Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адказаў Абама на перасьцярогі Цэнтральнай Эўропы


Праграма візыту амэрыканскага прэзыдэнта ў Прагу ўключала сустрэчу зь лідэрамі краін Цэнтральнай Эўропы, якія ўваходзяць у НАТА. Некалькі месяцаў таму некалькі адстаўных кіраўнікоў краін Цэнтральнай Эўропы зьвярнуліся да амэрыканскага прэзыдэнта з адкрытым лістом, у якім заклікалі яго не губляць увагі да рэгіёну, папярэджвалі пра небясьпеку расейскага экспансіянізму і прасілі не ахвяраваць інтарэсамі Цэнтральнай Эўропы дзеля “перазагрузкі” адносін з Расеяй. У якой ступені на сустрэчы прэзыдэнта Абамы зь дзейнымі кіраўнікамі краін Цэнтральнай Эўропы быў дадзены адказ на заклік былых кіраўнікоў гэтых краінаў? На гэтае пытаньне адказвае аналітык нашага радыё Джэрэмі Брэнстан.


Брэнстан: Былі прычыны, чаму прэзыдэнт Абама вырашыў падпісаць дамову з прэзыдэнтам Мядзьведзевым менавіта ў Празе. Адна з прычын – тое, што менавіта ў Празе год таму ён выступіў з прамовай наконт скарачэньня ядзерных узбраеньняў. Другая прычына – намер пераканаць лідэраў краін Цэнтральнай Эўропы, што Амэрыка застаецца іх цьвёрдым саюзьнікам.

Некалькі месяцаў таму віцэ-прэзыдэнт Джозэф Байдэн прыехаў сюды з аналягічным пасланьнем. Потым ён паехаў ва Ўкраіну і ў Грузію, каб паўтарыць тое ж пасланьне. Такім чынам амэрыканцы хацелі супакоіць лідэраў краін Цэнтральнай Эўропы і пераканаць іх, што няма чаго баяцца. Як сказаў учора на брыфінгу дарадца Абамы Майкл Макфол, палітыка адміністрацыі Абамы наконт паляпшэньня адносінаў з Расеяй , адкрытасьць і дыялёг зь ёй павінны быць на карысьць, а не на шкоду ўсяму рэгіёну.

Адміністрацыя Абамы не разглядае сытуацыю, як нейкі абмен. І, дарэчы, у кулюарах сустрэчы амэрыканскія прадстаўнікі выказвалі пэўнае расчараваньне ў сувязі з прыгаданым лістом, падпісаным былымі кіраўнікамі дзяржаваў Цэнтральнай Эўропы, у якім ставілася пад сумнеў пазыцыя Амэрыкі, якая нібыта пакідае гэты рэгіён. Амэрыканцы былі крыху раздражнёныя гэтым. Адзін дараднік адміністрацыі на ўмовах ананімнасьці сказаў: “Мы зробім усё магчымае, каб не дапусьціць у гэты рэгіён расейскія танкі. Але калі гутарка ідзе пра расейскія банкі, то мы спадзяемся на дапамогу нашых партнэраў”.

Ён меў на ўвазе экспансію расейскага капіталу, расейскіх грошай у рэгіён. І гэтай экспансіі спрыяюць не амэрыканцы, а самі цэнтральнаэўрапейцы. Такім чынам, яны ня маюць падставаў скардзіцца на рост расейскага ўплыву ў рэгіёне, калі яны яму самі спрыяюць і карыстаюцца яго плёнам.
XS
SM
MD
LG