Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Празе прэзыдэнты Расеі і Злучаных Штатаў Дзьмітры Мядзьведзеў і Барак Абама падпісалі новую дамову па абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў. Падпісаньне дамовы СНУ паміж Масквой і Вашынгтонам – важная і пазытыўнае падзея: у гэтай ацэнцы сыходзіцца большасьць экспэртаў-міжнароднікаў.


Паводле дакумэнту, ЗША і Расея абавязуюцца на працягу сямі гадоў зьменшыць колькасьць стратэгічных боегаловак ад 2200 да 1550 з кожнага боку. ЗША і Расея таксама не павінны мець больш чым 700 носьбітаў ядзернай зброі – гэта значыць цяжкіх бамбавікоў, ракет, падводных лодак. Паводле экспэртаў, новыя ліміты не спрычыняцца да значных зьменаў ні амэрыканскага, ні расейскага арсэналу.

Праская дамова замяняе сабой ранейшую дамову СТАРТ ад 1991 году. Яна павінна быць яшчэ ратыфікаваная парлямэнтамі абедзьвюх краінаў. Крэмль ужо даў зразумець, што пакідае за сабой права адступіць да дамовы ў выпадку, калі б амэрыканская супрацьракетная абароны “несла пагрозу расейскім стратэгічным сілам.”

***

Дзьвюм краінам зь няпростымі зносінамі ўдалося за адзін каляндарны год выпрацаваць тэкст цалкам асэнсаванага дакумэнта з узаемнымі кампрамісамі і ўзаемнай выгадай. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў напярэдадні падпісаньня сказаў, што працай над дамовай кіраваў асабіста Дзьмітры Мядзьведзеў :

– Прэзыдэнт асабіста кантраляваў ход перамоваў, неаднаразова напрасткі падключаўся да вырашэньня найбольш складаных пытаньняў. У прыватнасьці, падчас сваіх рэгулярных сустрэч і тэлефонных размоваў з прэзыдэнтам ЗША. Усяго адбылося каля паўтара дзясятка такіх кантактаў. Дамова – першы дакумэнт такога роду, які зьяўляецца абсалютна раўнапраўным як па духу, так і па літары. Парытэт забясьпечаны ва ўсіх без выключэньня яго кампанэнтах, пачынаючы з прынцыпаў, якія вызначаюць яго філязофію, і аж да колькасных парамэтраў, кантрольных, вэрыфікацыйных і іншых працэдур.

Дырэктар Маскоўскага цэнтру Карнэгі Дзьмітры Трэнін у інтэрвію Радыё Свабода ў дэталях распавёў, чаму новы дагавор СНУ – вялікі крок наперад.

– Дамова паказвае, што перазагрузка дае свой плён, мы бачым канкрэтныя справы: здолелі дамовіцца аб чарговым скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў. Матэрыя складаная, перамовы ішлі няпроста, але дамова выйшла не "параднай" – гэта першае. Другое: дзякуючы дамове зьявіцца база для далейшага ўмацаваньня расейска-амэрыканскіх адносін. Калі цяпер ўдасца разьвіць гэтую пазытыўную дынаміку, то, можа быць, адносіны можна будзе перавесьці ў больш спакойную плоскасьць, але гэта будзе залежаць ад наступных дзеяньняў абедзьвюх краін. Трэцяе: нягледзячы на ўсе заявы аб тым, што скарачэньне ўзбраеньняў мінімальнае, дамова ўсё ж такі зьяўляецца практычным крокам у напрамку больш бясьпечнага сьвету. Ня ў сілу таго, што будзе менш ядзернай зброі, а проста адносіны паміж вядучымі ядзернымі дзяржавамі стануць больш прадказальнымі, менш варожымі і гэтак далей.

Ёсьць і іншы момант: і прэзыдэнты ЗША і Расеі, і міжнародная супольнасьць у цэлым, будуць мець больш важкія аргумэнты на канфэрэнцыі па разглядзе дзеяньняў дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі – "вялікім" ядзернымі дзяржавамі будзе, што сказаць "малым".

Іншы экспэрт у галіне міжнароднай бясьпекі, прэзыдэнт Інстытуту стратэгічных ацэнак Аляксандр Канавалаў лічыць, што Расеі ўвогуле пашчасьціла, што стратэгічныя ядзерныя сілы будуць скарачаць, бо ў гэтых сілах у Масквы пануе некаторая блытаніна:

– Напрыклад, з падводнымі лодкамі ў нас зараз сытуацыя вельмі цяжкая. Мы валодаем вельмі нядрэнны новай ракетай "Синева" для падводных лодак. У яе добрыя энэргетычныя характарыстыкі і дакладнасьць, але лодак, якія маглі б яе несьці, засталося толькі шэсьць штук, і тыя на працягу 2-3 гадоў будуць сьпісаны па ўзросту. Зараз будуюцца больш сучасныя лодкі, ужо закладзена чацьвёртая лодка 955-га праекта "Барэй", але для такой лодкі патрэбная ракета "Булава", якая не валодае характарыстыкамі "Синевы". Так што атрымліваецца, што ракеты ёсьць – няма лодак, лодкі ёсьць – няма ракет.

Новай дамову СНУ пасьля падпісаньня яшчэ трэба прайсьці ратыфікацыю ў парлямэнтах абедзьвюх краін. І калі амэрыканскія парлямэнтарыі могуць разьвязаць сур'ёзную дыскусію аб карысьці і шкодзе гэтага дакумэнту для ЗША, то расейская Дума, хутчэй за ўсё, будзе дастаткова згаворлівай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG