Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Ханжанкоў не сумняецца, што прысуд Аўтуховічу ўжо вызначаны


Сяргей Ханжанкоў, фота — <a href="http://www.represii-by.info/" target="_blank">represii-by.info</a>

Сяргей Ханжанкоў, фота — <a href="http://www.represii-by.info/" target="_blank">represii-by.info</a>

Былы савецкі дысыдэнт Сяргей Ханжанкоў штодня прысутнічае на&nbsp;працэсе ў&nbsp;Вярхоўным судзе Беларусі, на&nbsp;якім судзяць Мікалая Аўтуховіча ды&nbsp;іншых нібыта ўдзельнікаў падрыхтоўкі тэракту супроць высокіх чыноўнікаў.

Гэтага невялікага росту, хударлявага, з жывымі вачамі на выразным твары чалавека я сустрэў ужо ў першы дзень працэсу над Аўтуховічам. Праз тыдзень адзначыў для сябе, што бачу яго кожны дзень. Для штодзённых рэпартажаў з суду я спрабую ўзяць камэнтар кожны раз у новага назіральніка. І вось, калі дайшла чарга да гэтага чалавека, я пачуў пры знаёмстве вядомае па газэтах імя: Сяргей Ханжанкоў. Так маім суразмоўцам стаў савецкі дысыдэнт і, паводле прысуду, «тэрарыст» , які цудам ацалеў пасьля 10 гадоў мардоўскіх лягераў.

Гісторыя змаганьня Сяргея Ханжанкова
У пачатку 1960-х гадоў, калі ў краіне Саветаў ішла хрушчоўскай адліга, у Менску арганізавалася група незадаволеных савецкімі парадкамі. Забіваць савецкіх актывістаў падпольшчыкі не зьбіраліся, але і аднымі ўлёткамі, як яны разумелі, уладу не пахіснуць. І тады ўзьнікла ідэя правесьці гучную дывэрсію. А менавіта — падарваць у раёне менскай плошчы Перамогі мэталічную вежу, на якой быў усталяваны глушыльнік радыёсыгналаў. «Вас, дарэчы, глушылі, „Свабоду“, тады яна называлася Радыё Вызваленьне, Голас Амэрыкі, ВВС», — кажа Сяргей Ханжанкоў.

Потым была здрада аднаго зь сяброў групы, «амэрыканка» і суд, які праходзіў у той жа залі, дзе цяпер судзяць Мікалая Аўтуховіча.

З просьбай пракамэнтаваць падзеі на працэсе я зьвярнуўся да Ханжанкова два дні таму, калі стала вядома, што ад пачатку Аляксандра Ларына затрымалі паводле падазрэньняў у датычнасьці да выбуху 4 ліпеня 2008 году на праспэкце Пераможцаў.

Сяргей Ханжанкоў ня выключыў, што Ларыну маглі пагражаць расстрэлам за гэта злачынства і прапанавалі зьдзелку: каб ён узяў на сябе меншае — падрыхтоўку замаху на Саўчанку на замову Аўтуховіча. Далей я папрасіў падзяліцца агульнымі назіраньнямі за працэсам.

«Ведаеце, мне ж ёсьць з чым параўноўваць.
47 гадоў таму ў гэтай жа залі я быў на месцы Аўтуховіча. І параўнаньне можа быць такім: збольшага ўсё, як было, гэтак і засталося.
47 гадоў таму ў гэтай жа залі я быў на месцы Аўтуховіча. І параўнаньне можа быць такім: збольшага ўсё, як было, гэтак і засталося. Суд ня месца, дзе шукаюць праўду, а месца, дзе выказваюць ужо недзе прынятае рашэньне».

Карэспандэнт: «А як мне падаецца, судзьдзя спрабуе разабрацца ў дэталях, высьветліць абставіны...»

«Так, так, канечне. Але гэта ён на працы. І таму гуляе ў гэтую гульню. А рашэньне, я перакананы, ужо прынятае».

Карэспандэнт: «Вы амаль кожны дзень бываеце на працэсе. Зь якога моманту вы для сябе вырашылі, што прысуд ужо гатовы?»

«Ды фактычна зь першых дзён. Бо я ня бачу нейкага імкненьня высьвятляць праўду. Альбо: я бачу абсалютна спакойнага пракурора, які нават не рэагуе, калі нешта не сыходзіцца. Ён усё ўжо ведае! Гэтак яны маглі ад пачатку зачытаць прысуд, а ўжо потым для ілюстрацыі тыя матэрыялы, якія яны зачытваюць зараз. І самае галоўнае. Вось ужо тры тыдні ідзе гэты працэс, а яшчэ не было сказана ані слова па галоўным пытаньні. Дзе ж гэтая арганізацыя злачыннай групоўкі, тэрарыстычнага акту, партызанскага атраду? Дзе арганізацыя? Усё вакол ды побач. Ёсьць словы Ларына, але ж гэтага мала. Патрэбная арганізацыя. А то, быццам нехта некаму перадаў 2 тысячы даляраў. І дзе яны? Ды Аўтуховіч і не адмаўляе, што перадаваў грошы жонцы ў Маскву, на лячэньне».

Карэспандэнт:"Вы гэта кажаце як чалавек, якога судзілі якраз за ўдзел у арганізацыі?"

«Так. У нас быў 69-ы артыкул, гэта якраз арганізацыя. І там высьвятлялі па гадзінах, калі мы зьбіраліся, што абмяркоўвалі. А яны што абмяркоўвалі? Дзе яны зьбіраліся? Ды нідзе і ніколі. Магчыма, і ёсьць нейкая сувязь паміж падпаламі й размовамі пра тое, што ўсе карумпаваныя, што для будоўлі катэджу выкарыстоўваюць працу арыштантаў, а магчыма, і няма. Падпалы бываюць хіба не штодня. Таму пакуль уражаньне такое, што нішто не пераконвае».

Сяргей Ханжанкоў назваў дзьве істотныя розьніцы паміж сваім працэсам і цяперашнім судом над Аўтуховічам. Той суд быў закрыты для наведнікаў, але тады ў залі не было жалезнай клеткі і ахоўнікаў было 2-3, а ня болей за 10, як цяпер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG