Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за сераду, 7 красавіка.


6 красавіка каля рэдакцыі газэты “Народная воля” адбыўся санкцыянаваны менскімі ўладамі пікет. Некалькі дзясяткаў вэтэранаў, а таксама маладыя людзі трымалі ў руках плякаты, у якіх абвінавачвалі газэту ў фальшаваньні гісторыі — пікетоўцы выступалі супраць апублікаваных у газэце мэмуараў Ільлі Копыла “Нябышына. Вайна”.

Слухач, які называе сябе Нарачанскім селянінам, адгукаецца на ўчорашні выступ Ільлі Копыла на Радыё Свабода:

Нарачанскі селянін: “Мне быў год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Што ён мог там напісаць? Якія высновы мог зрабіць у гэтым узросьце? Што там палілася, што там правакавалі. Адны сьлёзы. Ніхто там маё пытаньне не разгледзеў”.

Тым часам сам спадар Копыл зьвяртаецца да слухачоў “Свабоды”:

Ільля Копыл: “З усёй Беларусі людзі мне тэлефануюць, запрашаюць да сябе, прапануюць напісаць пра іх вёскі, што ў іх вёсках таксама панавала партызанска-паліцэйскае бязьмежжа. Многія просяць мой адрас, каб даслаць мне свае лісты. Дзякуй, шаноўныя, за званкі і за лісты, але было б больш карысна, калі б вы званілі і пісалі ў газэту, дзе вы пазнаёміліся з маімі ўспамінамі, і ў іншыя газэты. Гэта будзе для мяне большай падтрымкай, якая мне вельмі патрэбна. Чым больш мы аддаляемся ў часе ад канца Другой сусьветнай вайны, тым больш хлусьні на ўладным узроўні. Пара сказаць праўду пра Другую сусьветную вайну”.

Мікалай Бельскі зь Сеньненскага раёну зьвяртаецца да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Бельскі прапануе наладзіць кантроль за тым, як выконваюцца законы ў Беларусі:

Спадар Мікалай: “Прашу вас, таварыш прэзыдэнт, наладзіць кантроль за выкананьнем законаў у Рэспубліцы Беларусь. Каб дакумэнты ў саветах не залягалі па няведаньні грамадзян, што грамадзянам у гэтым не дапамагчы. Паведаміць пра гэта грамадзянам-выбаршчыкам. А што назапасілася ў саветах, трэба накіраваць генэральнаму пракурору, які зьменіць сытуацыю. І яшчэ няблага было б, калі засталіся вэтэраны праваахоўных органаў, правесьці іх па месцах славы, каб за амністыяй не лікаваць усім”.

Аўтарка наступнага тэлефанаваньня ўздымае актуальнае для яе зямельнае пытаньне:

Спадарыня: “Чаму ж такая ў нас несправядлівасьць? Людзі ў нас у вёсцы хочуць узяць у арэнду зямлю, на якой хочуць працаваць, стварыць фэрмэрскую гаспадарку. Але ж не даюць! Хай расьце бур'ян, хай растуць джунглі, але ў нас не даецца зямля. Але калі дзесьці хтосьці нешта зможа выбіць, зь яго такія грошы трасуць за гэты бур'ян, што гэта немагчыма. Яны ня думаюць пра тое, колькі трэба ўкласьці сюды грошай, каб гэты бур'ян зьнішчыць, каб зямля дала ўраджай. Чаму ж нашым беларускім чыноўнікам ня ўзяць і не дапамагчы гэтаму чалавеку? Хай бы ён працаваў на гэтай зямлі, хай бы ён араў, ён ня зьесьць усё, ён аддасьць дзяржаве”.

Традыцыйна слухачы выказваюцца пра працу Радыё Свабода. Вось меркаваньні слухачкі зь Менску:

Спадарыня: “Болей трэба зьвестак пра тое, што адбываецца ў гэты час у нашай краіне. Больш падрабязна нам трэба ведаць пра тое, што ў эканоміцы, палітыцы, сустрэчы з навукоўцамі, пра будаўніцтва, болей гумарыстычных праграм, а то нешта сумна становіцца”.

Шаноўныя слухачы!

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG