Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Бішкек накіроўваюцца тысячы ўзброеных прыхільнікаў Бакіева


Лідэрка кіргіскай апазыцыі Роза Атунбаева заявіла, што стала на чале часовага ўраду краіны пасьля таго, як у выніку масавых пратэстаў апошніх дзён ад сваёй пасады быў адхілены прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў.

Паведамляецца, што прыхільнікі апазыцыі ўзялі пад кантроль галоўны офіс службы бясьпекі краіны, дзяржаўнае тэлебачаньне і шэраг урадавых установаў. Прэзыдэнт Бакіеў, як заяўляюць прадстаўнікі апазыцыі, уцёк з сталіцы Бішкеку на поўдзень краіны ў горад Ош.

Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану пацьвердзіла гібель 65 чалавек падчас непарадкаў у Бішкеку. Апазыцыя цьвердзіць, што загінулі каля ста людзей.

Бішкек ахапіла масавае марадэрства. У ліку разрабаваных аб’ектаў – Музэй выяўленчага мастацтва. У сталіцы Кіргізстану паралізавана работа грамадзкага транспарту, зачынены крамы, аптэкі і банкі. Апазыцыйныя лідэры праз мэдыі заклікаюць супрацоўнікаў міліцыі, якія пакінулі сваю службу ў сераду ўдзень, вярнуцца на працу і навесьці парадак.

Раніцаю зьявілася інфармацыя, што з поўдня краіны ў Бішкек накіроўваюцца дзясяткі тысяч узброеных прыхільнікаў прэзыдэнта Бакіева.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Кроўлі заявіў, што амэрыканская авіябаза ў кіргіскім горадзе Манас, якая выкарыстоўваецца для падтрыманьня апэрацыі міжнародных сілаў у Аўганістане, працуе ў нармальным рэжыме.
XS
SM
MD
LG