Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пераможа пэнсіянэрка палкоўніка


Тамара Каважэнка

Тамара Каважэнка

Барысаўская выбарчая акруга № 7 — гэта сумна вядомы мікрараён Дымкі, дзе амаль круглы год падтапляюцца падворкі прыватнага сэктару, і знакамітыя Печы, вайсковая «вучобка». За дэпутацкі мандат тут маюць намер змагацца начальнік 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыка і малодшых спэцыялістаў палкоўнік Валеры Гнілазуб і пэнсіянэрка Тамара Каважэнка.

Палкоўніка Гнілазуба зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты без праблем. А вось спадарыні Тамары Каважэнцы Барысаўская раённая выбарчая камісія (старшыня Мікалай Зелянкевіч, сакратар Тацяна Стасава) адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты райсавету.

Жанчына заслужана карыстаецца аўтарытэтам і павагай мясцовых жыхароў за сваю актыўную пазыцыю ў вырашэньні праблемы падтапленьняў падворкаў у Дымках. Яна лёгка сабрала амаль тысячу подпісаў выбарцаў. Прыдрацца да подпісаў, якія спадарыня Каважэнка сабрала з запасам, камісія не адважылася. Знайшлі іншую прычыну: маўляў, пэнсіянэрка ў дэклярацыі не пазначыла зямельны ўчастак. Але ўчастак не зьяўляецца ўласнасьцю пэнсіянэркі, яна мае права толькі на пажыцьцёвае карыстаньне зямлёй. Але Барысаўская раённая выбарчая камісія аргумэнты не пачула. Спадарыня Каважэнка падала скаргу ў ЦВК. Менская абласная выбарчая камісія вымушана была прызнаць рашэньне Барысаўскай раённай камісіі неабгрунтаваным. Пэнсіянэрку ўрэшце рэшт зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты.

А 6 красавіка ўжо зарэгіставанага кандыдата ў дэпутаты спадарыню Каважэнку спрабавалі не пусьціць на сустрэчу з выбарцамі ў будынак клюбу вайсковай часткі 93685 Маўляў, участак закрыты, і грамадзянскім асобам туды ўваход забаронены. Атрымліваецца, што кандыдату-палкоўніку можна сустракацца з народам, а пэнсіянэрцы — не! Пасьля таго, як яе давераны Міхаіл Васільеў паскардзіўся ў Барысаўскую раённую камісію і ЦВК, саму спадарыню Каважэнку ў клюб пусьцілі. А вось жыхароў Дымак, якія хацелі пачуць ад палкоўніка Гнілазуба, як ён будзе вырашаць хвалюючую іх праблему падтапленьняў, на сустрэчу так і не пусьцілі.
Да нашых праблем, „людзей на балоце“ яму справы няма.


Сама Тамара Каважэнка свайго канкурэнта лічыць даволі моцным супэрнікам:

«Ён вельмі падрыхтаваны чалавек, з сабой і фільм прынёс, паказаў слайды, які парадак наведзены ў Пячах. Але да нашых праблем, „людзей на балоце“ яму справы няма».

7 красавіка сустрэча кандыдатаў з выбарцамі адбылася ў школе. На ёй прысутнічаў лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» паэт Уладзімер Някляеў:

«Той палкоўнік, можа, і някепскі чалавек. Відавочна, што ён і сам ня рады, што патрапіў у такую сытуацыю, калі паклікалі і загадалі: будзеш дэпутатам. Сёньня ён казаў, што і бульбы накапаюць гэтым людзям (хаця армія ня гэтым павінна займацца), і дарогі зробяць. Казаў ён найперш пра Печы, ваенны гарадок. А да Дымкаў, дзе людзі жывуць па калена ў вадзе, яму няма справы. Яму і самому ніякавата было сядзець на сходзе... Людзі, якія былі ў залі, відавочна, за Тамару Валянцінаўну. Але ва ўладаў, таксама відавочна — жаданьне прызначыць палкоўніка. І зараз для грамадзкасьці Барысава наступіў даволі важны момант, момант ісьціны: ці будзе прызначэньне ці будзе выбраны чалавек. Гэта асноўная інтрыга, якая тут завязваецца».
XS
SM
MD
LG