзённы фэстываль і запрасілі ўдзельнічаць у ім аўтараў зь Беларусі і Расеі. Мне пашанцавала ўдзельнічаць ва ўсіх.

Традыцыю падтрымаю сёньня і заўтра. Пастараюся наведаць пасьлязаўтра закрыцьцё.

Я іду туды з усім, як на Велікодны кірмаш, — і зь перакладамі і зь вершамі. Я прачытаю ўсё, што мне захочацца прачытаць, толькі гэта будзе парцыённа. Сёньня на адкрыцьці будзе некалькі новых аўтарскіх вершыкаў, заўтра буду чытаць сучасную замежную літаратуру. Напэўна, будуць пераклады з грузінскай мовы цудоўнага сучаснага паэта Георгія Нахутарышвілі і амэрыканскага слэмэра Дэйвэра Мэйлі».

10 красавіка адбудзецца прэзэнтацыя кніжнай сэрыі «Галерэя Б.», прэзэнтацыя кніг маскоўскага выдавецтва «Арт Хаус мэдыя», а таксама кніг выдавецтва «Галіяфы».

Увечары 10 красавіка ў кавярні «Валерыя» будуць выбіраць караля ці каралеву паэзіі.

На нядзелю 11 красавіка заплянавана паэтычная праграма «8 жанчынаў», а таксама прэзэнтацыя фэстывалю «Час і месца».
XS
SM
MD
LG