Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандроўка па Каралеўскім батанічным садзе


Іван Лепешаў

Іван Лепешаў

Стары парк у цэнтры Горадні існуе з каралеўскіх часоў. Тады гэта быў батанічны сад, заснаваны францускім навукоўцам, батанікам Жанам Эмануэлем Жылібэрам. За апошні час у парку адбылася рэканструкцыя. Ці ўсё задавальняе гарадзенцаў тут сёньня?

Дзень пры дні ходзіць цераз парк на працу ва ўнівэрсытэт прафэсар Іван Лепешаў. І кожны раз прамінае абэліск савецкім салдатам, які зьявіўся ў парку пасьля вайны.

Лепешаў: «Я даўно гаварыў, што нідзе, відаць, у вялікіх гарадах няма такога, каб сярод парку быў помнік воінам Савецкай арміі. Проста гэта недарэчнасьць нейкая, я гэтага не ўспрымаю, гэта неэтычна нават. Вось мы зь пісьменьнікам Карпюком ішлі некалі па парку, калі ён быў жывы. Пра помнік гэты загаварылі, я тады выказаў яму гэтыя думкі. Я бываў у многіх гарадах савецкіх, і ў Польшчы, але нідзе ня бачыў, каб у парку быў помнік мёртвым, хай сабе і савецкім воінам. Ён спачатку нейк успрыняў... Але потым задумаўся і кажа: гэта вы правільна сказалі, можна было пахаваць іх у іншым месцы, толькі ня ў цэнтры гораду і пасярод парку, дзе людзі ходзяць».

Салдацкі абэліск на месцы, дзе калісьці стаяў палац каралеўскага старасты Антонія Тызэнгаўза

Частку парку займае тэрыторыя за плотам. Там вайсковая камэндатура, прычым месьціцца яна ў старой трохпавярховай камяніцы, пабудаванай яшчэ за каралеўскім часам. Раней там была мэдычная акадэмія. Некалькі гадоў таму ўлады прынялі рашэньне выселіць яе, але вайскоўцы дагэтуль застаюцца ў помніку архітэктуры.

Камэндатура ў былой мэдычнай акадэміі, таксама заснаванай Ж.Э.Жылібэрам.

Васіль Чубіч
, галоўны спэцыяліст-архітэктар «Гроднажылпраекту»:

«Паколькі я архітэктар, то, канечне ж, было б цудоўна, каб гэты будынак належаў парку. Натуральна, што камэндатура тут ня вельмі да месца. Ёй тут зручна, але для гораду гэта страчаны будынак. Безумоўна, хацелася б яго мець у ансамблі ўсяго парку. Наш інстытут займаецца і сучаснымі будынкамі, але найбольш рэканструкцыяй і капрамонтам старога жытла, у тым ліку ў цэнтры гораду. У нас няма як такіх помнікаў архітэктуры, у нас ёсьць, напэўна, помнікі культурнай спадчыны. Гэтым таксама займаемся, вядзем і даволі вялікую навуковую працу па гэтых аб’ектах».

У парку Жылібэра любяць бываць маладыя, фатаграфуюцца каля абэліску, чапляюць замочкі на мосьціку цераз Гараднічанку, іх тут цэлыя гронкі. Ці дапамагае гэта, каб шлюб быў моцны?

Мосьцік цераз Гараднічанку з замкамі шлюбных параў.

Спадарыня
: «Не, не дапамагае. Я ня веру ў гэта. Я б не хацела сама павесіць тут замок».

Спадар: «Не, гэта прыгожа і, напэўна, змацоўвае штосьці, каб сям’я мацнейшая была. А я яшчэ ня замужам, вой, не жанаты. Але хацеў бы, каб і мой замочак тут таксама вісеў. А ключ выкіну ў Гараднічанку (сьмяецца)».

Батанічны сад на гэтым месцы Жан Эмануэль Жылібэр заснаваў дакладна 235 гадоў таму — у 1775 годзе.
XS
SM
MD
LG