Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анціпенка: “Стасункі паміж Ватыканам і афіцыйным Менскам стаяць на адной кропцы”


Менскі катэдральны касьцёл

Менскі катэдральны касьцёл

6 красавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у менскім Архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.

Аляксандар Лукашэнка пажадаў абмеркаваць «канкрэтныя пытаньні» і ў цэлым сытуацыю ў рэлігійным асяродзьдзі. Ён заявіў, што будзе падтрымліваць дыялёг каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў «выключна важнай» магчымасьць дыялёгу зь іншымі канфэсіямі, асабліва з праваслаўнай. Перад сустрэчай з кіраўніком Беларусі ён сказаў журналістам, што разьлічвае на падпісаньне сёлета канкардату паміж Сьвятым Пасадам і Беларусьсю, над якім цяпер ідзе «інтэнсіўная праца». Мітрапаліт пажадаў абмеркаваць шэраг пытаньняў, якія тычацца дзейнасьці рыма-каталіцкай царквы. Напрыклад, пра лёс будынка Бэрнардынскага кляштара ў Менску, на месцы якога нібыта плянуецца пабудаваць гатэль. Альбо аб выдзяленьні зямлі пад будаўніцтва новых касьцёлаў, аб адкрыцьці ўстановаў па выхаваньні моладзі і доглядзе за хворымі. Прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёлу ксёндз Аляксандар Амяльчэня сказаў:

«Сустрэча была нефармальная, практычная, хаця і сьвяточная. Абмяркоўваліся некаторыя актуальныя пытаньні, якія закранаюць узаемаадносіны дзяржавы і каталіцкага касьцёла ў Беларусі. І некаторыя пытаньні, якія стаяць вельмі востра на парадку дня каталіцкага касьцёлу ў Беларусі».

Ці плянуюцца сёлета новыя візыты прадстаўнікоў Сьвятога Пасаду ў Менск?

«Так, паколькі адзначаецца 300-годзьдзе менскага Архікатэдральнага касьцёла ў гэтым годзе і сьвяткаваньні прызначаныя на чэрвень, чакаем высокага рангу прадстаўніка з Ватыкану. Гэта будзе прадстаўнік папы».

Афіцыйныя крыніцы не падаюць, ці абмяркоўвалася падчас сустрэчы магчымасьць візыту папы рымскага ў Беларусь і ці вызначаная нарэшце дата падпісаньня канкардату.Таксама ня згадваецца пра ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі аб сустрэчы папы рымскага Бэнэдыкта XVI з патрыярхам маскоўскім Кірылам у Беларусі. Нагадаем, што падчас візыту ў Ватыкан амаль год таму Лукашэнка перадаў папу запрашэньне наведаць Беларусь.

Чаму Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з кіраўніцтвам касьцёлу, а гэтыя пытаньні так і не вырашаюцца? Філёзаф Алесь Анціпенка адзначае прагматычную лёгіку палітыкі кіраўніка Беларусі:

Калі зьявіцца нейкая прагматыка, то будзе падпісаны і канкардат. Прагматызм у адным — у фінансах.
«Калі Лукашэнка раптам пачынае разьвіваць стасункі з Захадам, то гэта робіцца дзеля таго, каб падвысіць стаўкі сваёй гульні ў стасунках з Расеяй. Альбо наадварот. То бок ён увесь час робіць крокі дзеля падвышэньня ставак, а ня дзеля таго, каб разьвіваць адносіны, апроч прагматычных.То бок, калі прагматыкі няма, то стасункі стаяць на адной кропцы. Калі зьявіцца нейкая прагматыка, то будзе падпісаны і канкардат. Прагматызм у адным — у фінансах».

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, сустрэча прадыктавана таксама жаданьнем улагодзіць стасункі з Эўропай, якія абвастрыліся ў зьвязку з канфліктам вакол Саюзу палякаў Беларусі. Пра вынікі намаганьняў Аляксандра Лукашэнкі, каб наладзіць сустрэчу патрыярха і папы ў Беларусі, ён сказаў:

«Паколькі Масква даволі рэзка, у пэўнай ступені зьняважліва для беларускага кіраўніка дала зразумець, што нам пасярэднікі не патрэбныя, то цяпер, каб не правакаваць падобныя выказваньні, гэтую тэму не закранаюць. Ватыкан таксама, канечне, узважвае, наколькі патрэбна фарсіраваць такое збліжэньне з Лукашэнкам. Бо адна рэч, калі ён прыпадае да сьвятога трону, папа мусіць усіх прымаць, і грэшнікаў розных, а іншая справа, калі ён сам робіць такі візыт. Тут пэўны палітычны антураж бярэцца пад увагу Рымам».

Магчымасьць заключэньня канкардату абмяркоўвалася таксама ў чэрвені 2008 году падчас візыту ў Менск дзяржаўнага сакратара папы, кардынала Тарчызіё Бэртонэ, зь якім сустракаўся Аляксандар Лукашэнка.

Нагадаем, у 2003 годзе падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Беларускай праваслаўнай царквой.
XS
SM
MD
LG