Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карпарацыя "Форд" гатовая разглядаць прапановы беларускага ўраду наконт арганізацыі зборачнай вытворчасьці аўтамабіляў гэтай маркі ў Беларусі. Так заявіў рэгіянальны мэнэджэр кампаніі па Ўсходняй Эўропе Золтан Пап.


Нагадаем, што 10 гадоў таму з-за нерэнтабэльнасьці вытворчасьці завод для зборкі мікрааўтобусаў "Форд Транзыт" і легкавікоў "Форд Эскорт" у Абчаку пад Менскам быў зачынены, а на вызваленых магутнасьцях неўзабаве наладзілі "шрубавую" зборку іранскіх "Самандаў". Паралельна разглядаецца і варыянт вытворчасьці ў Беларусі кітайскіх машынаў.

Паводле прадстаўніка кампаніі "Форд" Золтана Папа, які гэтымі днямі знаходзіцца ў Менску, калі зьявіцца прапанова, выгадная як Беларусі, так і аўтавытворцу, то яна будзе разглядацца самым сур'ёзным чынам:
наша найпершая задача ў тым, каб мы маглі іх цалкам займаць працай — каб не давялося ў выніку ці зачыняць заводы ...

"Што тычыцца магчымасьці зборкі на тэрыторыі Беларусі. Вы ведаеце, што ў "Форда" ўжо быў тут завод, дзе мы раней зьбіралі грузапасажырскую тэхніку. На дадзеным этапе з-за крызісу ў нас пакуль што ёсьць вольныя вытворчыя магутнасьці. І наша найпершая задача ў тым, каб мы маглі іх цалкам займаць працай — каб не давялося ў выніку ці зачыняць заводы, ці пераструктурызоўваць уласна вытворчыя магутнасьці. Але ў любым выпадку, калі будзе жаданьне, калі мы прыйдзем да агульнай пазыцыі зь мясцовымі органамі ўлады, калі будзе дэманстравацца з боку Беларусі, што ёсьць да гэтага інтарэс, я думаю, мы таксама будзем гатовыя разглядаць такі праект".

Варта нагадаць, што ў 1997 годзе было ўтворанае сумеснае прадпрыемства "Форд Юніон", якое на аўтазаводзе ў Абчаку запусьціла лінію па зборцы мікрааўтобусаў і легкавікоў "Форд". Адпачатку плянавалася выпускаць да 10 тысяч аўто штогод, аднак у 2000 годзе "Форд" падлічыў і расчараваўся: нягледзячы на беспрэцэдэнтныя дзяржаўныя прэфэрэнцыі вытворцу, ёмістасьць беларускага рынку аказалася надзвычай малой, а заваяваць Расею так і не ўдалося. Цяпер у Абчаку зьбіраюць крыху больш за 200 іранскіх легкавікоў "Саманд", якія з-за адсутнасьці попыту на маральна састарэлую мадэль насаджваюцца на балянс дзяржаўных аўтапаркаў.

Колісь пасьпяховы бізнэсовец Андрэй Клімаў яшчэ на пачатку 1990-х распачаў кампанію праектаваньня першага нацыянальнага аўтамабіля. Аднак хутка прадпрымальнік і дэпутат трапіў у няміласьць, і амбітная задума была згорнутая. Спадар Клімаў перакананы: калі б ягоная ідэя рэалізавалася, Беларусь ужо была б экспартэрам даступнай аўтапрадукцыі, а не пажыцьцёвым спажыўцом старых іншамарак:

Андрэй Клімаў
"Можна было на базе нейкага прадпрыемства стварыць з нуля вытворчасьць і, з улікам таго, што вялікіх выдаткаў гэта не патрабавала, выпускаць танныя легкавыя машыны — у межах, скажам, тысячы даляраў. А прадаваць можна было за дзьве, максымум — тры тысячы. Мы насыцілі б свой рынак, потым выйшлі б на суседнія. Новая вытворчасьць — гэта заўсёды добрая ідэя. Што тычыцца зборкі ў краіне "Форда" ці таго ж "Саманда", то яны асуджаныя на правал, таму што зыходны кошт вельмі высокі. То бок яны павінны ўступіць у канкурэнцыю з ужо існуючымі фірмамі, аўтамабільнымі брэндамі. І на каго ў гэтым выпадку такая вытворчасьць арыентаваная? Калі, прыкладам, узяць Чэхію, то там вытворчасьць адпачатку арыентавалася на тое, каб рабіць машыны на экспарт. Тады гэта праблема занятасьці. А калі арыентацыя толькі на вытворчасьць, то да пытаньня трэба падыходзіць ня з гледзішча проста зборкі, а перадусім з гледзішча маркетынгу".

Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка нагадвае, што на самым высокім узроўні абмяркоўвалася і магчымасьць зборкі ў Беларусі кітайскіх легкавікоў бюджэтнага клясу. Аднак няма ніякай гарантыі, што з улікам так званай "шрубавай зборкі" і гэты варыянт не паўторыць досьвед "Саманду" — беларуская копія каштуе ўдвая даражэй за іранскі арыгінал. Але найбольш экспэрта засмучае якасьць таго, што спрабуюць "падсунуць" беларусам:

Анатоль Шаўчэнка
"Нашы людзі езьдзяць у сярэднім на 10-гадовых замежных машынах, якія ў бальшыні сваёй лепшыя, чым тое, што нам прапануецца. Натуральна, гледзячы якога ўзроўню гэтая мадэль: калі гэта "Аўдзі" ці "Мэрсэдэс", то такое 10-гадовае аўто будзе на некалькі парадкаў вышэйшае па сваіх уласьцівасьцях за новы аўтамабіль, які зьбіраюць ці калі-небудзь будуць зьбіраць у Беларусі. Дык дайце ж нам адпаведны ўзровень машынаў, а не падсоўвайце старызну, якая ў сьвеце нікому ўжо не патрэбная! Бо гэта ня той узровень тэхнікі, ня той узровень бясьпекі. Таму сёньня я пачынаю пераасэнсоўваць, а што насамрэч стаіць за ўсім гэтым? Клопат пра чалавека ці чыйсьці ўласны інтарэс?"

Цяпер аўтамабільны рынак Беларусі перажывае часы няпэўнасьці. З абвяшчэньнем Мытнага саюзу беларусам абяцалі ўніфікаванае пад Расею мыта, якое ў разы павялічвае кошт машыны. Для юрыдычных асобаў новыя правілы ўвозу аўтамабіляў пачалі дзейнічаць ад пачатку году, прыватных перагоншчыкаў абяцаюць далучыць да навацыяў 1 ліпеня.
XS
SM
MD
LG