Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску выберуць караля паэтаў


9 красавіка ў Менску пачынаецца трохдзённы Міжнародны паэтычны фэст "Парадак слоў". Адкрыцьцё адбудзецца сёньня а 18:30 у галерэі "Ў". А самай відовішчнай імпрэзай фэсту абяцае стаць заўтрашні выбар караля паэтаў.

Арганізатары фэсту – расейскі часопіс “Современная поэзия” і Беларускі ПЭН-цэнтар. Старшыня ПЭН-цэнтру паэт Андрэй Хадановіч кажа, што "Парадак слоў", які сёлета пройдзе ў Менску чацьвёрты раз, першапачаткова прыдуманы для пераадоленьня бар'ераў, стэрэатыпаў і фарматаў, дзеля большай адкрытасьці, талерантнасьці і паразуменьня. Сёлета праграма разьбітая на мноства імпрэзаў, а ў сьпісе беларускіх выступоўцаў увесь спэктар сучасных творцаў – ад Адама Глобуса і Дзьмітрыя Строцава да Веры Бурлак і Віталя Рыжкова.

"Усярэдзіне фэсту штосьці рыхтуецца Зьмітром Вішнёвым і прадстаўляецца дзейнасьць выдавецтва "Галіяфы", а штосьці рыхтуецца абсалютна іншым літаратарам Ігарам Бабковым, які прадстаўляе інтэлектуальную паэзію. А штосьці рыхтуецца Марыяй Мартысевіч, якая прадстаўляе міжнародную праграму "Жанчыны на мяжы нэрвовага зрыву", дзе мы рызыкуем пабачыць фэміністак, антыфэміністак і проста добрых паэтак зь некалькіх краін".

Да адметнасьцяў фэсту, зазначае спадар Хадановіч, належыць і тая, якая адбудзецца ўвечары 10 красавіка ў кавярні "Валерыя".

"Упершыню ў Беларусі адбудзецца турнір паэтаў з выбіраньнем караля ці можа быць вялікага князя, ці можа быць князёўны паэзіі. З аднаго боку – гэта абсалютна несур'ёзная забава, але не сумняваюся, што хтосьці пабачыць гэта вельмі сур'ёзна і зь вялікай матывацыяй у гэтым паўдзельнічае".

Фэст міжнародны. На яго прыехалі паэты з Ўкраіны і Расеі. Удзел расейскіх творцаў у менскім фэсьце адзін з арганізатараў Андрэй Новікаў тлумачыць наступным чынам:

"Для нас гэта зьяўляецца пэўным узаемапранікненьнем розных культураў, знаёмствам і расшырэньнем культурнага поля беларускай сталіцы ў пляне самых актуальных плыняў сучаснай паэтычнай думкі".

Імпрэзы "Парадку словаў" пройдуць 9-11 красавіка ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры, галерэі "Ў" і ў кавярні "Валерыя".
XS
SM
MD
LG