Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім Палацы мастацтва прайшла прэзэнтацыя мультымэдыйнага DVD-дыску “Барды Свабоды”. Гэта зборнік гутарак і песень 50-ці ўдзельнікаў аднайменнай перадачы нашага радыё, якія ідуць у эфіры зь верасьня 2008 году.


За амаль 2 гады прагучалі песьні блізу сотні бардаў. Аўтар перадачы – Зьміцер Бартосік.

Гэта ўжо чацьверты мультымэдыйны дыск “Свабоды”. Першым быў аўдыёдыск “Быкаў на Свабодзе”, далей – два CD-дыскі “Начной чытанкі”.

Адметнасьць гэтага праекту ў тым, што гэта мультымэдыйны DVD-дыск “Барды Свабоды”, на якім, акрамя гутарак і песень 50-ці ўдзельнікаў аднайменнай перадачы, сабраныя PDF-вэрсіі ўсіх кніг з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”.

Адкрывае дыск "Барды Свабоды" ўступнае слова дырэктара беларускай Свабоды Аляксандра Лукашука, які запісаў яго ў поўнай адпаведнасьці з законамі бардаўскага жанру.

СЛУХАЦЬ:


Жывы рэпартаж зь вечарыны Іны Студзінскай:

На пачатку імпрэзы Зьміцер Бартосік зазначыў, што калі б яму некалі раней сказалі, што ў Беларусі можа быць пад дзьве сотні бардаў, і што столькі бардаўскіх песень могуць зьмясьціцца на адну кружэлку, ён ніколі б не паверыў.

На імпрэзе гітару ўзяў дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і заслужыў аплядысмэнты: ён прасьпяваў сапраўдную оду бардаўскай песьні.

Сьпявае Аляксандар Лукашук

Пачалі выступы прадстаўнікі старэйшага пакаленьня. Хаця што значыць “старэйшага”: у Зьміцера Сідаровіча, да прыкладу, якому 44 гады, ужо 30 гадоў стажу бардаўскай песьні. Але ёсьць тут і зусім маладыя, юныя барды. Дарэчы, бард – гэта ня толькі чалавек з гітарай: тут і флейты, і дудачкі, і баяны.

Зьміцер Сідаровіч

Павесяліў публіку Андрэй Хадановіч. Ён прызнаўся, што бог даў яму паэтычны дар, але ня даў музычнага, і ён адзіны бард, які прызнаецца, што крадзе музыку ў іншых. Ён пацешыў публіку францускім шансонам.

Андрэй Хадановіч

На імпрэзу прыйшлі вядомыя людзі: Уладзімер Арлоў, Пятро Садоўскі, Алег Трусаў, Алесь Пашкевіч, многія прывялі дзяцей.

Публіка прымала цёпла

Вельмі прыязная і цёплая атмасфэра пануе тут. Нават супрацоўнікі і наведнікі палацу мастацтваў, пачуўшы такую цудоўную музыку, заходзяць у залю.

Онлайн-вэрсія дыску "Барды Свабоды".
XS
SM
MD
LG