Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіргіская пэрманэнтная рэвалюцыя – адваротны бок магільнага спакою...


Складана пазбавіцца ад адчуваньня дэжавю. Літаральна тое самае адбывалася 5 гадоў таму ў сакавіку 2005 году. Калі казаць аб прычынах, якія ляжыць на паверхні, то гэта тое, што закідаюць спадару Бакіеву (ён сапраўды не анёл) -- карупцыя, перасьлед палітычных апанэнтаў, фальсыфікацыя выбараў і шмат іншых грахоў.


Але справа ў тым, што менавіта тое самае закідалі пяць гадоў таму Аскару Акаеву, калі рэвалюцыйны натоўп вёў менавіта Курманбэк Бакіеў. І навідавоку матрыца. Мяняюцца пэрсоны, але не мяняецца стыль кіраваньня і, дарэчы, мэтады зьмены ўлады. І тут падабенства ўзмацняецца, калі параўнаць склад кіргіскай апазыцыі з апазыцыяй шмат якіх іншых краінаў.

Мы бачылі канфлікт паміж Юшчанкам і Цімашэнкай ва Ўкраіне, цяперашні канфлікт паміж Саакашвілі і Бурджанадзэ ў Грузіі, калі ўчорашнія паплечнікі робяцца лютымі ворагамі.

Амаль уся цяперашняя апазыцыя – гэта птушаняты гнязда Бакіева, гэта ягоныя паплечнікі часу рэвалюцыі 2005 году. Хтосьці выкінуты з уладнага вазка, у кагосьці іншы лёс... Але Грузія і Ўкраіна усё ж больш цывілізаваныя краіны, і там гэтыя ўнутраныя канфлікты фактычна паміж рэвалюцыянэрамі маюць больш цывілізаваныя формы. Тут жа ліецца кроў. Гэта з аднаго боку.

З другога боку, у такой больш брутальнай форме паўтараецца 2005 год у пагромах і марадэрстве, калі адміністрацыйныя будынкі ня проста захопліваюцца, але і рабуюцца. Яшчэ я зьвярну ўвагу на такую дэталь, што апазыцыйныя лідэры вельмі хваляцца сваімі сувязямі, сваімі сустрэчамі з Уладзімірам Пуціным. Масква за намі, так бы мовіць. Хаця ня думаю, што ў гэтым выпадку прычына ў нейкай асобай пазыцыі Масквы, таму што і пазыцыя Бакіева іх у прынцыпе задавальняла.

Калі гэта паўтараецца другі раз, то тут ёсьць нейкае падабенства з норавамі Лацінскай Амэрыкі XIX-XX стагодзьдзяў, калі дзяржаўныя перавароты ішлі адзін за адным. І я сказаў бы, што кіргіская пэрманэнтная рэвалюцыя – гэта як бы адваротны бок той сытуацыі, таго магільнага спакою, які назіраецца ў суседніх краінах Узбэкістане, Казахстане і Туркмэністане.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG