Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дысьлексія – прыгожае слова: абцякальнае, вільготнае, бліскучае… Як сьвежае мяса русалкі. Калі б мне было няўцям, што яно значыць, я напісаў бы гістарычны раман і назваў бы так адну з гераіняў. “Дысьлексія Гелікарнаская сядзела ў засені курчастых дрэваў і ела авечы сыр. Пад яе празрыстай тунікай выразна, як дзьве сьпелыя аліўкі…” і г.д.

Але я не пішу гістарычных раманаў. Таму гаворка пойдзе пра іншую гераіню, пра восьмы цуд сьвету – статую Дысьлексіі Альбарутэнскай у Менску. Яна такая агромністая, што паміж яе расстаўленых ушыркі ног можа праехаць БелАЗ, а на грудзях штогод у траўні ладзіцца сьвята беларускага пісьменства і друку. Культ гэтай багіні перажывае ў краіне новы росквіт.

Дысьлексія – гэта, як вядома… Падсумоўваючы ўсё, што пра яе вядома, скажам так: у шырокім сэньсе дысьлексіяй называюць частковую ці поўную няздольнасьць чалавека да чытаньня і зьвязаныя з гэтым праблемы з маўленьнем і пісьмом. Гэта ні ў якім выпадку не хвароба, гэта асаблівасьць псыхічнага разьвіцьця, якой пры пэўных умовах можна нават ганарыцца. Дысьлексія сустракаецца ў людзей любога ўзросту, і калі ў дзяцей яна паддаецца карэктыроўцы, то з дарослымі ўсё значна складаней.

Паводле маіх назіраньняў, найбольш схільныя да дысьлексіі тры катэгорыі беларускіх грамадзянаў: міліцыянты, старшыні райвыканкамаў і літаратурныя крытыкі.


Уменьне пісаць, чытаць і выказваць свае думкі, натуральна, не належыць да найпершых абавязкаў міліцыянта.

Гэта не хвароба.
Некалькі год таму ўвесь айчынны інтэрнэт быў уражаны немудрагелістым відэаролікам: юны ахоўнік правапарадку, тыповы стрыжаны дысьлектык, у адказ на пытаньне карэспандэнткі, якімі якасьцямі, на яго думку, павінен валодаць сапраўдны міліцыянэр, памэкаў-пакрэкаў і здолеў назваць толькі дабрыню. Тут не паспрачаешся – дабрыня, як сьпявалася ў адным савецкім мульціку, “всех доверчівей і строже”.


Ня ведаю, ці мусіць чалавек у форме быць даверлівым, але строгасьці беларускім міліцыянэрам ніколі не бракавала. Ён заўжды па-бацькоўску строгі, гэты герой, гэты чалавек з чароўным дручком: у бязьлітасных вулічных баях з пэнсіянэркамі, студэнткамі і зубатымі журналісткамі; на тэлеэкране, калі ён, вечна насуплены, зь няўклюдным канцылярытам наперавес роспачна блукае ў трох словах, бы ў трох соснах; у ліставаньні з разбэшчанымі свабодай грамадзянамі. Грамадзяне ня скардзяцца, дысьлексія беларускіх міліцыянтаў дорыць людзям радасьць, што ня так ужо й мала ў наш жорсткі век. Нават звычайная аб’ява на дзьвярох правінцыйнага РУУС мае ўсе шанцы стаць гімнам Вялікай Альбарутэнскай Дысьлексіі або хохмаю тыдня для байнэту.


Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918

Такое ўражаньне, што ня толькі беларускія, але і расейскія Лексыка, Сынтаксыс, Граматыка, Артаграфія – гэта мянушкі чальцоў небясьпечнай міжнароднай банды, зь якой міліцыя ўжо даўно вядзе зацятую, але беспасьпяховую барацьбу. Цікава: прымусовая падпіска міліцыянтаў на газэту “На страже” – гэта наступства дысьлексіі ці сродак барацьбы зь ёй?

Што да старшыняў райвыканкамаў, то відавочна, што дысьлексія – неабходная ўмова для кожнага кандыдата на гэты высокі пост. Я быў знаёмы зь некалькімі менскімі старшынямі: ніводзін зь іх ня быў здольны сфармуляваць нават простую думку, ні вусна, ні пісьмова, ні моваю жэстаў.

Шоргат, пыхценьне, пот.
Чытаць яны ня ўмелі, хаця й спрабавалі – замілавальнае гэта відовішча, калі старшыня райвыканкаму спрабуе чытаць уголас газэту, асабліва па-беларуску: шоргат, пыхценьне, з чалавека ліецца пот, вочы сьлязяцца, лоб перасякае пакутная складка: па сваёй інтымнасьці і напружанасьці гэты працэс можна параўнаць хіба з наведваньнем прыбіральні. Мае знаёмыя старшыні райвыканкамаў былі сьмелыя, хаця і недалёкія людзі, некаторыя нават зрэдзьчас наважваліся на публічныя выступы. Кожная такая прамова нагадвала суцэльны абырвалг. Калі старшыня райвыканкаму заблытваецца ў словах (а гэта звычайна адбываецца адразу пасьля прывітальнае фразы), ён пачынае хапаць ротам паветра. “Дарагія вецераны! Ў ліцэ нашава іспальніцельнава каміцета нашава раёна… пазвольце меня паблагадарыць у вашам ліцэ…“


Вядома ж, кіраваньне цэлым раёнам вымагае ад старшыні значна менш высілкаў, чым кіраваньне дзеясловамі, а схіленьне падначаленых у патрэбныя позы – нашмат прыемнейшы занятак за скланеньне нейкіх там назоўнікаў. Калі пра старшыню нешта пішуць у прэсе – хай сабе нават хвалебную оду для дзяржаўнай газэты – ён заўжды патрабуе прынесьці гатовы матэрыял на вычытку: ці няма там крамолы або памылкі. Але дысьлектыку, як бы ён ні блішчаў акулярамі, непадуладнае мастацтва чытаньня. Старшыня ніколі не чытае сам, за яго чытае сакратарка або іншая якая “вумная жэншчына” з прыёмнай. Старшыня толькі расьпісваецца, суворым выканаўчым росчыркам, бо так ніхто ніколі не даведаецца, колькі памылак ён зрабіў ва ўласным прозьвішчы.


А вось літаратурныя крытыкі свае прозьвішчы напісаць могуць, і не адзін раз. Доўгія гады трэніровак не мінулі дарма. Крытыкі на Беларусі ёсьць разумныя і яркія, але і дысьлектыкаў сярод іх хапае, адно другому ўсё ж не замінае. Крытык-дысьлектык даўно ўсьвядоміў, што чытаньне кніжак – нудны і зь дзяцінства ненавісны занятак – гэта такі элемэнт ягонай працы, безь якога лёгка можна абысьціся.

Дысьлексія не ўплывае на інтэлект.
Зацікавіўшыся нейкаю кнігай, крытыкі-дысьлектыкі робяць так: зьбіраюць чуткі пра асабістае жыцьцё аўтара (з кім сьпіць, на што хварэе і за якія грошы жыве – гэта няцяжка і звычайна дае нагоду для не абы-якіх філязофскіх развагаў), разглядваюць, як дзеці, вокладку, прыгадваюць пару-тройку завучаных калісьці на філфаку ці журфаку клясычных цытатаў – і крытычны артыкул гатовы.


Засталося запісаць яго і надрукаваць, і вось тут дысьлектыка чакае самая вялікая праблема. Да аналізу дысьлектык ня здольны і сфармуляваць што-кольвечы ён таксама ня можа. Таму нікому не патрэбная ягоная крэмзаніна. Бо ён піша пра кнігі, якіх не чытаў. З такім жа посьпехам ён мог бы прымаляваць асадкай рожкі на партрэце аўтара. Каму гэта трэба? – хіба што такому самаму крытыку-дысьлектыку, яны любяць параўноваць сваю дысьлексію з чужой, у каго няздарнейшая і валасацейшая. І тады паміж дысьлектыкамі пачынаецца грызьня, якую ў холдынгу ЛіМ называюць “літаратурным працэсам”. Дзякуй Богу, сапраўднай літаратуры проста не застаецца тут месца.


Тэадор Левантовіч. Анахарэт

Безумоўна, вышэйзгаданымі грамадзянамі сьпіс Вялікіх Беларускіх Дысьлектыкаў не абмяжоўваецца – сюды можна было б дадаць процьму народу: ад акадэмікаў і член-карэспандэнтаў да камэнтатараў на форуме “Нашай нівы” і іншага паспалітага інтэрнэтнага люду, для якога любы тэкст, даўжэйшы за тры словы – “многабукф”…


Усе гэтыя людзі вучыліся ў школе, а некаторыя – яшчэ і ва ўнівэрсытэтах. Дысьлексія не перашкодзіла ім атрымаць адукацыю, пасаду і рэгулярны заробак, а часам і ўладу. Дысьлексія наогул не ўплывае на інтэлект.

Іх называюць адсталымі.
Тым ня менш у школе дзеці-дысьлектыкі звычайна сутыкаюцца з пагардаю і непрыманьнем, як з боку вучняў, так і з боку аднаклясьнікаў. Іх называюць адсталымі, бо яны не падобныя да іншых. У дысьлектыкаў свае рахункі да чалавецтва…


Кожны з нас у дзяцінстве перажывае гэтую своеасаблівую ініцыяцыю – вучыцца пісаць, чытаць, правільна гаварыць. Па сваёй значнасьці яе можна параўнаць хіба з хрышчэньнем. Навучыўшыся ўсяму гэтаму, чалавек атрымлівае будучыню і мінуўшчыну. Як пісаў Геніс, “будучае зьявілася адначасова з пісьмовасьцю”. Уменьне пісаць, чытаць і асэнсоўваць прачытанае адразу ж перакідвае нас у зусім іншую, чым раней, сыстэму каардынатаў, яно ставіць нас пасярэдзіне вялізнага цыфэрбляту Часу, і мы скачам над імклівымі стрэлкамі. Аднак ці ўдасканальвае нас такая фізкультура?


Дысьлексія – разнавіднасьць альтэрнатыўнай адоранасьці. Паводле апошніх дасьледаваньняў, дысьлектыкі проста не ўспрымаюць двухвымернасьці, у якой існуе напісаны тэкст, яны жывуць у трох- , чатырохвымерным сьвеце, у іх іншыя апорныя кропкі для арыентацыі ў прасторы. Кепска гэта ці добра? Ці не нагадвае абавязковая карэктыроўка дысьлексіі колішняе змаганьне зь ляўшамі і іншымі “няправільнымі” індывідамі, бессэнсоўную падгонку чалавека пад нейкую сумнеўную норму?

Дысьлексія – альтэрнатыўная адоранасьць.
Дзяржавы, абвяшчаючы ў пэўны момант сваёй гісторыі курс на татальную пісьменнасьць грамадзянаў, адначасова руйнавалі ўсе здабыткі народнай непісьмовай культуры, створаныя ў, так бы мовіць, дысьлексічны пэрыяд, калі ў народнай сьвядомасьці не існавалі ні літары, ні радкі, калі ёй кіраваў толькі чысты дух творчасьці, калі чалавек яшчэ не пісаў і не чытаў, але быў значна больш чулы да прыгажосьці.


Такім чынам, маючы праблемы з чытаньнем і пісьмом, дысьлектыкі могуць значна пераўзыходзіць астатніх людзей у іншых сфэрах. У кожным дысьлектыку, магчыма, дрэмле і пахропвае геній. Нездарма на Беларусі так шмат дысьлектыкаў: патрыёты ўжо даўно ўнушаюць нам, што наша белакрылая Радзіма – богаабраны край, рэзэрвацыя мэсіяў, вундэркіндаў і іншых кіндэрсюрпрызаў. Нядаўна высьветлілася, што дысьлектыкамі і беларусамі ў душы былі Айнштайн, Дыснэй, Ганс-Хрыстыян Андэрсэн, Кузьма Шварц і Джордж Буш-малодшы. Цалкам верагодна, што калі б некаторыя міліцыянты заняліся мультыплікацыяй, старшыні райвыканкамаў пачалі прыдумляць казкі, літаратурныя крытыкі задумаліся пра адноснасьць сьвету, а блогеры памяняліся месцамі з акадэмікамі, навокал было б крышку больш гармоніі, а старонка наша родная дысьлектычна квітнела б усім на зайздрасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG