Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

8 красавіка ў Празе прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісалі новую дамову для абмежаваньня стратэгічных наступальных узбраеньняў.


Паводле дакумэнту, як ЗША, так і Расея павінны на працягу сямі гадоў зьменшыць колькасьць ядзерных боегаловак ад цяперашніх 2200 да 1550 з кожнага боку. ЗША і Расея таксама абавязаліся ня мець больш за 700 носьбітаў ядзернай зброі: цяжкіх бамбавікоў, ракет, падводных лодак. Выкананьне дамовы будзе кантралявацца правядзеньнем 18 інспэкцыяў у год.

Барак Абама высока ацаніў падпісаную дамову як прыкмету таго, што дзьве краіны, якія разам маюць 90 адсоткаў усяе ядзернае зброі ў сьвеце, з адказнасьцю ставяцца да свае ролі глябальных лідэраў. У прыватнасьці, амэрыканскі прэзыдэнт сказаў: “Сёньняшні дзень ёсьць важным этапам ядзернай бясьпекі і нераспаўсюджаньня ядзернай зброі, таксама як і ў адносінах паміж ЗША ды Расеяй. Спраўдзіліся нашыя агульныя мэты наконт новай Дамовы аб скарачэньні стратэгічнай ядзернай зброі. Яна ўключае ў сябе значнае зьмяншэньне ядзернай зброі, якую мы будзем разгортваць. Яна зьмяншае сродкі дастаўкі прыкладна на палову. Яна ўключае ў сябе ўсёабдымны рэжым кантролю, які дазваляе нам і далей разьвіваць узаемны давер".

Дзьмітры Мядзьведзеў назваў падпісаны дакумэнт гістарычным і важным для ўсяе плянэты, ад якога выйгралі як ЗША, так і Расея. “Мы атрымалі дакумэнт, які ў поўнае ступені вытрымлівае балянс інтарэсаў Расеі і ЗША. Галоўнае, што тут няма тых, хто выйграў, і тых, хто прайграў. Гэта так званая win-win situation”, – сказаў расейскі прэзыдэнт.

Тым ня менш, у той час як прэзыдэнты рабілі аптымістычныя заявы пра будучае супрацоўніцтва, вакол некаторых пунктаў застаецца напружанасьць. Найбольш разыходжаньняў існуе ў пытаньні супрацьракетнай абароны.

Мядзьведзеў папярэдзіў, што Расея можа выйсьці з дамовы, калі ЗША павялічаць сваю сыстэму супрацьракетнай абароны такім чынам, што яна будзе ўяўляць пагрозу расейскаму стратэгічнаму ядзернаму патэнцыялу: “Дамова можа быць дзейснай і жыцьцяздольнай толькі ва ўмовах адсутнасьці якаснага ды істотнага нарошчваньня магчымасьцяў сыстэмаў проціракетнай абароны, якія могуць у канчатковым выніку прывесьці да ўзьнікненьня пагрозы для расейскіх стратэгічных сілаў. У гэтым сутнасьць заявы нашай краіны, што робіцца пры падпісаньні дамовы".

Падпісная ў Празе дамова замяняе сабой ранейшую дамову СТАРТ ад 1991 году. Яна павінна быць яшчэ ратыфікаваная парлямэнтамі абедзьвюх краінаў.
XS
SM
MD
LG