Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра жаночы досьвед дыскутавалі ў “Ў”


Галерэя «Ў»

Галерэя «Ў»

8 красавіка ў кнігарні Галерэі «Ў» пачалася сэрыя дыскусіяў на тэму «Жаночы досьвед у грамадзтве і літаратуры». Асноўная тэма дыскусій — чым ёсьць сучасная беларуская жаночая проза. Нагодай праекту сталі два зборнікі жаночай прозы — «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» і «Пакахай мяне, калі ласка».


Усяго заплянавана тры сустрэчы. Прысутныя будуць размаўляць пра тое, ці зьмяняе літаратура сучасную беларускую жанчыну, ці залежыць інтарэс да літаратуры ад прафэсіі ды шмат пра што іншае.

Арганізатары кажуць, што мэта дыскусій — зразумець, хто піша сучасную жаночую прозу і яе чытае, ці ёсьць нешта адметнае ў жаночым пісьме і жаночым бачаньні сьвету. А таксама для таго, каб зьвесьці разам жанчын-літаратарак і літаратурных герояў.

Зборнікі жаночай прозы — «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» і «Пакахай мяне, калі ласка» — сымбалізуюць супярэчлівыя каноны: адзін вызначае жанчыну, якая выходзіць з-пад кантролю, а другі паказвае жанчыну, якая ня хоча і не імкнецца выйсьці з-пад кантролю, а шчасьліва жыве ў патрыярхальным грамадзтве.

Філёзаф і паэт Ігар Бабкоў кажа, што жаночая літаратура — гэта, з аднаго боку, чыста маркетынгавы сацыялягічны фэномэн. Зь іншага боку, літаратура, якую піша жанчына, адпаведна, і ёсьць жаночай літаратурай:

«Для мяне паўстала пытаньне: тое, што мы бачым перад сабой — гэта, відавочна, не патрабаваньні рынку. Усе аўтаркі, якія ў гэтых двух канонах, яны і ў адным, і ў другім. З другога боку, яны настолькі розьняцца між сабой па форме душы, што аб’ядноўваць іх у адну стылістыку рука не падымаецца. І тады застаецца загадка: а што мы бачым перад сабой?»

На гэтае пытаньне, а таксама пра тое, ці чытаюць жанчыны адна адну, ці патрэбны быў такі літаратурны этап, як выданьне зборнікаў жаночага апавяданьня, ці існуе такі фармат увогуле — дыскутавалі прысутныя.

Дыскусію мадэравалі літаратаркі Вольга Гапеева і Ірына Герасімовіч, а ў якасьці дыскутантаў выступілі Барыс Пятровіч, Ірына Саламаціна, Сьвятлана Калядка, Ігар Бабкоў.


XS
SM
MD
LG