Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскія ўлады абвясьцілі пра мадэрнізацыю "хрушчовак". Сёлета больш за 30 трох- і пяціпавярховых дамоў у сталіцы будуць надбудаваныя мансардамі. Для такога капітальнага рамонту неабходна атрымаць згоду бальшыні ўласьнікаў кватэраў, але, як паказвае практыка, кансэнсус дасягаецца не заўсёды: жыльцы адмаўляюцца на час рэканструкцыі пераяжджаць у іншае жыльлё. Да таго ж, некаторым прапануецца памяняць нават месца жыхарства — першыя паверхі заплянавана вывесьці з жылога фонду, каб пазьней пераабсталяваць пад крамы і офісы.

Пра спрэчную сытуацыю, якая склалася вакол аднаго з дамоў на вуліцы Сурганава, мы даведаліся ад археоляга Эдварда Зайкоўскага:

"У прыватнасьці, дом на Сурганава, 5. Там гэтыя дамы зьбіраюцца рамантаваць, надбудоўваць яшчэ два паверхі. У выніку першы паверх стане нежылым, а жыльцоў нібыта пераселяць у дамы, якія пабудуюць па суседзтве. Я там побач праходзіў і зьдзівіўся, што, аказваецца, за апошні час начыста зьнесьлі акадэмічную аўтабазу і, мабыць, якраз на яе месцы будуць новыя дамы. Але нехта казаў, што на ўскраіну жыхароў пераселяць".

Карэспандэнт: "І людзі ня хочуць такога разьвіцьця падзеяў?".

"Ну канечне, ня хочуць. Бо хто з цэнтру, усё жыцьцё тут пражыўшы, захоча пераяжджаць на ўскраіну? Наколькі ведаю, цяпер людзі наконт гэтага зьбіраюцца нават судзіцца".

Адна з жыхарак згаданага дома Натальля Хацько катэгарычна супраць абвешчанай рэканструкцыі, бо ня верыць, што ўлады здольныя на дабрачыннасьць зь бясплатным выдзяленьнем новай жылплошчы:

зараз у нашым доме 40 кватэраў. Пасьля рэканструкцыі, ды яшчэ з дабудовай, плянуецца ўсяго 30 кватэраў
"Рэканструкцыя заплянаваная бяз нашага ведама. Калі пачалі пілаваць нашы дрэвы, толькі тады мы пра гэта даведаліся. Увогуле цяпер мы ў падвешаным стане і канкрэтна ня ведаем, што нас чакае. Толькі калі пачалі абурацца і зьвяртацца ў адміністрацыю нашага выканкаму, тады нам сказалі, што нібыта нам выдзеляць побач кватэры ў першым з дамоў, дзе ідзе забудова. Але ж вы ведаеце, як і што ў нас гавораць. Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну Котаў сёньня сказаў адно, а пакуль гэтая будоўля скончыцца, можа, таго Котава пры ўладзе ўжо і ня будзе. Прынамсі, нідзе гэта не зафіксавана, не задакумэнтавана. Цяпер мы падалі паперы ў суд. Бо глядзіце: зараз у нашым доме 40 кватэраў. Пасьля рэканструкцыі, ды яшчэ з дабудовай, плянуецца ўсяго 30 кватэраў. Дзе астатнія — незразумела. І потым, невядома, каму гэтыя кватэры ўвогуле будуць належаць".

У Першамайскім райвыканкаме не камэнтуюць сытуацыю вакол спрэчнай "хрушчоўкі", паколькі, маўляў, гэта працоўны момант і трэба ўлічваць меркаваньні ўсіх жыхароў.

Радыкальна іншае меркаваньне давялося пачуць ад іншай жыхаркі дома на Сурганава, 5. Яна дачакацца ня можа, як уедзе ў новую кватэру, абяцаную замест хрушчоўкі. Прынамсі, менавіта такую абяцанку яна знайшла ў паштовай скрыні:

"Пасьля рэканструкцыі дом будзе нежылым, то бок усіх — на адсяленьне. Але гэта дзесьці 2012—2014 гады. Дарэчы, вельмі гэтага чакаем, бо мы толькі "за". Ня ведаю, каго там што не задавальняе, але, мяркую, многія будуць за перасяленьне. Бо гэты дом увогуле стаіць ля дарогі, тут пастаянны шум, копаць; не разумею, хто ўвогуле можа быць супраць. А варыянты прапануюць вельмі добрыя, усім кінулі ў паштовыя скрыні архітэктурныя праекты, зь якіх бачна: якая будзе кватэра, дзе, які дом. Дарэчы, дом пачынаюць будаваць наўпрост у двары. Рыюць катлаван, і якраз у гэтым новым доме жыльцам будуць даваць кватэры. Прынамсі, мы на першым паверсе і нам у скрыню такое паведамленьне кінулі. Таму пачынаць нейкі лямант дакладна ня мае сэнсу".

Жыхары іншых хрушчовак згадваюць пра пераабсталяваньне сваіх старых дамоў з жахам. Спадарыня Людміла кажа, што рэканструкцыя дома на вуліцы Ціміразева, дзе яна жыве, была пададзеная як факт. Ні перасяліцца, ні ізалявацца ад бруду ніхто нават не пасьпеў:

Адбіўны малаток, бэтонамяшалка — усё гэта працуе ў дзьве зьмены. Я ўжо з нэрвамі ў шпіталь трапляла
"Тут суцэльны бруд, пыл. Кран увесь час працуе, хоць нават паводле тэхнікі бясьпекі так нельга, бо як заваліцца на дах, нам тут усім канец будзе. Адбіўны малаток, бэтонамяшалка — усё гэта працуе ў дзьве зьмены. Я ўжо з нэрвамі ў шпіталь трапляла, бо проста не магла тут знаходзіцца, ня кажучы каб жыць, спаць. Сырасьць, бруд і ўсё астатняе. Абстаноўка жахлівая, і такое адчуваньне, што нас тут увогуле за людзей нават ня лічаць. Ну як можна жыць у такім хляве? Калі б дазволілі нейкі рамонт, то мы самі паціху рабілі б. Але нічога не дазваляюць. Бо мы тут увогуле як людзі трэцяга гатунку".

Тым часам спрэчкі з забудоўшчыкамі ўзьнікаюць і зь іншых прычынаў. Жыхары трох дамоў па вуліцы Кахоўскай падалі пазоў у суд Маскоўскага раёну Менску, патрабуючы ад Менгарвыканкаму спыніць узьвядзеньне высотных будынкаў у іхных дварах. Такім чынам яны пратэстуюць супраць яшчэ адной палітыкі гарадзкіх уладаў, накіраванай на "ўшчыльненьне" забудовы. Нягледзячы на пратэсты і сабраныя 350 подпісаў жыльцоў супраць будаўніцтва 19-павярховак, будаўнікі пачалі рыць катлаван.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG