Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымае Беларусь новыя крэдыты МВФ?


Урад і Нацыянальны банк Беларусі накіравалі ліст кіраўніцтву МВФ з тлумачэньнем плянаванай эканамічнай палітыкі краны. Як ацаніць праграму крэдытаваньня, якую завяршае фонд? Пра што сьведчыць ліст беларускіх уладаў на адрас МВФ? Якія пэрспэктывы новай праграмы фонду для Беларусі?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Барыс Жаліба
Яраслаў Раманчук
Валер Карбалевіч

Як ацаніць праграму крэдытаваньня МВФ?


Валер Карбалевіч: «Праграма крэдытаваньня фондам Беларусі падыходзіць да свайго заканчэньня. Атрымана апошняя транша. Усяго МВФ пракрэдытаваў Беларусь на суму каля 3,5 млрд. даляраў. Як можна ацаніць вынікі гэтай праграмы? Ці дасягнулі абодва бакі тых мэтаў, якія ставілі перад сабою?»

Барыс Жаліба: «З аднаго боку, МВФ сваімі патрабаваньнямі падштурхнуў беларускія ўлады рабіць пэўныя антыкрызісныя і рынкавыя захады. Улады згадзіліся не павышаць заробкі бюджэтнікам, забясьпечыць бездэфіцытны бюджэт, палепшыць умовы працы бізнэсу, спрасьціць працэдуру рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня, скараціць дзяржаўныя крэдытныя праграмы. Нешта з гэтага было зроблена. Таму можна даць пазытыўную ацэнку гэтаму супрацоўніцтву.
МВФ кансэрвуе эканамічную сытуацыю ў Беларусі. У выніку наша эканоміка ня можа існаваць без замежных пазыкаў.


Але ня ўсё з патрабаваньняў МВФ беларускае кіраўніцтва выканала. Не было створана агенцтва па прыватызацыі, агенцтва па нацыянальным разьвіцьці. Не была забясьпечана незалежнасьць Нацбанку. Улады ня выканалі абяцаньня не рабіць рэкапіталізацыю зь бюджэту на папаўненьне рэсурсаў дзяржаўных банкаў.

МВФ рабіў выгляд, што не заўважае непасьлядоўнасьці ў дзейнасьці беларускага ўраду з палітычных прычын. Таму можна казаць, што МВФ кансэрвуе эканамічную сытуацыю ў Беларусі. У выніку наша эканоміка ня можа існаваць без замежных пазыкаў».

Праграма МВФ правальная?


Яраслаў Раманчук: «Калі глядзець на праграму як на сродак падтрымкі рынкавых рэформаў, то я б назваў праграму МВФ для Беларусі небясьпечнай і правальнай. У выніку яе выкананьня ў Беларусі не паболела ні рынку, ні рэформаў. Імітацыя рэфармаваньня небясьпечная таму, што пераконвае беларускія ўлады і грамадзтва, нібыта можна без эканамічнай лібэралізацыі, прыватызацыі і іншых пераўтварэньняў забясьпечыць высокія тэмпы росту, і крызіс пройдзе сам сабою. У выніку Беларусь падсела на крэдытную іголку. МВФ даў 3,5 мільярда даляраў толькі за дэклярацыі і рынкавую рыторыку. Нягледзячы на абяцаньні, якія даваў беларускі ўрад МВФ, крэдытаваньне эканомікі павялічылася на 40%».

Карбалевіч: «Што ў гэтым дрэннага? Няхай банкі крэдытуюць эканоміку, гэта іх праблемы».

Раманчук: «Калі б яны былі прыватнымі банкамі, то сапраўды не было б праблем. А ў нас ільвіная доля крэдытаваньня ідзе празь дзяржаўныя банкі: „Беларусбанк“, „Аграпрамбанк“. У канцы году гэтыя банкі атрымалі вялізарную дапамогу дзяржавы.

Такім чынам, у выніку праграмы МВФ фінансавай стабільнасьці ў краіне не паболела. У 2009 годзе Беларусь атрымала каля 6 мільярдаў даляраў вонкавай дапамогі. Ня менш трэба і сёлета. Бяз гэтага краіна ўжо жыць ня можа. Нацбанк ня стаў незалежным».

Ці можна казаць пра пралікі МВФ?


Раманчук: «Прыватызацыя пачала ісьці зусім у іншым кірунку. Амаль 800 прадпрыемстваў было прададзена за 1 базавую велічыню, то бок за 12 даляраў. Пра гэта ніхто і ня ведае. Продаж гадзіньнікавага заводу, продаж за малыя грошы дарагой зямлі ў цэнтры Менску сьведчыць пра тое, што намэнклятура падпарадкоўвае працэс прыватызацыі сваім інтарэсам. А МВФ кінулі костку ў выглядзе пяці малапрывабных прадпрыемстваў, выдзеленых для прыватызацыі».

Карбалевіч: «Але праграма МВФ, мусіць, і не была арыентаваная на правядзеньне рынкавых рэформаў. Яна была арыентаваная на падтрымку бягучага рахунку ў пэрыяд крызісу. І ў гэтым сэнсе праграма МВФ для Беларусі мала адрозьнівалася ад праграмаў фонду для іншых краін».

Раманчук: «Вось наконт бягучага рахунку. У красавіку 2009 году МВФ ацэньваў дэфіцыт бягучага рахунку Беларусі ў памеры 5,4% валавога ўнутранага прадукту (ВУП). У жніўні гэтая лічба павялічылася да 7,8%. А фактычна мы атрымалі 13%. Гэта азначае, што МВФ не разумее, як працуе беларуская эканоміка.
МВФ не разумее, як працуе беларуская эканоміка.
Дрэнны аналіз і прагноз фонду па ацэнцы гандлёвага балянсу, інвэстыцыяў, ВУП.

У сваіх ацэнках супрацоўнікі МВФ ня ўлічваюць таго факту, што Беларусь не зьяўляецца краінай з рынкавай эканомікай. Тут дамінуе цэнтралізаваная сацыялістычная эканоміка. Камітэт дзяржкантролю даводзіць пра вялікія прыпіскі, а МВФ давярае афіцыйнай статыстыцы і робіць выснову, што эканоміка Беларусі добра разьвіваецца і да 2014 году будзе расьці безь ніякіх праблемаў».

Ліст беларускіх уладаў на адрас МВФ


Карбалевіч: «Урад і Нацыянальны банк Беларусі накіравалі ліст кіраўніцтву МВФ з тлумачэньнем плянаванай эканамічнай палітыкі краіны. Як можна яго ацаніць?»

Жаліба: «Урад абяцае паскорыць прыватызацыю, прадаць пакеты дзяржбанкаў, а таксама зрабіць тое, чаго ўлады не зрабілі падчас выкананьня той праграмы, якая цяпер завяршаецца (утварыць агенцтва па прыватызацыі і інш.). Урад абяцае не патрабаваць выкананьня прыватнымі прадпрыемствамі валавых паказчыкаў. Таксама ўлады абяцаюць не павышаць заробкі, калі эканамічная сытуацыя гэтага не дазваляе, утрымліваць курс рубля».

Раманчук: «Ліст напісаны 15 сакавіка. Мусіць, урадоўцы не адышлі ад сьвяткаваньня дня жанчын 8 сакавіка. Таму што там такія абяцанкі, якія даюць жанчынам. Паводле закону, зацьверджанага парлямэнтам і прэзыдэнтам, ВУП гэтым годам павінен узрасьці на 11-13%. А ў гэтым лісьце гаворка ідзе пра рост ВУП на 2,2%.

Валютныя рэзэрвы павінны вырасьці да 8,5 млрд. даляраў. Але дзе ўлады знойдуць такія грошы? Тыя 20 прадпрыемстваў, якія заплянавана прадаць, — гэта мэталалом. За іх можна атрымаць 10-20 мільёнаў даляраў.

Лукашэнка патрабаваў давесьці сярэдні заробак па краіне да канца году да 500 даляраў. А паводле абяцаньняў ураду ў гэтым лісьце, сярэдні заробак ня будзе большым за 350 даляраў.

Улады зразумелі, што трэба казаць тое, што хочуць ад іх пачуць.
Там супярэчнасьць на супярэчнасьці. Улады зразумелі, што трэба казаць тое, што хочуць ад іх пачуць. На гэтым і будуецца дыялёг з МВФ. Адна рыторыка для ўнутранага карыстаньня, другая — для крэдытораў.

Вось гэтае абяцаньне не патрабаваць выкананьня прыватнымі прадпрыемствамі валавых паказчыкаў. Мясцовыя выканкамы кіруюцца ня гэтым лістом, а законам, падпісаным прэзыдэнтам, таму, як і раней, патрабуюць выкананьня».

Якія пэрспэктывы новай праграмы фонду для Беларусі?


Карбалевіч: «Адна праўда для насельніцтва, другая — для МВФ. Але галоўнае, што і тыя, і другія вераць у гэтыя абяцаньні».

Раманчук: «МВФ ня верыць. Яны проста зацягваюць Беларусь у даўгавую пастку. Каб у 2011-2012 годзе мець рэальны інструмэнт ціску на Беларусь. Але кіраўніцтва фонду забылася, як Расея, іншыя краіны, апынуўшыся ў пастцы, сказалі: альбо рэструктурызуйце даўгі, альбо будзе тэхнічны дэфолт, і тады вы ўвогуле не атрымаеце сваіх грошай».

Карбалевіч: «Якія пэрспэктывы новай праграмы фонду для Беларусі? Якія ўмовы можа выставіць МВФ?»

Жаліба: «Кожны бок тут вядзе сваю гульню. Кіраўніцтва МВФ бачыць, што робяць беларускія ўлады, але пагаджаецца на гэта з палітычных прычын. Захад хоча выцягнуць Беларусь з сфэры ўплыву Расеі і перацягнуць у сфэру ўплыву Захаду. Таму супрацоўніцтва будзе ісьці па тых жа схемах. МВФ будзе даваць крэдыты, беларускія ўлады будуць абяцаць і нешта выконваць. Але я мяркую, што лепш мы будзем вінныя Захаду, чым Расеі. Таму што менавіта з усходу існуе пагроза нашай незалежнасьці. Акрамя таго, МВФ падштурхне Беларусь да рынкавых рэформаў».

Карбалевіч: «Магчыма, якраз адсутнасьць крэдытаў больш падштурхнула б да рэформаў. Даўно вядома, што рэформы пачынаюцца тады, калі заканчваюцца грошы. А калі даюць дурныя грошы і МВФ, і некаторыя краіны, то навошта рабіць нейкія пераўтварэньні?»

Раманчук: «Думаю, умовы МВФ будуць больш жорсткія. Калі перамовы аб новай праграме пачнуцца ў траўні, то першы транш — у памеры ня больш чым 700 мільёнаў даляраў — Беларусь атрымае дзесьці ў верасьні-лістападзе. Гэтага вельмі мала, каб выканаць прагнозныя паказчыкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG