Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У ЭЗ па-рознаму ставяцца да санкцыяў у дачыненьні Менску”


Як пішуць эўрапейскія аглядальнікі, у кастрычніку міністры замежных спраў краінаў ЭЗ чарговым разам разгледзяць пытаньне адносна санкцыяў у дачыненьні да афіцыйнага Менску. Зыходзячы з канкрэтнай сытуацыі, будзе прынятае рашэньне: ліквідаваць гэтыя санкцыі ці наадварот падоўжыць.

Тым часам розныя эўрапейскія ўрады на сёньняшні дзень маюць рознае стаўленьне да палітыкі беларускага рэжыму.

Паводле францускага выданьня Le Monde, пытаньне эўрапейска-беларускіх дачыненьняў найбольш востра стаіць для Польшчы, чые адносіны зь Менскам рэзка пагоршыліся ў сувязі з арыштамі сяброў СПБ сёлета ў лютым. У адказ Варшава прыгразіла забараніць ўезд на тэрыторыю Польшчы некаторым беларускім чыноўнікам.

Тым часам Францыя, нават зь яе надта крытычным стаўленьнем да флірту Менску з Тэгеранам, выступае за адмену замарожаных цяпер санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі. Напярэдадні, Менск наведаў рэдкі для Беларусі высокі францускі госьць — дзяржсакратар па эўрапейскіх справах П’ер Лелуш. Як піша Le Monde, гэты візыт меў на мэце, з аднаго боку, адстойваньне францускіх эканамічных інтарэсаў, а з другога — заахвочваньне набліжэньня рэжыму Лукашэнкі да ЭЗ.

«Гэты візыт адбыўся ў момант, калі апазыцыя і праваабаронцы занепакоеныя жорсткімі захадамі рэжыму напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. За час свайго кіраваньня ад 1994 году Лукашэнка стварыў вэртыкаль, якая ня церпіць пратэсту ні ў прэсе, ні на вуліцах», піша выданьне і працягвае:

Лукашэнка ў сваёй вонкавай палітыцы кіруецца інстынктам выжываньня і імкненьнем паслабіць расейскія абдымкі.
«Сёньня Лукашэнка ў сваёй вонкавай палітыцы кіруецца інстынктам выжываньня і імкненьнем паслабіць расейскія абдымкі. Атрымліваючы крэдыты МВФ, прэзыдэнт ставіць жорсткія ўмовы на перамовах з Масквой адносна паставак газу і нафты», падкрэсьлівае аўтар артыкулу. Такім чынам, купляючы расейскія энэргарэсурсы па льготных цэнах, Лукашэнка не саромеецца запрашаць Кітай да ўдзелу ў будаўніцтве АЭС, дамаўляцца з Вэнэсуэлай адносна імпарту нафты і весьці справы з Іранам«.

Свой погляд на эўрапейска-беларускія стасункі мае і Любляна. Надрукаваны на гэту тэму артыкул у славенскім выданьні Planet, прымеркаваны да візыту ў Славенію кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава. Ён прыбыў гэтымі днямі ў Любляну паводле запрашэньня свайго калегі Самуэля Жбогара, які, у сваю чаргу, наведаў Менск летась.

Паводле Planet, афіцыйная Любляна заклікае іншыя краіны ЭЗ «да дыялёгу зь беларускімі ўладамі і да садзейнічаньня працэсу дэмакратызацыі і эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь». Славенія таксама «зацікаўленая ў супрацоўніцтве зь Менскам ва ўсіх тых галінах, дзе абедзьве краіны маюць агульныя інтарэсы, аднак пры ўмове, што Беларусь будзе прытрымлівацца асноўных напрамкаў палітыкі ЭЗ і пасьпяхова рэалізоўваць рэформы».

Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, нагадвае чытачам выданьне Planet. Летась падчас візыту ў Менск кіраўнік славенскага МЗС і тагачасны старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы Самуэль Жбогар папярэдзіў Беларусь: калі краіна хоча рухацца наперад, у кірунку сяброўства з Радай Эўропы, яна мусіць адмяніць сьмяротнае пакараньне ці прынамсі абвясьціць часовы мараторый на яго:

«Відавочна, Менск застаецца глухім да такіх заклікаў — у гэтым месяцы ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю два чалавекі», адзначаюць славенскія аглядальнікі.

Выданьне падкрэсьлівае, што ў Беларусі таксама існуюць праблемы з умацаваньнем дэмакратыі ды павагай правоў чалавека, маюцца іншыя цяжкасьці ў стасунках з ЭЗ.

«У апошні час яны, праўда, крыху палепшыліся, але Брусэль па-ранейшаму крытыкуе палітыку Аляксандра Лукашэнкі, „апошняга дыктатара ў Эўропе“. Летась у лістападзе з-за адсутнасьці прагрэсу ў краіне былі на год падоўжаныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Сёлета ў кастрычніку міністры замежных спраў ЭЗ прымуць адпаведнае рашэньне ў сьвятле беларускай сытуацыі: скасаваць ці падоўжыць іх», піша Planet.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG