Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб да ста гадоў дажыць, трэба для сьвету жыць”


“Каб да ста гадоў дажыць, трэба для сьвету жыць”
Апытаньне «Свабоды»: «Што трэба рабіць, каб дажыць да 100 гадоў?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадарыня: «Станоўчыя эмоцыі, любіць людзей і жыцьцё. Не замыкацца на непрыемнасьцях. Неяк унутрана сябе рыхтаваць, што ўсё добра. І, канечне, дбаць пра сваё здароўе».

Спадар сталага веку: «Весьці нармальны лад жыцьця. Ня піць, не курыць. Датрымоўвацца правілаў маралі. Не жадаць людзям злога, і табе таксама ня будуць жадаць. Не нашкодзь сабе й бліжняму свайму. Во так».

Спадарыня: «Трэба весьці здаровы лад жыцьця. Трэба радавацца жыцьцю. І тады будзеш жыць доўга-доўга».

Юначка: «Трэба рабіць дабро. Да людзей добра ставіцца. Дапамагаць, быць спагадлівым й адкрытым».

Спадарыня сталага веку: «Працаваць. Займацца спортам».

Юнак: «Жыць чэсна. Нікому ня быць вінаватым. Заставацца верным сваім прынцыпам. Старацца рабіць карысныя, добрыя ўчынкі, каб не было сорамна ў канцы жыцьця».

Маладая спадарыня: «Навошта жыць да ста гадоў, калі ў прынцыпе старэе арганізм, цяжка хадзіць, гара хваробаў? Я дык трымаюся такога меркаваньня, што прасьцей памерці ў семдзесят, але прыгожай і свабоднай».

Малады спадар: «Проста весьці здаровы лад жыцьця. Адмовіцца ад усяго шкоднага».

Спадарыня: «Цярпімасьць да людзей, дабрыня, узаемапаразуменьне. Для сябе трэба жыць».

Малады спадар: «Трэба проста жыць. Гэта значыць — радавацца ўсяму. Трэба жыць для вось гэтага сьвету, у якім мы жывем. Не для некага, не для сябе. Для сьвету трэба жыць».

Спадар: «У сваёй сям’і трэба быць больш дружалюбным да сямейнікаў. То бок калі будзе гармонія ў сям’і, то тады й будзе нейкі станоўчы вынік».

Спадарыня: «Трэба радавацца жыцьцю. Радавацца кожнаму пражытаму дню. Не зважаючы на ўсе цяжкасьці».

Спадар сталага веку: «Важна жыць для іншых. Мы ж і жывем, каб іншым было крыху лепей, лягчэй. Усё, што ў нашых сілах, стараемся зрабіць».
XS
SM
MD
LG