Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын экс-прэзыдэнта Грузіі Гамсахурдыя атрымаў 9,5 гадоў турмы


Тбіліскі гарадзкі суд 8 красавіка вынес прысуд сыну экс-прэзыдэнта Грузіі Цотнэ Гамсахурдыя – 9,5 гадоў турэмнага зьняволеньня. Цотнэ Гамсахурдыя, які быў арыштаваны ў кастрычніку 2009 году, прызнаны вінаватым у спробе забойства свайго суседа. Акрамя таго, ён абвінавачаны ў незаконным захоўваньні і нашэньні агнястрэльнай зброі. Адвакат падсуднага мае намер абскардзіць гэтае рашэньне. Сам Гамсахурдыя называе суд над ім палітычна матываваным з прычыны яго апазыцыі да дзейнага прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі.

У 2008 годзе Ц.Гамсахурдыю было прад'яўленае абвінавачваньне па трох артыкулах КК Грузіі – "шпіянаж", "удзел у змове з мэтай зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу" і "наўмыснае нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў". Па сукупнасьці абвінавачваньняў яму пагражала да 20 гадоў турмы. Але пазьней абвінавачваньні былі зьнятыя.
XS
SM
MD
LG