Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 8 красавіка.


З 5 па 8 красавіка ў М'янме знаходзілася беларуская дэлегацыя, якая, як паведамляюць СМІ, вывучала магчымасьці супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сфэры. Слухач Свабоды цікавіцца падрабязнасьцямі.

Спадар: "Па радыёстанцыі ВВС прайшла інфармацыя пра тое, што беларуская ваенная дэлегацыя знаходзіцца ў нейкай рэспубліцы, якая амаль нікому не вядомая, пад назвай М'янма. Што яны там робяць і што зьбіраюцца прадаць гэтай рэспубліцы? Няўжо каб разьвязалася новая вайна?"

На пытаньне адказвае беларускі ваенны аглядальнік Аляксандар Алесін:

"У савецкі час зь Бірмай, як у свой час называлася М'янма, былі досыць цесныя ваенна-тэхнічныя сувязі і была пастаўлена досыць вялікая колькасьць узбраеньня. З таго часу гэтае ўзбраеньне часткова выйшла з строю, часткова састарэла. Нашы прадпрыемствы ВПК распрацавалі для краін — зараз іх называюць "тыя, што разьвіваюцца" — праграму мадэрнізацыі гэтага ўзбраеньня. Тут пытаньне іншае: нейкі час таму М'янма засьвяцілася ў парушэньні правоў чалавека, і там былі вельмі жорсткія рэпрэсіі супраць іншадумцаў, якія суправаджаліся кровапраліцьцем. Вайны ня будзе, але як паглядзіць міжнародная супольнасьць на ўзмацненьне абароннага патэнцыялу М'янмы, якая лічыцца адной з краін, дзе парушаюцца правы чалавека, — могуць такія пытаньні ўзьнікнуць”.

Сытуацыя ў Кіргізстане" турбуе многіх слухачоў “Свабоды”. Меркаваньне пра яе выказвае спадар Анатоль:

Спадар Анатоль: "У Кіргізіі паказваюць апошнія падзеі: боская нацыя для свабоды, дзеля таго, каб ня быць рабамі, у 21 стагодзьдзі дзясяткі кіргізаў ахвяравалі жыцьцём, сотні параненыя. І ня трэба верыць, што там уладараць марадэры. Як сьведчаць сродкі масавай інфармацыі, марадэры тыя, як і тыя, хто страляў у безабаронных людзей, прысьпешнікі і слугі дыктатара Бакіева, яго клану".

Мы таксама атрымалі водгук на званкі нашых слухачоў пра сытуацыю ў Кіргізстане. Вось што кажа спадар у адказ на ўчорашняе тэлефанаваньне:

Спадар: "Слухач заявіў, што пасьля каляровых рэвалюцый і прыходу да ўлады дэмакратаў стала толькі горай. Справядліва, але ці азначае гэта, што да рэвалюцый было лепей? Рэвалюцыі правакуе сама ўлада, якой бы яна ні была. Так царская ўлада разваліла Расейскую імпэрыю, камуністы развалілі Савецкі Саюз, дэмакраты, якія хутка становяцца дыктатарамі, развальваюць усё астатняе. І Лукашэнка тут нічым ня лепшы. Прычына ў няправільнай маралі, якую стварае няправільная рэлігія. Калі ўлада піша законы, чым яна кіруецца? Хіба не маральлю? Д’ябал вельмі задаволены: мараль кіруе".

Па-ранейшаму хвалююць слухачоў “Свабоды” выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, якія адбудуцца 25 красавіка. Спадар Андрэй з Салігорску мае некалькі парадаў наконт выбараў:

Спадар Андрэй: "На гэтыя выбары трэба сабрацца ўсім і ў адзін дзень галасаваньня. Толькі не заходзіць для галасаваньня, а ўсім сабрацца і не разыходзіцца. Пастаяць каля выбарчых участкаў і на запытаньне, чаму не заходзіце галасаваць, адказаць: пакуль ня будзе празрыстых скрыняў, пакуль ня будзе скасавана датэрміновае галасаваньне, ніхто ня будзе галасаваць. Пастаялі гадзіны дзьве-тры (цяпер цёпленька) і сабраліся па дамох. Вось гэта будзе рэпэтыцыя, будзе паказана на наступныя прэзыдэнцкія выбары, што гэта ў іх больш ня пройдзе".

Шаноўныя слухачы!

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG