Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргіская апазыцыя заяўляе, што прэм'ер-міністар гэтай краіны падаў у адстаўку разам з чальцамі свайго кабінэту. Цэнтральны выканаўчы камітэт апазыцыйнага Народнага Курултаю Кіргізстану заяўляе, што ў сувязі з надзвычайным становішчам у краіне ён бярэ ўсю ўладу на сябе. Адначасова апазыцыя паведаміла аб фармаваньні "Аб'яднанага выканаўчага камітэту" на чале з былым міністрам замежных спраў, чальцом Народнага Курултаю Розай Атунбаевай.


ВЭНЭРА ДЖУМАТАЕВА: "СТРАХ СПАРАДЖАЕ НЯНАВІСЬЦЬ"


РЭВАЛЮЦЫЯ БЕЗ ЦЮЛЬПАНАЎ (ФОТАГАЛЕРЭЯ)

КІРГІЗСКАЯ ПЭРМАНЭНТНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ – АДВАРОТНЫ БОК МАГІЛЬНАГА СПАКОЮ Ў СУСЕДНІХ КАЗАХСТАНЕ, ТУРКМЭНІСТАНЕ І УЗБЭКІСТАНЕ

Больш падрабязнасьцяў -- ў Міжнародных навінах

Тым часам інфармагенцтва Інтэрфакс паведамляе, што група марадэраў разрабавала і падпаліла дом, які належыць сям'і прэзыдэнта Курманбэка Бакіева. Сам Бакіеў знаходзіцца ў сваёй паўднёвай рэзыдэнцыі ў горадзе Ош, паведамляе кіргіскае нацыянальнае агенцтва "Кабар". Туды ж прыляцеў і міністар абароны краіны.



Паводле Міністэрства аховы здароўя колькасьць загінулых пад час забурэньняў дасягнула 47 чалавек. Параненых - больш за 400.

Народныя хваляваньні, якія ўчора пачаліся ў кіргіскім горадзе Талас, сёньня ахапілі практычна ўсю краіну. Галоўныя ўзброеныя сутычкі адбываліся сёньня ў сталіцы.

Штурмуючыя спрабавалі ўварвацца у кіргізскі «Белы дом» на БТР, але спроба была адбітая агнём снайпэраў. Відавочцы паведамляюць, што снайперы, разьмешчаныя на даху будынку, цэліліся ў галовы нападнікаў.

У будынак дзяржаўнага тэлебачаньня уварваліся дэманстранты і ўчынілі там пагром. Празь нейкі час праца тэлебачаньня аднавілася, у эфіры выступаюць прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы. Захопленыя будынкі Міністэрства абароны і Камітэту нацыянальнай бясьпекі. Нядаўна па тэлебачаньні выступіў лідар апазыйных сілаў Умурбэк Тэкебаеў, які заявіў, што ў Кіргізстане ўсталяваная "народная ўлада".

Двое затрыманых раней апазыцыянэраў Тэмір Сарыеў і Іса Амуркулаў вызваленыя і маюць намер сустрэцца з уладамі.

Міжнароднае лётнішча “Манас” закрытае да раніцы чацьвярга.

Прэм’ер-міністар краіны Даніяр Усэнаў абвінаваціў апазыцыю у тым, што яна справакавала сутычкі і супрацьстаяньне ў 5-мільённай краіне . “ Што гэта за апазыцыя? – заявіў Усэнаў. – Гэта проста бандыты”. Наагул, камэнтары ад прадстаўнікоў улады апошнім часам атрымаць не ўдаецца. Не адказваюць тэлефоны ні ў доме ўраду, ні ў адміністрацыі прэзыдэнта. Дзе знаходзіцца прэзыдэнт Бакіеў, таксама невядома.

На працягу дня паступалі супярэчлівыя зьвесткі пра лёс міністра ўнутраных справаў Малдамусы Кангаціева. Учора а другой гадзіне ночы ён накіраваўся у “мяцежны” горад Талас, каб узяць сытуацыю пад свой кантроль. Сёньня агенцтва France Press паведаміла, што міністра забілі. Карэспандэнт нашага радыё ўдакладняе, што бачыў, як натоўп зьбіваў міністра Кангаціева і іншых кіраўнікоў. МУС не пацьвярджае сьмерць міністра, але паведамляе, што ён знаходзіцца ў цяжкім стане.

Паводле інфармацыі нашага радыё, на патрабаваньне мітынгоўцаў склалі паўнамоцтвы губэрнатар Ісык-Кульскай вобласьці і мэр гораду Каракол. Яны папрасілі прабачэньня у мітынгоўцаў і запэўнілі, што будуць заўсёды на баку свайго народа.

Пра сытуацыю ў краіне гаворыць супрацоўніца кіргіскай службы Радыё Свабода Вэнэра Джуматаева.

СЛУХАЦЬ:














Бішкек, 7 красавіка. АМАП уцякае ад дэманстрантаў

Лідар апазыцыйнай партыі «Ак Шумкар» («Белы сокал») Тэмір Сарыеў, якога арыштавалі органы нацбясьпекі, зьвярнуўся па тэлефоне да прэзыдэнта Бакіева з заклікам спыніць выкарыстаньне зброі супраць свайго народу і шляхам перамоваў урэгуляваць становішча. Сарыеў таксама заклікаў лідараў суседніх краінаў , міжнародныя арганізацыі пераканаць Бакіева вырашаць праблемы шляхам дыялёгу.

Паводле інфармацыі нашага радыё, генэралы міліцыі, кіраўніцтва МУС – на ўзроўні намесьніка міністра – адкрыта пераходзяць на бок апазыцыі. У рэгіёнах яны не перашкаджаюць натоўпу захопліваць адміністрацыйныя і дзяржаўныя будынкі.

Раней лідар апазыцыйнай партыі «Ак Шумкар» Тэмір Сарыеў паведаміў, што ён правёў у Маскве перамовы з расейскім прэм'ерам Уладзімірам Пуціным. Кіргіскі прэм'ер Д.Усэнаў заявіў, што гэта інфармацыя патрабуе пацьвярджэньня.

Пасольства ЗША ў Кіргізстане заклікала ўлады і апазыцыю да перамоваў для вырашэньня супярэчнасьцяў.

Адбыўся таксама мітынг ля прадстаўніцтва ААН у Бішкеку, дзе з візытам знаходзіцца генэральны сакратар арганізацыі Пан Гі Мун. Ён заклікаў кіргізскі ўрад захоўваць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, асабліва ў галіне свабоды слова. У сувязі з масавымі пратэстамі краіна знаходзілася ў інфармацыйнай блякадзе. Не было доступу да некаторых інфармацыйных сайтаў, адключалася мабільная сувязь.

У Нарыне апазыцыя захапіла будынак абласной адміністрацыі і абрала "народнага губэрнатара". Захопленыя адміністрацыйныя будынкі ў Таласе. Каля тысячы прыхільнікаў апазыцыі перакрылі трасу Бішкек-Ош.

Апазыцыя вымагае адстаўкі прэзыдэнта Курманбэка Бакіева, вінавацячы яго ў карупцыі, палітычным перасьледзе, абмежаваньні свабоды слова і правале сацыяльнай і эканамічнай палітыкі.










Бішкек

Бішкек
Бішкек
Горад Талас, пратэстоўцы рыхтуць "кактэйлі Молатава"
Талас, спаленая міліцэйская машына



Эфір расейскіх і міжнародных тэлеканалаў цэнзуруецца. З выпускаў навінаў выразаюцца блёкі, прысьвечаныя актуальным падзеям. Улады спрабуюць увесьці забарону відэа і фотаздымак, але людзі актыўна здымаюць і выстаўляюць інфармацыю на незалежных сайтах.


Бішкек, 7 красавіка


Бішкек, 7 красавіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG