Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі пасьля таго, як у Першамайскім раёне ледзяшамі ледзьве не забіла дваіх дзяцей, на працу камунальнікаў зьвярнулі ўвагу гарадзкія ўлады і дзяржкантроль.


Няшчасныя выпадкі здарыліся 20-га і 22-га сакавіка: ледзяныя глыбы, якія зваліліся зь нячышчаных дахаў, нанесьлі цяжкія цялесныя пашкоджаньні дзяўчыне-старшаклясьніцы і хлопчыку дашкольнага ўзросту. 5-гадовы Арцём зь цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай дагэтуль не прыйшоў у прытомнасьць і знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленьні дзіцячага шпіталя.

Пракуратура яшчэ вырашае, ці распачынаць крымінальныя справы па артыкуле “службовая халатнасьць”, але аблвыканкам ужо вызначыў вінаватых. Імі сталі прадстаўнікі ніжэйшага і вышэйшага ўзроўню гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі: свае пасады страцілі начальнікі двух ЖЭУ, на тэрыторыі якіх пацярпелі дзеці, а таксама дырэктар гарадзкой службы ЖКГ Віталь Іваноў. Вымову атрымаў кіраўнік Першамайскай раённай управы ЖКГ Дзяніс Дзядзінкін, заўвагі абвешчаны начальніку абласной управы Андрэю Шорцу і старшыні віцебскага гарвыканкаму Віктару Нікалайкіну.

Андрэй Шорац балятуецца ў дэпутаты абласнога савету па Дубровенскай акрузе № 12. А звольнены Віталь Іваноў балятуецца ў дэпутаты гарадзкога савету па Маскоўскай выбарчай акрузе № 22.
XS
SM
MD
LG