Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане часовы ўрад спрабуе ўтаймаваць рабаўнікоў. Прэзыдэнт Бакіеў заяўляе, што не складае зь сябе паўнамоцтваў кіраўніка краіны. Пра апошнія падзеі з гэтай краіны спэцыяльна для нашага радыё распавядае карэспандэнт агенцыі АР Юрась Карманаў. Ён знаходзіцца ў Бішкеку.


«Зараз я знаходжуся ў гатэлі ў самым цэнтры Бішкеку. Як толькі сьцямнела, працягнуліся перастрэлкі, чуюцца выбухі на вуліцы. І кіраўніутва гатэлю нават ня раіць падыходзіць да вокнаў.

Другую ноч працягваецца рабаўніцтва, працягваецца захоп крамаў, памяшканьняў. Фактычна новая ўлада ня здольная штосьці зрабіць. Яна толькі заклікае людзей праяўляць сьвядомасьць і ствараць народныя дружыны. Але калі яны зьявяцца ў горадзе — невядома.

Фактычна зараз у Бішкеку безуладзьдзе. Распушчаны парлямэнт, дзе бальшыня належала Бакіеву. Сам ён знаходзіцца на поўдні краіны. Баікеў заявіў, што не зьбіраецца сыходзіць у адстаўку. Ён зьбіраецца вярнуць сабе ўладу. Праўда, якім чынам, не ўдакладняе. Але фактычна сілаў і інструмэнтаў для гэтага ў яго няма.
Фактычна новая ўлада ня здольная штосьці зрабіць.


Цяпер тэлебачаньне ў гатэлі адключана. Таму я не магу сказаць пра зьмест тэлевізійных праграмаў. А з таго, што паказвалі днём, гэта звароты да людзей лідэраў апазыцыі. Яны заклікаюць ня ўдзельнічаць у рабаўніцтве і захоўваць спакой.

У апазыцыі, якая прыйшла да ўлады, няма плянаў утрыманьня сытуацыі, няма плянаў разьвіцьця краіны, няма плянаў выхаду з крызісу. І невыпадкова на сёньняшнім мітынгу на галоўнай плошчы Бішкеку лідэры апазыцыі больш казалі пра тое, што адбылося, што яны захапілі ўладу, што яны перадалі яе ў рукі народу. Але пра тое, што будзе далей у Бішкеку, яны пакуль што не гавораць. І ніякіх плянаў не агалашаюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG