Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх бардаў аб'ядноўвае ўлюбёнасьць у роднае слова


Сёньня а 17-й гадзіне ў менскім Палацы мастацтва адбудзецца прэзэнтацыя мультымэдыйнага DVD-дыску “Барды Свабоды”. Гэта зборнік гутарак і песень 50 ўдзельнікаў аднайменнай перадачы нашага радыё. Зь вядучым перадачы і ўкладальнікам дыску Зьмітром Бартосікам гутарыў Сяргей Абламейка.


"Як вам працавалася і працуецца ўжо другі год з бардамі?"


"Насамрэч, працавалася і працуецца вельмі лёгка, хоць спачатку я ня вельмі верыў у посьпех гэтага прадпрыемства. Бо, як вядома, у Менску на вялікіх пляцоўках даўно не адбываліся бардаўскія канцэрты. Беларускія аўтары выступаюць больш па кватэрах і маленькіх клюбах, таму я нават не ўяўляў, наколькі жанр узбагаціўся новымі імёнамі, песьнямі. Калі б сёньня ўсіх бардаў, якія ў нас выступілі, сабраць на адзін вялікі фэстываль, і кожнаму даць па 15 хвілін, то такі канцэрт доўжыўся б 30 гадзін без перапынку".

"Вы сам бард, маеце два дыскі. Як бы вы ацанілі сучаснае разьвіцьцё гэтага жанру ў Беларусі. На якім эвалюцыйным ён этапе знаходзіцца – нараджаецца, у росквіце, ці на заходзе?"

"Вядома, гэта не нараджэньне. Можа быць, росквіт. Хаця таксама не зусім... У 1980-я гады адносна бардаўскай песьні была прыдумана такая "сьмяшылка". "Паэтам можаш ты ня быць, а музыкантам быць ня можаш". Сёньня такое вызначэньне не працуе абсалютна. Бо сёньняшняе пакаленьне выхоўвалася ў асноўным на року, гэта абсалютна іншае музычнае мысьленьне і зусім іншае валоданьне інструмэнтам. Як правіла, ім адной гітары мала. Яны дадаткова выкарыстоўваюць скрыпкі, віялянчэлі, флейты, баяны. Карацей, сёньняшняя бардаўская песьня – гэта ня проста жанр пад просты акампанэмэнт. Але я ўсё роўна лічу, што, нацешыўшыся скрыпкамі, сьпеўная паэзія ўсё роўна вернецца да голасу і гітары. Бо галоўнае ўсё роўна -- тэкст і артыстызм у гэтым жанры".

"Што за людзі – барды? Чым яны адрозьніваюцца ад астатніх людзей, ці ёсьць у іх нейкія агульныя рысы характару і асобы? У кароткай прадмове да дыска вы пішаце, што гэта гарадчукі, якія вырашылі самарэалізавацца з дапамогай беларускай мовы... "

"Гэта людзі абсалютна розныя па ўзросьце, па роду заняткаў, па жыцьцёвым досьведзе. Сярод іх ёсьць лекары, студэнты, настаўнікі, інжынэры, кампутаршчыкі. Нават па нацыянальнасьці гэта людзі розныя, ёсьць сярод іх і расейцы. А аб'ядноўвае іх неабыякавасьць да лёсу сваёй краіны і ўлюбёнасьць у беларускае слова. А галоўнае – вера ў сьветлую будучыню гэтага слова".

"Ну і на заканчэньне нашай гутаркі, раскажыце, калі ласка, троху пра прэзэнтацыю – як яна будзе праходзіць?"


"Мне хочацца верыць, што гэта будзе прыгожы канцэрт, вялікае сьвята аўтарскай песьні. Канцэрт вялікі, якога даўно ў Менску не было. Будуць сьпяваць і "мэтры" жанру: Сідаровіч, Камоцкі, Несьцярэнка. Будуць і маладыя зоркі: Беланогая, Ваданосава, Зайцаў... Карацей, паслухаць будзе каго, прыходзьце – не пашкадуеце!"

Онлайн-вэрсія дыску "Барды Свабоды".
XS
SM
MD
LG