Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У палоне паводкі ўскраіны Гомеля і “царскае сяло” ў Верхнядзьвінску


Сёньня беларускі Гідрамэтцэнтар паведаміў, што практычна ўсе рэкі краіны ачысьціліся ад лёду. Узровень вады цягам сутак падымаецца ад аднаго да 30 сантымэтраў на ўчастках Заходняй Дзьвіны, Дняпра, Бярэзіны, Сажа. Ад стыхіі цярпяць жыхары асобных паселішчаў Віцебшчыны, Берасьцейшчыны і Гомельшчыны.

За разьвіцьцём экалягічнай сытуацыі і яе наступствамі назіраюць на месцах і карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Сож пераліваецца церазь берагі

У межах Гомелю ўзровень вады ў рацэ Сож перавысіў небясьпечны ўзровень. Сёньня ўранку паводка пачала заліваць прыбярэжны мікрараён Манастырок, забудаваны пераважна прыватнымі дамамі.

За тры апошнія дні падтапіла дзясяткі дамоў і гародаў у прыгараднай Якубоўцы, на вуліцы Рэспубліканскай , у Севастопальскім тупіку, што ў Навабеліцкім раёне Гомелю.

Гаворыць спадарыня Марына з вуліцы Рэспубліканскай:

«Вада залівае ўжо два ці тры дні — па 30 сантымэтраў за суткі падвышаецца. Мы самі мераем. У падвале ўжо ўсё заліта вадою. Падымаем усё — і бульбу, і буракі — усё чыста падымаем наверх, наколькі гэта магчыма. Разумееце, усё, што ёсьць, падымаем усё вышэй і вышэй».

На Рэспубліканскай вуліцы.

У суседнім з Рэспубліканскай вуліцай Севастопальскім тупіку ўжо плаваюць на лодцы. Паводка затапіла каля дзясятка прыватных сядзібаў.

У Севастопальскім тупіку плаваюць на лодках.


Бабуля трапіла ў палон паводкі, але не жадае зь яго выбірацца

80-гадовая пэнсіянэрка спадарыня Ганна (на здымку) жыве цяпер як на востраве. Вада абкружыла хату, заліла падвал. Зьяжджаць гаспадыня нікуды не зьбіраецца, нават да дачкі, якая жыве непадалёк. Ня хоча пакідаць маёмасьць.

«Дачка завяжа вузельчык і кажа выратавальнікам: перадайце бабулі. Дык яны пад’едуць на лодцы, на вясло гэты пакет падчэпяць і перадаюць. Я спушчуся на ступеньку з ганка й вазьму. Два тыдні ў палоне».

Міліцыя й выратавальнікі сёлета перапісалі жыхароў, чыім сядзібам пагражае паводка. Аднак свае хаты ніхто пакуль не пакідае — баяцца рабаўнікоў.


ВІЦЕБШЧЫНА


Паводка затапіла масты і размыла дарогу

У рэгіёне сёлета сапраўды зафіксаваныя трывожныя выпадкі. Паводле апэратыўнай зводкі Міністэрства надзвычайных сытуацый, у Лёзьненскім раёне затапіла драўляны мост цераз рэчку Чэрніцу, а ў Бешанковіцкім — цераз рэчку Вулу. Трапіць у вёскі можна, але вакольнымі шляхамі.

Выпадкі, калі вада падабралася да прыватнай забудовы, зафіксаваныя ў Бешанковічах, Лепелі, Шаркоўшчыне і Паставах.

Найгоршая сытуацыя — у Верхнядзьвінскім раёне. Тут паводка затапіла 23 дамы — у самім райцэнтры і ў вёсцы Бароўка. Таксама вадой размыла дарогу да Луначарскага псыханэўралягічнага дома-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў, і некаторыя работнікі дабіраюцца да працы на лодках.

Дарогу да спэцыяльнай установы сёлета размыла ўпершыню. Але ўласныя лодкі вымушаныя мець усе жыхары вуліц па ўзьбярэжжах Дрысы і Дзьвіны, распавядае кандыдат у дэпутаты Верхнядзьвінскага райсавету, мясцовая актывістка Валянціна Кудлацкая:

Дрыса падтапіла „царскае сяло“, бо забудоўшчыкі залезьлі на яе берагі.
«У нас звычайна падплывае вуліца Пралетарская больш за ўсё, вуліца Скарыны таксама, на вуліцы Камсамольскай вада забірае практычна ўсе гароды і падыходзіць да самых дамоў. І яшчэ наша вуліца Дзяржынскага — калі размые дарогу, то праходу проста няма. Гэта вуліцы ўздоўж Дзьвіны і ўздоўж Дрысы, і кожнаму трэба мець лодку на выпадак паводкі, так!»

У зону падтапленьня, кажа спадарыня Кудлацкая, трапіла і вуліца Палявая — так званае «царскае сяло», дзе шмат дамоў сабе пабудавала кіраўніцтва раёну. Практычна гэта ўжо водаахоўная зона, бо адразу за гародамі ў людзей абсталяваныя сходы да Дрысы, і будавацца там было нельга.

Адказнасьць за захаваньне сваёй гаспадаркі мусіць несьці сам уладальнік, кажа спадарыня Кудлацкая:

«Даюць інфармацыю, што ўсё там яны пра нешта клапоцяцца. „Штабы“ ў іх, і засядаюць яны выключна ў кабінэтах райвыканкаму. А людзі, пра што яны там гавораць і якую дапамогу абяцаюць, нічога ня ведаюць. Самі нешта спрабуюць рабіць — і тыя лодкі, і куды што занесьці-перанесьці, каб ня змыла. І вось калі ўжо падтопіць, дык прылятаюць тады на лодках і нешта фатаграфуюць. Чаму гэта называецца „практычная дапамога“, я ня ведаю. Але гэта паўтараецца з году ў год, і гэта проста сьмешна».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Тураўскія могілкі.
Почапаўскія могілкі на краі Піны.
«Ня дай Бог, памрэ хто зараз — на могілкі не дабрацца...»

На Палесьсі ёсьць свае асаблівасьці ва ўзаемаадносінах стыхіі і чалавека. У паводку ўзьнікае праблема з пахаваньнямі. У некаторых вёсках няма высокага месца, каб годна пахаваць чалавека. Да прыкладу, у вёсцы Кудрычы на Піншчыне нябожчыка трэба перапраўляць у лодцы за тры кілямэтры на другі бок ракі Ясельды. Гэта выклікае цяжкасьці. Пра іх расказвае стараста вёскі Кудрычы Майсей Махнавец:

«Калі б цяпер, ня дай Бог, нехта памёр, то думай, як яго даставіць на могілкі. Калісьці ў ранейшую паводку ад дому забіралі лодкай, а далей па Прыпяці — да пагосту. А цяпер і з гэтым праблемы. Бо калі мэліярацыю праводзілі, то праз канаўку нават не палажылі якую пліту, каб бліжэй было дабірацца да могілак».

Ля Пінску цяпер есьць вёска Почапава, дзе могілкі на самым краі поймы ракі Піны. У вёсцы Лахва Лунінецкага раёну даваенныя габрэйскія могілкі таксама апынуліся ў паводкавай вадзе ракі Цны.

Паводка на Палесьсі сёлета мае і іншыя асаблівасьці. Расказвае Майсей Махнавец:

«На падворку сена трохі падтапіла вада, а ў хляве — па калена вады... Я ўжо тут гаспадыні жаліўся, што Дзяржстрах не зьвяртае ўвагі на страты. Як ад нас пара грошы зьбіраць, то яны тут як тут. А цяпер нічым не дапамагаюць, нічога не даюць...»

Паводка ў Кудрычах. (Глядзі фотарэпартаж «Пінскае мора»). Фота Аляксея Дуброўскага.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Паводка сыходзіць, на чарзе — падпалы травы

На Гарадзеншчыне сёлета паводка ня надта грозная. У абласным упраўленьні МНС на гэты конт зазначылі:

«Мы ўжо як быццам пра паводку забыліся, у нас цяпер падпалы травы на парадку дня. У нас у Гарадзенскай вобласьці ўвогуле вострай праблемы не было. Цяпер толькі тое, што тычыцца падтапленьня прыватных домаўладаньняў. Дый тое ня ў выніку разьліву водаў, а — растапленьня сьнегу».
XS
SM
MD
LG