Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыбіральшчыцай або чорнарабочым — больш цыганоў нідзе не бяруць...”


Фота з «Падарожжа Свабоды» ў <a href="http://www.svaboda.org/content/transcript/1948007.html" target="_blank">Ашмяны цыганскія</a>

Фота з «Падарожжа Свабоды» ў <a href="http://www.svaboda.org/content/transcript/1948007.html" target="_blank">Ашмяны цыганскія</a>

8&nbsp;красавіка ў&nbsp;сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень цыганоў. У&nbsp;Беларусі цыганы застаюцца найменш сацыяльна адаптаванай групай грамадзян. Адмысловых захадаў, каб вырашыць гэтую праблему, дзяржаўная ўлада ня&nbsp;робіць.

Нізкі ўзровень адукацыі, беспрацоўе, перадузятае стаўленьне дзяржавы і грамадзтва — найгалаўнейшыя праблемы беларускіх цыганоў,— кажа лідэр цыганскай дыяспары ў краінах СНД, Балтыі і Беларусі Алег Казлоўскі:

Алег Казлоўскі
«Перадусім трэба даць адукацыю, каб людзі маглі ўладкавацца на працу — адукацыі няма аніякай. На тую ж швачку таксама трэба вучыцца. А зараз яны маюць якія пэрспэктывы: прыбіральшчыца ў горадзе, а ў вёсцы яны ўвогуле працуюць за бульбу. Адпрацаваў дзень — атрымлівай мех бульбы. А больш іх нідзе не бяруць. Калі я ўздымаю гэтае пытаньне, то мне кажуць — ды што вы, калі захочуць, то ўладкуюцца. Але так кажуць людзі, якія ня ведаюць сапраўднага стану рэчаў. Я нядаўна быў у маіх калегаў у Польшчы, дык там ужо зусім іншая сытуацыя. Зразумела, што гэта ўжо краіна Эўразьвязу, там вялікія грошы ідуць на адукацыйныя праграмы, для цыганскай моладзі шмат разумных і цікавых праектаў. А ў нас воз і цяпер там».

Дапамагчы ўладам Беларусі ўнармаваць сацыяльную, юрыдычную і грамадзкую адаптацыю грамадзян цыганскай нацыянальнасьці праз адмысловую праграму і частковае фінансаваньне два гады таму прапанавала АБСЭ. Аднак гэтая прапанова не знайшла падтрымкі ва ўладных структурах, паведаміў Алег Казлоўскі. У прадстаўнікоў дзяржавы наконт гэтага сваё меркаваньне, кажа кіраўнік аддзелу Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Міхаіл Рыбакоў:

«Кожны можа зрабіць тое, што ён жадае. Сілай нікога нельга змусіць да чагосьці. Таму, калі цыганы жадаюць нешта рабіць, то дзяржава ўсё гэта падтрымлівае. Дзякуючы таму, што цыганы ідуць на такія кантакты і самі гэтага жадаюць, у хуткім часе будуць і больш грунтоўныя зрухі ў гэтай галіне».

Што думаюць пра беларускіх цыганоў грамадзяне іншых нацыянальнасьцяў, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску:

Спадарыня: «Гэта людзі, якія стараюцца жыць на халяву, за кошт іншых: купі, прадай, украдзі. Вось такое маё меркаваньне».

Спадар: «Ніхто нічога не зрабіў, не стварыў, ня выгадаваў, не пабудаваў».

Спадарыня: «Я стаўлюся... Канечне, я люблю іх фальклёр, як яны сьпяваюць і танчаць. Але гэта ня тая нацыя, да якой бы я ставілася з павагай. Пэўна, спакон веку гэта быў народ перакаці-поле, і працаваць, мне падаецца, ня іх пакліканьне».

Тацяна Гацура
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі пражываюць каля 10 тысяч цыганоў. Прадстаўнікі цыганскай дыяспары заяўляюць, што апошнімі гадамі за межы краіны выехалі каля 2 тысяч цыганоў. Сярод тых, што застаюцца, вышэйшую адукацыю маюць ня больш за 10 чалавек. Агульную сярэднюю — каля 15%. Беспрацоўнымі застаюцца да 93% цыганоў. І галоўную ролю ў вырашэньні гэтых і іншых праблемаў павінна браць на сябе дзяржава, мяркуе намесьніца кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Тацьцяна Гацура:

«У нашым грамадзтве ёсьць такая выразная рыса, як нецярпімасьць, у тым ліку ў стаўленьні да цыганоў. Таму дзяржава ня можа не зьвяртаць на гэта ўвагі і казаць, што, маўляў, цыганы такія ж людзі, як і ўсе астатнія. І калі існуе такое меркаваньне пра цыганоў, такі стэрэатып, што яны не жадаюць працаваць, то дзяржава павінна рэагаваць на гэта і ствараць умовы для рэалізацыі правоў гэтых меншасьцяў».



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG