Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грамадзянін сьвету” Барыс Кіт заўсёды застаецца грамадзянінам Беларусі


Барыс Кіт
Барыс Кіт

Сёньня 100-гадовы юбілей сустракае вядомы беларускі асьветнік, навукоўца, адмыслоўца ў галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт.

Так склаўся лёс, што пасьля Другой усясьветнай вайны ён апынуўся ў эміграцыі. Але заўсёды радасна сустракаў сваіх суайчыньнікаў — і калі жыў у ЗША, і зараз, калі жыве ў Франфуркце-на-Майне. У 1990-я гады Барыс Кіт двойчы пабываў на радзіме, у Беларусі, пазнаёміўся з многімі сваімі славутымі землякамі.

Вядомая беларуская літаратуразнаўца, кандыдат філялягічных навук Лідзія Савік пазнаёмілася з Барысам Кітом у 1992 годзе ў ЗША, калі вывучала літаратуру беларускай эміграцыі. У гасьцях у паэта Масея Сяднёва яна сустрэла Кіта. Была зачараваная ягонай абаяльнасьцю, а потым цэлы месяц правяла ў славутага навукоўца ў Франкфурце-на-Майне. Яна — аўтарка кніг пра Барыса Кіта «Вяртаньне», «Космас беларуса». Лідзія Сымонаўна гадзінамі можа распавядаць пра Барыса Ўладзімеравіча. Але больш за ўсё яе ўражвае Кіт-настаўнік, пэдагог, асьветнік:

«Ён заўсёды імкнуўся вучыць дзяцей. Нават калі ён займаўся амэрыканскімі касьмічнымі дасьледаваньнямі, ён працягваў працаваць у Вашынгтонскім Мэрылэндзкім унівэрсытэце, выкладаў матэматыку — гэта яго любімы прадмет. На радзіму ён прыехаў у 1992 годзе з ідэяй заснаваць беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт па тыпу Оксфарда ці Кембрыджа. Нават распрацаваў праграму гэтага ўнівэрсытэту, з запрашэньнем замежных вучоных. Мы ўсе тады марылі, што будзе адкрыты такі ўнівэрсытэт. Ён ужо і спонсараў пачаў шукаць для такога ўнівэрсытэту, і знайшоў бы іх... Але ўлада перамянілася. Пасьля таго як у нас зьмянілася ўсё для беларускай справы ў горшы бок, ён на Беларусь больш не прыяжджаў. Але пачаў рабіць усё магчымае для радзімы: ён заснаваў прэмію для навукоўцаў імя Барыса Кіта, дапамагаў у выданьні кніг, многія нашы студэнты езьдзілі на стажыроўку, ён быў спонсарам рабочай нямецка-беларускай групы, заснаванай пры ўнівэрсытэце Бэрліну».

Акадэмік Радзім Гарэцкі пазнаёміўся з Барысам Кітом, калі той прыяжджаў на радзіму. Потым спадар Гарэцкі быў уганараваны прэміяй імя Барыса Кіта:

«Ён мяне зьдзівіў сваёй бадзёрасьцю, добразычлівасьцю. Ён вельмі, як кажуць, „общительный“. Ён выдатны навуковец, выдатны пэдагог, выдатны грамадзянін. Яго назвалі „грамадзянінам сьвету“, але на самой справе ён заўсёды заставаўся грамадзянінам Беларусі. Вось гэта яго беларускасьць, шчырая такая, мне больш за ўсё і падабаецца. Як ён сам сказаў, крэда яго — „Усё, што я рабіў у жыцьці, я рабіў для радзімы і яе славы“. Пакуль будуць такія беларусы жыць — будзе жыць і наша родная Беларусь. Жыве Беларусь і жыве Кіт!»

Сорам мне толькі, што радзіма яго — наша Беларусь, сёньняшняя ўлада — не запрасіла ў краіну на 100-годзьдзе і не зрабіла вечар гонару.
Прафэсар Станіслаў Шушкевіч ня раз наведваў свайго калегу ў Франкфурце, лічыць яго выбітным навукоўцам, патрыётам сваёй радзімы, якога радзіма так і не даацаніла:

«Я лічу, што гэта самы вядомы беларус і прыклад такой беларускай сьціпласьці, мэтанакіраванасьці, працавітасьці. Мне давялося зь імі гаварыць больш за 3 гадзіны, і часу гэтага не хапала, таму што гэта вельмі цікавы чалавек, які шмат чаго ведае, многа чаго расказвае... І сорам мне толькі, што радзіма яго — наша Беларусь, сёньняшняя ўлада — не запрасіла ў краіну на 100-годзьдзе і не зрабіла вечар гонару гэтаму цудоўнаму чалавеку, цудоўнаму навукоўцу і цудоўнаму беларусу».

Сябраваў з Барысам Кітом і Васіль Быкаў, калі жыў у Нямеччыне, і зараз «Народная Воля» друкуе аповеды Барыса Кіта «Цярновы шлях», запісаныя Васілём Быкавым у 2001 годзе. Спадару Кіту пашчасьціла ведаць многіх славутых людзей сьвету, кажа літаратуразнаўца Лідзія Савік:

«Барыс Уладзіміравіч, згадваючы пра свой доўгі жыцьцёвы шлях, неаднойчы паўтараў: «Можа, Бог мяне пакінуў на гэтай зямлі дзеля таго, каб я пакінуў сьведчаньні пра выдатных людзей, якіх я добра ведаў, і пра падзеі свайго жыцьця. Гэта чалавек-эпоха. Цэлае стагодзьдзе чалавек пражыў і зрабіў столькі, колькі, можа, ня зробяць многія іншыя ўнівэрсытэты ці ўстановы».

“Каб да ста гадоў дажыць, трэба для сьвету жыць”

“Каб да ста гадоў дажыць, трэба для сьвету жыць”
Апытаньне «Свабоды»: «Што трэба рабіць, каб дажыць да 100 гадоў?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадарыня: «Станоўчыя эмоцыі, любіць людзей і жыцьцё. Не замыкацца на непрыемнасьцях. Неяк унутрана сябе рыхтаваць, што ўсё добра. І, канечне, дбаць пра сваё здароўе».

Спадар сталага веку: «Весьці нармальны лад жыцьця. Ня піць, не курыць. Датрымоўвацца правілаў маралі. Не жадаць людзям злога, і табе таксама ня будуць жадаць. Не нашкодзь сабе й бліжняму свайму. Во так».

Спадарыня: «Трэба весьці здаровы лад жыцьця. Трэба радавацца жыцьцю. І тады будзеш жыць доўга-доўга».

Юначка: «Трэба рабіць дабро. Да людзей добра ставіцца. Дапамагаць, быць спагадлівым й адкрытым».

Спадарыня сталага веку: «Працаваць. Займацца спортам».

Юнак: «Жыць чэсна. Нікому ня быць вінаватым. Заставацца верным сваім прынцыпам. Старацца рабіць карысныя, добрыя ўчынкі, каб не было сорамна ў канцы жыцьця».

Маладая спадарыня: «Навошта жыць да ста гадоў, калі ў прынцыпе старэе арганізм, цяжка хадзіць, гара хваробаў? Я дык трымаюся такога меркаваньня, што прасьцей памерці ў семдзесят, але прыгожай і свабоднай».

Малады спадар: «Проста весьці здаровы лад жыцьця. Адмовіцца ад усяго шкоднага».

Спадарыня: «Цярпімасьць да людзей, дабрыня, узаемапаразуменьне. Для сябе трэба жыць».

Малады спадар: «Трэба проста жыць. Гэта значыць — радавацца ўсяму. Трэба жыць для вось гэтага сьвету, у якім мы жывем. Не для некага, не для сябе. Для сьвету трэба жыць».

Спадар: «У сваёй сям’і трэба быць больш дружалюбным да сямейнікаў. То бок калі будзе гармонія ў сям’і, то тады й будзе нейкі станоўчы вынік».

Спадарыня: «Трэба радавацца жыцьцю. Радавацца кожнаму пражытаму дню. Не зважаючы на ўсе цяжкасьці».

Спадар сталага веку: «Важна жыць для іншых. Мы ж і жывем, каб іншым было крыху лепей, лягчэй. Усё, што ў нашых сілах, стараемся зрабіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG