Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьця “Начной Свабоды” – супрацоўніца кіргізскай службы Радыё Свабода Вэнэра Джуматаева. Яна разважае пра прычыны, якія выклікалі пратэсты ў Кіргізстане.


Вэнэра Джуматаева: Працэс росту незадаволенасьці насельніцтва Кіргізстану ішоў даўно. Ад пачатку кіраваньня прэзыдэнта Бакіева, пачалі адбывацца нейкія незразумелыя дзіўныя рэчы, якіх не было пры былым рэжыме. Напрыклад, вельмі вядомыя палітыкі, якія ўдзельнічалі ў так званай цюльпанавай рэвалюцыі 2005 году, былі забітыя пры таямнічых абставінах, застрэленыя на вуліцы. Некаторыя былі спаленыя ў сваіх аўтамабілях. І гэта ўсё адно за другім і выклікала страх сярод людзей. Адзін мой калега з Бішкеку напісаў мне: "Становіцца ўсё больш страшна жыць у Кіргізстане", а я напісала яму, што страх спараджае нянавісьць, а ад яе да такіх падзей, якія мы назіраем сёньня, адзін крок.

вельмі вядомыя палітыкі, якія ўдзельнічалі ў так званай цюльпанавай рэвалюцыі 2005 году, былі забітыя пры таямнічых абставінах, застрэленыя на вуліцы. Некаторыя былі спаленыя ў сваіх аўтамабілях. І гэта ўсё адно за другім і выклікала страх сярод людзей
Акрамя забойстваў вядомых палітыкаў чатыры журналісты былі забітыя, каля 20 журналістаў і палітыкаў зьвярнуліся па палітычны прытулак на Захадзе, і цяпер там жывуць. Яны аб'явілі, што цяпер тэрмінова вяртаюцца ў Кіргізстан.

Напачатку гэтага году кіргізскі ўрад аказаўся ў вельмі цяжкім становішчы і быў вымушаны пайсьці на непапулярныя крокі -- павысіць тарыфы на электраэнэргію, на гарачую ваду, на чыстую ваду, прычым ў разы. На электраэнэргію цана была падвышаная ў пяць разоў. На ацяпленьне ўдвая і гэта далей. Да таго ж было сыстэматычнае адключэньне электрычнасьці. Усё гэта спараджала вельмі многія пытаньні. Чаму раней не адключалі, а цяпер ўвесь час адключаюць сьвятло?

Таксама прэзыдэнт Бакіеў ініцыяваў мінулай восеньню канстытуцыйныя зьмены, дзе самая галоўная загадка і загваздка, якая выклікала вялікую незадаволенасьць сярод насельніцтва, была ў тым, што ён прапанаваў, што ў выпадку, калі прэзыдэнт Кіргізстану ня зможа выконваць свае абавязкі, то нейкая дзяржаўная рада, якая пакуль не існуе, павінна прызначаць ягонага пераемніка. Па Канстытуцыі існуе адна структура ўраду, але фактычна мы маем іншую структуру ўраду, якую Бакіеў зацьвердзіў і стварыў. У тым ліку, прызначыўшы свайго ўласнага сына Максіма Бакіева кіраўніком Цэнтральнага агенцтва па інвэстыцыям, інавацыям і разьвіцьцю. І гэта цэнтральнае агенцтва, абрэвіятура якога па-расейску гучала ЦАРИ. забрала сабе ўсе мэханізмы кіраваньня кіргізстай эканомікай. Усе грошы апынуліся ў гэтым фондзе...

Аляксей Знаткевіч: Вы казалі пра тое нэгатыўнае, што адбылося падчас кіраваньня Курманбека Бакіева. На вашую думку, ці адбыліся нейкія зьмены да лепшага за гэтыя пяць гадоў?

Курманбек Бакіеў ад самага пачатку, як прыйшоў да ўлады, аб'явіў, што ён спартовец, баксёр, умее страляць, і калі пратэстоўцы захочуць ізноў захапіць "Белы дом", то ён ня будзе уцякаць, ён будзе страляць
Вэнэра Джуматаева:
Безумоўна, былі нейкія пазытыўныя моманты. Цяпер экспэрты ў эканоміцы кажуць пра тое, што заробкі ў краіне вырасьлі ў некалькі разоў. Калі да цюльпанавай рэвалюцыі сярэдні заробак быў каля 30 даляраў, то цяпер паводле статыстыкі каля 120 даляраў. Усе зьвяртаюць увагу на тое, што былі адрамантаваныя дарогі, пабудаваныя новыя дарогі, запрацавалі нейкія прадпрыемствы, якія стаялі. Паколькі Курманбек Бакіеў сам гаспадарнік, ён інжынэр паводле адукацыі, то ён больш займаўся гаспадаркай. Але нельга казаць пра вялікія зрухі ў эканоміцы. Большасьць паказьнікаў былі зьвязаныя з інвэстыцыямі. Самая галоўная галіна ў эканоміцы -- залатарудная -- распрацоўваецца канадзкай кампаніяй, і калі раней толькі 13 працэнтаў акцый гэтага галоўнага залатога радовішча належала Кіргізстану, то Бакіеў дамогся таго, што ўрад забраў сабе 33 працэнты.

Знаткевіч: Падчас “рэвалюцыі цюльпанаў” Аскар Акаеў не ўжываў сілы, каб утрымаць уладу, магчыма таму, што ягоныя загады проста не выканалі б, калі б ён такія загады аддаваў. Магчыма ён не захацеў. Цяперашні ўрад загадаў страляць ва ўдзельнікаў пратэстаў. Чаму?

Джуматаева: Мы пасьля той цюльпанавай рэвалюцыі некалькі разоў бралі інтэрвію ў Акаева і запытваліся, ці быў у яго плян страляць ва ўдзельнікаў пратэстаў. Ён сказаў, што ў іх быў плян, але ў яго рука не паднялася страляць ў мірных людзей. Курманбек Бакіеў ад самага пачатку, як прыйшоў да ўлады, аб'явіў, што ён спартовец, баксёр, умее страляць, і калі пратэстоўцы захочуць ізноў захапіць "Белы дом", то ён ня будзе уцякаць, ён будзе страляць . Гэты сцэнар, як ён абяцаў, і паспрабаваў ажыцьцявіць, але не спрацаваў гэты сцэнар. Калі 20 тысячаў штурмуюць ці проста стаць на цэнтральнай плошчы і спрабуюць штурмаваць “Белы дом”, а там каля сотні снайпэраў, то ў тых таксама ёсьць нейкае чалавечае сумленьне. Такім чынам такі сцэнар у яго не спрацаваў...


СЛУХАЦЬ УСЮ ГУТАРКУ:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG