Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісана новая дамова СТАРТ


Прэзыдэнты Барак Абама і Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісалі сёньня ў Празе дамову пра абмежаваньне ядзерных узбраеньняў. Паводле дакумэнту, ЗША і Расея абавязуюцца на працягу сямі гадоў зьменшыць колькасьць стратэгічных боегаловак ад 2200 да 1550 з кожнага боку. ЗША і Расея таксама не павінны мець больш чым 700 носьбітаў ядзернай зброі – гэта значыць цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў, ракет, падводных лодак.

Паводле экспэртаў, новыя ліміты не спрычыняцца да значных зьменаў ні амэрыканскага, ні расейскага арсэналу.
На сваім вэб сайце BBC спасылаецца на спэцыялістаў, якія адгадваюць колькасьць расейскіх носьбітаў на 560, гэта значыць менш, чым патрабуе сёньняшняя дамова. У ЗША ліміт 700 носьбітаў можа быць цяпер перавышаны на 12 працэнтаў.

Выступаючы пасьля падпісаньня, Абама назваў Іран у якасьці краіны, якая павінна быць “ізаляваная” і якая павінна адчуць наступствы парушэньня міжнароднай дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. Прэзыдэнт Мядзьведзеў выказаў поўную згоду з гэтай заявай і крытыкаваў Іран за нежаданьне адказаць на “многія канструктыўныя прапановы”.

Праская дамова замяняе сабой ранейшую дамову СТАРТ ад 1991 году. Яна павінна быць яшчэ ратыфікаваная парлямэнтамі абедзьвюх краінаў. Крэмль ужо даў зразумець, што пакідае за сабой права адступіць да дамовы ў выпадку, калі б амэрыканская супрацьракетная абарона “несла пагрозу расейскім стратэгічным сілам.”


XS
SM
MD
LG