Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла вечарына да 100-годзьдзя Барыса Кіта


У менскім Палацы мастацтва сабраліся больш за 200 чалавек, каб павіншаваць са 100-годзьдзем славутага беларуса Барыса Кіта. Сярод прысутных былі вядомыя грамадзкія дзеячы, пісьменьнікі, знаёмцы навукоўца.


Адкрыў вечарыну старшыня аргкамітэту па віншаваньні Барыса Кіта пісьменьнік Васіль Якавенка, прачытаўшы са сцэны кароткую біяграфію знакамітага беларуса, а таксама самыя адметныя ягоныя дасягненьні ў галіне навукі:

«Нам, сучасьнікам Барыса Ўладзіміравіча Кіта, выпаў гонар вітаць гэтага дасьціпнага, жыцьцярадаснага, лагоднага, слаўнага чалавека, вучонага, які, нягледзячы на жыцьцёвыя нягоды, вырас ў „стоадсоткавага беларуса“. Гэтак ён некалі зазначыў сам, калі быў у гуморы.

Постаць гэтага волата чалавецтва настолькі аб’ёмная, калярытная, што ў якім ракурсе яе не разглядай, усё роўна ўсяго не ахопіш».

Першы біёграф Барыса Кіта Лідзія Савік зачытала ліст ад юбіляра, у прыватнасьці:

«Вельмі шкадую, што з прычыны свайго ня вельмі моцнага здароўя ня змог прыехаць да вас у Менск, каб разам з вамі адзначыць мой дзень народзінаў.
Вельмі шкадую, што з прычыны свайго ня вельмі моцнага здароўя ня змог прыехаць да вас у Менск, каб разам з вамі адзначыць мой дзень народзінаў.
Узгадваючы сваё жыцьцё, я шырэй бачу панараму пакутнага, а ў нечым і шчасьлівага стагодзьдзя, якое мне давялося перасягнуць.

Можа, Бог пакінуў мяне на гэтай грэшнай зямлі так надоўга якраз для таго, каб я, апроч усяго іншага, змог пакінуць сьведчаньні пра дарагіх майму сэрцу незабыўных сьветлых людзей і падзеі».

Барыса Кіта павіншавалі са 100-годзьдзем прэзыдэнт Нямеччыны Хорст Келер, мэрыя Франкфурта-на-Майне, Расейская фэдэрацыя касманаўтыкі імя К. Цыялкоўскага, касманаўт Уладзімер Кавалёнак.

Ад афіцыйных уладаў Беларусі віншаваньне Барысу Кіту накіраваў міністар культуры Павал Латушка. Яго зачытаў супрацоўнік міністэрства Віктар Маліноўскі:

«У многіх краінах вас называюць грамадзянінам сьвету. Гэта сапраўды так. Вашымі навуковымі распрацоўкамі карыстаецца увесь сьвет. Мы рады, што ваша імя разам зь іншымі выдатнымі асобамі значыцца ў пасланьні нашчадкам, „капсуле часу“, якую павінны адкрыць праз 500 гадоў.

Такога ганаровага жэсту ўдастоены толькі людзі, якія маюць адметныя заслугі перад усім чалавецтвам».

Уладзімер Арлоў, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Законьнікаў, Радзім Гарэцкі, Віктар Скорабагатаў, Іосіф Сярэдзіч — гэта далёка ня поўны сьпіс выступоўцаў зь віншаваньнямі юбіляру і расповедамі пра свае сустрэчы зь ім.

Падчас выступаў на сцэне дэманстраваліся фатаздымкі Барыса Кіта, у тым ліку са сваімі сябрамі і сям’ёй.

У канфэрэнц-залі зьмясьцілі выставу з фотаздымкамі і кнігамі пра славутага земляка, а таксама некаторыя яго навуковыя працы.

Барыс Кіт ня здолеў прыехаць у Беларусь, каб адзначыць юбілей на Радзіме сярод сваіх сяброў. Але ўсе выказвалі спадзяваньне, што ў наступным годзе дзень народзінаў славутага беларуса будуць адзначаць разам зь ім на Бацькаўшчыне.

Выстава з фотаздымкамі і кнігамі пра славутага земляка.
Лідзія Савік зачытала ліст ад юбіляра
Вяла імпрэзу кіраўніца Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“» Алена Макоўская.
Уладзімер Арлоў
Супрацоўнік міністэрства культуры Віктар Маліноўскі зачытаў віншавальны ліст ад міністра Паўла Латушкі.
Станіслаў Шушкевіч
Выступае Іосіф Сярэдзіч.
Музычны падарунак — ад Алеся Камоцкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG