Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У публікацыі часапіса Foreign Policy, прысьвечанай кіргіскім падзеям палітычныя аналітыкі раяць журналістам не трапляць у старыя пасткі і не называць ператасоўкі ўраду ў Кіргізстане “рэвалюцыямі”.

Пол Куін-Джадж, налітык Міжнароднай Крызіснай Групы, няўрадавай арганізацыі, якая базуецца ў Бішкеку, параіў не разглядаць апошнія падзеі ў Кіргізстане як нейкую “каляровую рэвалюцыю”.

Мы маем справу не з рэвалюцыяй, і калі ў бліжэйшыя пару дзён нехта пачынае называць гэта рэвалюцыяй, мы мусім рашуча гэта абвергнуць, - сказаў ён. - Хваляваньні былі спантанныя і неарганізаваныя, і гэта вельмі дрэнная навіна”.

Замежныя аглядальнікі ўжо аднойчы трапілі ў гэтую пастку, зазначыў Куін-Джадж, які ў 1996-2006 гадох кіраваў маскоўскім бюро тыднёвіка Time. “Цюльпанавая рэвалюцыя” таксама не была ніякай рэвалюцыяй. Гэтак яе назвалі мы, журналісты, або дазволілі нашым рэдактарам назваць яе так, і адтуль пайшло гэтае выкрыўленьне гісторыі”.

“Гэта было даволі спрытная і добра ўзгодненая неканстытуцыйная ператасоўка ўраду, пры якой колішнія ключавыя ўрадоўцы выцесьнілі цяперашніх”.

Куін-Джадж кажа, што незадаволенасьць урадам Бакіева, якая прывяла да апошніх падзеяў, расла тыднямі і была выкліканая ня столькі палітычнымі рэпрэсіямі, колькі штодзённымі пабытовымі праблемамі.

“Некалькі тыдняў таму ўлады нечакана павысілі цэны на газ, ваду і электрычнасьць”, - сказаў ён. - “І гэта сталася літаральна апошняй кропляй для насельніцтва, якое наагул палітыкай не цікавіцца і паслухмяна прымае ўсё, што паходзіць ад уладаў”.

“Гэта пэўным чынам крышталізавала гнеў народу, які зьбіраўся гадамі пад уплывам падозраньняў, што ўлады сфальсыфікавалі выбары і раскрадаюць краіну. І гэтак дробныя будзённыя праблемы, нашкталт павышэньня цэнаў на камунальныя паслугі, якія не цікавяць замежных карэспандэнтаў, канчаткова пераканалі людзей”.

З ростам незадаволенасьці ўрад Бакіева перайшоў да рэпрэсіяў, узмацненьня кантролю над СМІ і палітычнай апазыцыяй. Былы апазыцыйны лідэр Эдзіл Байсалаў, які зьбіраецца вярнуцца ў Кіргізстан з эміграцыі, пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду ЗША ў Вашынгтоне абурыўся тым, што Злучаныя Штаты ніколі не выказваліся наконт гэтай сытуацыі.

Як можа адміністрацыя Абамы і Дзярждэпартамэнт растлумачыць чаму яны маўчалі гэтыя тры месяцы?” - кажа ён. - “Мы бачылі, як закрываюць тэле- і радыёканалы. Мы бачылі, як закрываюць газэты. Мы бачылі, як разганяюцца дэманстрацыі. І мы не пачулі ні слова ад амэрыканцаў, нават на ўзроўні амбасады. Злучаныя Штаты ня могуць сьцьвярджаць, што яны ня ведалі. Бо закрылі нават іх радыёстанцыю “Радыё Свабода”! У Кіргізстане шмат людзей былі шчырымі сябрамі ЗША, і цяпер яны адчуваюць сябе пакінутымі ў бядзе. Яны адчуваюць, што ЗША на баку Бакіева”.

Паводле Эрыкі Марат, спэцыяліста па кіргіскіх справах у Вашынгтоне, адной з прычынаў маўчаньня амэрыканскай адміністрацыі можа быць знаходжаньне на лётнічшы Манас амэрыканскай авіябазы, важнага транзытнага пункту ў апэрацыях у Афганістане. “Магчыма, на неафіцыйным узроўні адчуваецца, што амэрыканская база – больш важная за дэмакратыю ў Кіргізстане”, - зазначае яна. “І цяпер, хто б ні прыйшоў да ўлады, Злучаныя Штаты мусяць больш выразна абазначыць сваю пазыцыю. Калі амэрыканцы маўчаць, выглядае нібыта яны абараняюць рэжым”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG