Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачынаецца распродаж «фамільнага срэбра»?


Віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што ўрад разглядае пытаньне пра продаж «Нафтану», «Белтрансгазу», МАЗу замежным кампаніям. Чаму раптам улады згаварылі пра прыватызацыю найбуйнейшых прадпрыемстваў? Ці пагражае нацыянальным інтарэсам кантроль расейскіх кампаній над гігантамі беларускай прамысловасьці? Ці пачнецца рэальная прыватызацыя?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак і эканаміст Зьміцер Бабіцкі.

Тацьцяна Манёнак
Зьміцер Бабіцкі
Валер Карбалевіч


Чаму актуалізавалася пытаньне пра прыватызацыю найбуйнейшых прадпрыемстваў?


Валер Карбалевіч: «Як вядома, дасюль у Беларусі кантроль дзяржавы над эканомікай ляжаў у аснове эканамічнай палітыкі ўладаў. Улады ўсяляк тармазілі прыватызацыю, лічылі, што дзяржаўная ўласнасьць — гэта аснова ўтрыманьня палітычнай улады. Але апошнім часам зьмяняецца калі не палітыка, то рыторыка. Афіцыйныя асобы ўсё часьцей пачалі казаць пра магчымасьць продажу найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў замежным кампаніям. У чым прычына зьмены падыходаў? У бюджэце скончыліся грошы? Або з дапамогаю прыватызацыі ўлады імкнуцца вярнуць ільготныя цэны на расейскія газ і нафту?»

Тацьцяна Манёнак: «Тут больш рыторыкі, чым справы. Такія размовы вядуцца даўно. Амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў казаў нядаўна, што з канца 1990-х гадоў вядуцца размовы пра прыватызацыю нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ) „Нафтан“, ужо на языку мазоль ад іх.

Цікавасьць расейскіх кампаній да прадпрыемстваў нафтахіміі існуе. Але яны лічаць, што патрэбна падпісаць міжурадавае пагадненьне паміж Беларусьсю і Расеяй, якое б гарантавала расейскаму бізнэсу іх інвэстыцыі ў нашай краіне. Таму што яны маюць нэгатыўны досьвед. Расейскія кампаніі будуць патрабаваць кантрольнага пакету акцый. Будзе адбывацца жорсткі торг».

МАЗ і «Белтрансгаз»


Зьміцер Бабіцкі: «Актуалізацыя пытаньня пра прыватызацыю зьвязаная з палітычнымі адносінамі паміж Беларусьсю і Расеяй. Заявы Сямашкі — гэта элемэнт торгу паміж краінамі.

Напрыклад, продаж МАЗу — гэта пытаньне палітычнае, бо зьвязана з сацыяльнымі наступствамі. І каньюнктура цяпер неспрыяльная для гэтага. У тым стане, у якім цяпер знаходзіцца МАЗ, цяжка ўявіць, што яго хтосьці купіць.
У тым стане, у якім цяпер знаходзіцца МАЗ, цяжка ўявіць, што яго хтосьці купіць.
Ня ведаю, у каго ў Расеі шмат грошай. Ня ведаю, якая з заходніх кампаній купіць прадпрыемства, асноўны рынак збыту якога — Расея».

Манёнак: «Чаму актуалізавалася пытаньне пра продаж чарговага пакету „Белтрансгазу“? Бо ў 2001 годзе заканчваецца дзеяньне доўгатэрміновага пагадненьня пра газ. Таму цяпер трэба думаць, на якіх умовах Беларусь будзе атрымоўваць газ пасьля гэтага. Сямашка заявіў, што Беларусь патрабуе роўнадаходных цэнаў для Расеі і Беларусі. Продаж „Газпрому“ кантрольнага пакету акцый „Белтрансгазу“ будзе галоўным козырам беларускага ўраду на перамовах пра новае газавае пагадненьне.

Акрамя таго, Беларусь прапаноўвае „Газпрому“ паўдзельнічаць у праектах на гарадзенскім „Азоце“, пабудаваць новыя магутнасьці для выпрацоўкі электраэнэргіі».

Ці ёсьць пагроза нацыянальным інтарэсам?


Карбалевіч: «Беларускія экспэрты і палітыкі, асабліва апазыцыйныя, заўсёды з насьцярожанасьцю ставіліся да прыватызацыі найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам. Бо існуе вялікая энэргетычная залежнасьць Беларусі ад Расеі. Цяпер, калі яшчэ прадаць расейскім кампаніям НПЗ, „Белтрансгаз“, Расея пабудуе за свае грошы АЭС, то што застанецца ад незалежнасьці Беларусі? А зь іншага боку, прадаваць НПЗ, „Белтрансгаз“ больш няма каму».

Бабіцкі: «Такія погляды мяне заўсёды зьдзіўлялі. Бо яны ня маюць дачыненьня да сучаснай эканамічнай тэорыі і практыкі. Гэта погляды 15-16 стагодзьдзяў. Цяпер у сьвеце адбываецца свабодны абмен капіталам, таварам, працоўнай сілай. Як прыхільнік вольнай рынкавай эканомікі я супраць такіх поглядаў. Хоць зразумела, што расейскія кампаніі шчыльней, чым заходнія, зьвязаныя з урадам. Але ці ёсьць у нас выбар? Бо расейскі бізнэс разьбіраецца ў нашым рынку лепш, чым заходні».

Карбалевіч: «Хачу нагадаць, што „Газпром“, які прэтэндуе на „Белтрансгаз“, — гэта дзяржаўная расейская кампанія. І сапраўды, расейскія кампаніі шчыльна зьвязаныя з урадам. І цяпер у Эўропе вельмі шмат гавораць пра тое, што Расея выкарыстоўвае газ і нафту як інструмэнт для палітычнага ціску, дасягненьня сваіх геапалітычных мэтаў».

Хто прыватызуе нашы прадпрыемствы?


Манёнак: «А чаму абавязкова прыйдуць расейскія кампаніі? Абвясьціце конкурс. Дарэчы, расейскія кампаніі маюць 42% Мазырскага НПЗ».

Карбалевіч: «Як вы лічыце, калі прадаць НПЗ расейскім кампаніям, то ці магчыма, што Расея зьменшыць або ўвогуле адменіць нафтавае мыта?»

Расейскія кампаніі купілі ўкраінскія НПЗ. У выніку яны зьнізілі аб’ёмы перапрацоўкі нафты да мінімальнага ўзроўню.
Манёнак: «Расейскія кампаніі купілі ўкраінскія НПЗ. У выніку яны зьнізілі аб’ёмы перапрацоўкі нафты да мінімальнага ўзроўню. Ня ўбачылі і капіталаўкладаньняў у іх. Дарэчы, і ў самой Расеі мадэрнізацыя НПЗ адбываецца ня вельмі хутка.

Унутраная эканамічная палітыка ў Беларусі перашкаджае прыходу замежных інвэстараў. Напрыклад, унутраны гандаль тут адбываецца не на рынкавых умовах. Сёлета за два месяцы Мазырскі НПЗ панёс страты ў 5 млн. даляраў з-за таго, што пастаўляў сваю прадукцыю гарадзенскаму „Азоту“ і наваполацкаму „Паліміру“ па танных цэнах. Які замежны інвэстар будзе працаваць у такіх умовах?»

Карбалевіч: «Вы кажаце, што трэба абвясьціць конкурс. Але як толькі нашы НПЗ купіць якая-небудзь нерасейская кампанія, то Расея спыніць сюды пастаўку нафты. Як гэта здарылася з Мажэйкяйскім НПЗ. Разумеючы гэта, хто сюды прыйдзе?»

Манёнак: «Кампанія, якая прыватызуе нашы НПЗ, павінна мець сыравіну, рынкі збыту, даць гарантыі інвэстыцый. Сапраўды, думаю, акрамя расейскіх кампаній, ніхто не праявіць цікавасьць да нашых НПЗ. Але ў любым выпадку прыватызацыя павінна адбывацца празрыста».

Ці не спазьніліся з прыватызацыяй?


Манёнак: «Адзін зь беларускіх чыноўнікаў нядаўна казаў, што калі ўрад захавае такія жорсткія ўмовы для прыватызацыі, то мы можам спазьніцца. Як, напрыклад, спазьніліся з продажам нафтаправоду „Дружба“. Расея будуе абходныя нафтаправоды, перавядзе туды сваё транспартаваньне нафты. І кошт беларускай трубы будзе зьніжаны.

Вось цяпер РФ зьбіраецца пабудаваць у Прыморску новы НПЗ. І пасьля гэтага колькі будуць каштаваць нашы НПЗ? Сямашка прызнаў, што прыватызацыя мотавелазаводу была няўдалай. На мой погляд, прычына ў тым, што спазьніліся яго прадаць, зрабілі гэта тады, калі завод ужо быў банкрутам. Думаю, тое ж адбылося з гадзіньнікавым заводам. Праблема ў тым, што ўлады глядзяць на прыватызацыю як на сродак папаўненьня бюджэту. А ня думаюць пра тое, каб зрабіць эканоміку больш эфэктыўнай»

Карбалевіч: «Размовы пра прыватызацыю НПЗ, „Белтрансгазу“, МАЗу ідуць ужо шмат гадоў і бяз выніку. А што гэтым разам? Можа, усё зноў абмяжуецца размовамі. Бо ў новых умовах, калі Расея ўвяла нафтавае мыта, будуе абходныя трубаправоды, цана нашых прадпрыемстваў упала».

Бабіцкі: «Сапраўды, эканамічная каньюнктура ў сьвеце неспрыяльная для продажу прадпрыемстваў. Ніхто іх купляць ня будзе. Але праблема ў тым, што прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў замежнымі кампаніямі — гэта ня ўдар па эканамічнай незалежнасьці нашай краіны, гэта ўдар па эканамічнай незалежнасьці ўраду».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG